Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Вайсковых могілках зруйнавалі магілу сьвятара, які служыў тут у царкве


Супрацоўнікі Спецкамбіната прыбіраюць надмагілныя пліты, архіўнае фота
Супрацоўнікі Спецкамбіната прыбіраюць надмагілныя пліты, архіўнае фота

Вакол сытуацыі з добраўпарадкаваньнем Вайсковых могілак у Менску разгарэўся яшчэ адзін скандал. Унук сьвятара, чыю магілу каля царквы Аляксандра Неўскага перарабілі ў рамках гэтага добраўпарадкаваньня, зьбіраецца падаваць у суд.

«Яны ведалі, што там пахаваны протаярэй»

Супрацоўнікі Спэцкамбінату прыбралі агароджу і помнік з магілы протаярэя Андрэя Туроўскага, які быў пахаваны зусім побач з будынкам царквы Аляксандра Неўскага.

У 1930-я гады Андрэй Туроўскі служыў у Горадзенскай кансысторыі (дарадчы і выканаўчы орган пры архірэі для кіраваньня эпархіяй). Восеньню 1939 году, з прыходам у Горадню Чырвонай арміі, сям’ю Туроўскіх ледзьве не расстралялі. Андрэя Туроўскага некалькі начэй вазілі ў НКВД на допыты, у выніку сям’я вясной 1940 году пераехала ў Орлю, дзе перажыла нямецкую акупацыю. У Менск протаярэй Туроўскі трапіў вясной 1945 году, яго прызначылі служыць у адной з цэркваў, якія захаваліся пасьля вайны. Браў ён удзел і ў службах у Аляксандра-Неўскай царкве. Памёр Андрэй Туроўскі 12 чэрвеня 1945 году, быў з урачыстасьцямі пахаваны побач з уваходам у Аляксандра-Неўскі храм.

Так цяпер выглядае месца, дзе была магіла протаярэя Андрэя Туроўскага
Так цяпер выглядае месца, дзе была магіла протаярэя Андрэя Туроўскага

Зьнікненьне магілы Андрэя Туроўскага (а таксама яшчэ аднаго сьвятара) у канцы чэрвеня заўважыў яго ўнук. Ён прыйшоў на могілкі і проста не знайшоў на месцы, дзе пахаваны дзед, ні агароджы, ні помніка.

«Я адразу напісаў заяву ў Савецкі РУУС, папрасіў, каб была ўзбуджаная крымінальная справа, — кажа Свабодзе Данат Яканюк, унук протаярэя Андрэя Туроўскага. — Яны сказалі мне, што гэта крымінальнай справай ня будзе, хутчэй грамадзянскай. Заяву я напісаў тыдні паўтара таму, цяпер публікую ў сваім фэйсбуку інфармацыю пра дзеда. Зьбіраюся падаваць калектыўную заяву, зьбіраю кантакты людзей, чые помнікі таксама былі зруйнаваныя. Трэба, каб людзі адгукнуліся. Размаўляў зь юрыстам, ён кажа, што гэта вандалізм. Юрыст падказаў мне пэўныя крокі, якія неабходна прадпрымаць».

Так выглядала магіла протаярэя Андрэя Туроўскага неўзабаве пасьля пахаваньня. Фота з архіву Даната Яканюка
Так выглядала магіла протаярэя Андрэя Туроўскага неўзабаве пасьля пахаваньня. Фота з архіву Даната Яканюка

Данат Яканюк расказвае, што сапраўдную прычыну, чаму зьнесьлі помнік дзеду, спрабуе высьветліць ужо некалькі месяцаў — з пачатку ліпеня. Ён перакананы, што ўсе працы на Вайсковых могілках вядуцца з дазволу прадстаўнікоў царквы.

«Першае, што я паспрабаваў зрабіць, гэта паразмаўляць з настаяцелем Коржычам, — расказвае Данат Яканюк. — У мяне шок быў. Я да Тура падышоў (намесьнік старшыні Спэцкамбінату. — РС). Спачатку без дыктафону, пасьля з дыктафонам. Мне Тур расказаў, што да яго падышлі два прадстаўнікі царквы і папрасілі сьпілаваць (агароджу магілы Андрэя Туроўскага. — РС). Гэта былі Дзьмітрый Харошка і Мікалай Коржыч. Я дамогся гэтай інфармацыі, яна ў мяне запісаная».

«Я езьдзіў у Гатава, дзе зьбіраюць мэталалом. Хацеў хаця б кавалак агароджы знайсьці»

Па словах Даната Яканюка, з гэтай інфармацыяй ён зьвярнуўся ў япархію, адкуль атрымаў просты адказ — усе працы вядуцца Спэцкамбінатам, і зьвяртацца трэба туды.

«Я ім сказаў, што гэта крадзеж нашай каванай дарагой агароджы, — працягвае Яканюк. — І двух крыжоў протаярэяў. Я маю поўную падставу для таго, каб падаваць заяву. Бачыў пляны па добраўпарадкаваньні тэрыторыі каля царквы — там павінна ўсё быць роўна і чыста. Вядома, яны ведалі, хто мой дзед, што ён быў протаярэем. Я потым езьдзіў у Гатава, на месца, дзе зьбіраюць мэталалом. Хацеў на памяць хаця б кавалак агароджы нашай знайсьці. Нічога не знайшоў, вядома. Юрыст сказаў нам, што яе маглі апрацаваць і прадаць «за не адну тысячу эўра».

Цяпер Данат Яканюк шукае кантакты іншых людзей, якія не знайшлі помнікаў і агароджы на месцы пахаваньняў сваіх родных. Ён спадзяецца, што агульны зварот у суд дасьць магчымасьць прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

Добраўпарадкаваньне ці зьнішчэньне?

З канца чэрвеня на Вайсковых могілках у Менску адбываецца тое, што афіцыйныя асобы называюць добраўпарадкаваньнем, а валянтэры — зьнішчэньнем. Актыўныя працы, якія выконваў Спэцкамбінат, вяліся да жніўня. Людзі ў аднолькавых працоўных робах зразалі старыя агароджы, здымалі надмагільлі і вывозілі ўсё на сьметнік. Замест ранейшых помнікаў усталёўвалі аднолькавыя невялікія пліты зь імем і гадамі жыцьця пахаванага.

Актывісты сьцьвярджалі, што рабілася ўсё гэта без адпаведнага праекту (Вайсковыя могілкі ў Менску — помнік гісторыі і культуры нацыянальнага значэньня), то бок — незаконна. Справа дайшла да Генпракуратуры, якая разаслала ў Спэцкамбінат і Менгарвыканкам лісты з патрабаваньнем прыпыніць працы. Пасьля гэтага сытуацыя на Вайсковых могілках суцішылася да пачатку кастрычніка, калі валянтэры пачалі абвінавачваць у зьнішчэньні могілак ня толькі Спэцкамбінат, але і кіраўніцтва праваслаўнага прыходу.

«Яны зьмянілі тактыку»

«Яны цяпер па-іншаму працуюць. Дамаўляюцца з роднымі пахаваных, зносяць магілы зь іх згоды, — расказвае Свабодзе валянтэрка Кацярына Парыжаская пра новыя мэтады працы Спэцкамбінату. — Ну як са згоды, мы ж ня ведаем да канца, з кім і пра што яны дамаўляюцца. Нам кажуць, што са згоды. А як на самой справе, гэта невядома. Зьмянілі тактыку».

З 10 кастрычніка Кацярына разам зь дзясяткам іншых валянтэраў зноў спрабуе прыцягнуць да Вайсковых могілак увагу грамадзкасьці. Гэтым разам прычына — у дзеяньнях царкоўнікаў. Актывісты сьцьвярджаюць, што на замову кіраўніка прыходу Мікалая Коржыча рабочыя зьнесьлі некалькі пахаваньняў, разьмешчаных каля будынку хрысьцільні (пабудаваны побач з царквой на пачатку 90-х). Замест старых надмагільляў і агароджы рабочыя ставяць невялічкія крыжы з паліраванага ружовага мармуру. Па словах валянтэраў, на гэтыя працы таксама патрэбны зацьверджаны ў Мінкульце праект, аднак ім яго ніхто не паказваў.

«Настаяцель сказаў, што мы пакрыўдзілі клір»

«Наколькі я разумею, ніякай дакумэнтацыі на новыя працы ў іх няма, — кажа яшчэ адзін актывіст абароны Вайсковых могілак, гісторык Павел Каралёў. — Прыход храма ў дадзеным выпадку кіруецца зацьверджаным дабраслаўленьнем Паўла (мітрапаліт Менскі і Заслаўскі. — РС). І паводле гэтага зацьверджанага дабраслаўленьня ўсё вакол храма і хрысьцільні мусіць быць прыбрана. Там няма крыжоў, усё роўна. Як я разумею, гэта такая мара — зрабіць паласу вакол будынкаў. Каб там ніякіх помнікаў высокіх не было, нічога. І, як я разумею, ніякага праекту няма. Як Спэцкамбінат працаваў, так і тут. Проста ў іх такое бачаньне, так прыгожа і з багатага матэрыялу зрабіць».

Некалькі дзён таму Павел Каралёў даслаў у Мінкульт запыт з просьбай патлумачыць законнасьць такога добраўпарадкаваньня. Па інфармацыі актывістаў, прапанаваны прадстаўнікамі прыходу праект ня быў зацьверджаны ў міністэрстве. Яго накіравалі на дапрацоўку. Аднак працы каля хрысьцільні і храму працягнуліся без дазволу.

​На тэрыторыі побач з будынкам хрысьцільні кладуць плітку і прыбіраюць надмагільлі. Замест іх ставяць невялікія крыжы з мармуру.

«Сьвятары маўчаць, ніхто ня кажа, што яны там будуць нешта рабіць, — працягвае Павел Каралёў. — Ёсьць такі Дзьмітрый Харошка. Сказаў нам, каб не чапалі крыжы. Маўляў, яны іх самі прывядуць у парадак. Аказалася, што прывесьці ў парадак — гэта цалкам прыбраць. З настаяцелем прыходу Мікалаем Коржычам камунікаваць не атрымліваецца, на жаль. Я напісаў ліст пра сытуацыю на Вайсковых могілках мітрапаліту. Мне было важна, каб ён атрымаў поўную інфармацыю. У выніку празь некалькі дзён Мікалай Коржыч вельмі нэрвова пачаў выказвацца. Сказаў, што гэта данос. Маўляў, мы пакрыўдзілі клір».

Цяпер Павел чакае адказу на свой зварот у Мінкульт. Паводле заканадаўства ведамства павінна даслаць яго цягам месяца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG