Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя ўдзячнасьці. Як беларус 43 гады даглядае магілу амэрыканкі


Ушанаваньне памяці Рут Ўолер на Вайсковых могілках у Менску, архіўнае фота 2013 году
Ушанаваньне памяці Рут Ўолер на Вайсковых могілках у Менску, архіўнае фота 2013 году

4 жніўня 1946 году ў Менску памерла амэрыканка Рут Ўолер, якая працавала ў місіі UNRRА — Адміністрацыі дапамогі і аднаўленьня Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Яна выратавала двух хлопчыкаў, якія танулі ў возеры ў Лошыцы, а сама захварэла на мэнінгіт і праз тыдзень памерла. Пахавалі яе на Вайсковых могілках у Менску.

Лекар Казімір Яцына пачаў даглядаць магілу Рут Ўолер яшчэ ў 1975-м, калі паступіў у Менскі мэдінстытут.

Выратавала беларускіх дзяцей, а сама загінула

Рут Уолер з мужам Тэдам на плякаце ў менскай школе № 130, якой прысвоена імя Ўолер. Падчас урачыстай цырымоніі. Менск, 25 красавіка 2016 году
Рут Уолер з мужам Тэдам на плякаце ў менскай школе № 130, якой прысвоена імя Ўолер. Падчас урачыстай цырымоніі. Менск, 25 красавіка 2016 году

​У мэдінстытуце студэнтам чыталі лекцыю пра мэнінгіт. І выкладчык, прафэсар Ісаак Маісеевіч Нісенбаум — распавёў кранальную гісторыю пра 25-гадовую амэрыканку, якая працавала ў Менску ў місіі UNRRА — Адміністрацыі дапамогі і аднаўленьня Аб’яднаных нацый.

Рут Ўолер выратавала двух хлопчыкаў, якія танулі ў возеры ля рэзыдэнцыі UNRRА ў Лошыцы. А сама захварэла на постгрыпозны мэнінгіт. Яе лячылі найлепшыя мэдыкі Беларусі, але выратаваць дзяўчыну не ўдалося, і праз тыдзень яна памерла.

Студэнта мэдінстытуту Казіміра Яцыну гэтая гісторыя вельмі ўразіла. Летам ён паехаў у будаўнічы атрад, зарабіў грошай. І калі вярнуўся ў Менск у канцы жніўня, адразу ж пайшоў на Вайсковыя могілкі.

Рут Ўолер — гераіня, якая аб'ядноўвае Беларусь і ЗША
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:26 0:00

«На вуліцы Казлова была гаспадарчая крама, я купіў бляшанку зялёнай і бляшанку жоўтай фарбы. Хацеў набыць залатой, каб напісаць літары, але яе не было тады ў продажы. А „серабранкай“ у вёсцы печкі і шчыткі фарбавалі. Таму давялося купіць жоўтую. Купіў пэндзаль — ніякіх распушчальнікаў, шчотак тады не было, каб саскрэбці старую фарбу. Я рукамі выдраў кустоўе, выламаў гальлё, пафарбаваў агароджу ў зялёны колер, а жоўтай фарбай напісаў літары на абэліску. І потым я рэгулярна прыходзіў на гэтую магілу Рут, прыбіраў яе», — кажа спадар Яцына.

Рут Ўолер дапамагла выратавацца тысячам беларусаў

Сьмерць Рут Ўолер мела важны палітычны сэнс — яна адыграла ключавую ролю ў зьняцьці «пэніцылінавага эмбарга» з СССР. У пасьляваенным Менску першая лінія для вытворчасьці пэніцыліну была пабудаваная праз год пасьля сьмерці Рут, у 1947 годзе, пры падтрымцы UNRRА. У першыя пасьляваенныя гады па лініі ААН Беларусі было выдзелена гуманітарнай дапамогі на суму звыш 60 мільёнаў даляраў.

Былы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд на магіле Рут Ўолер, 2014 год
Былы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд на магіле Рут Ўолер, 2014 год

Казімір Яцына дагэтуль, жывучы ўжо ў Глыбокім, калі бывае ў Менску, спачатку ідзе на Вайсковыя могілкі да Рут Ўолер, а потым на магілы славутых беларусаў — Янкі Купалы і Якуба Коласа, Паўлюка Труса і Кузьмы Чорнага, а таксама да дачкі былога рэктара мэдінстытуту Захара Магілёўчыка Галіны, якая была юнай партызанкай і загінула ў 1942-м. Вайсковыя могілкі ён вельмі добра ведае, памятае літаральна ўсе помнікі вядомых людзей.

«Гісторыю гарадоў трэба вывучаць па могілках»

Калі Казімір Яцына вучыўся ў Маскве ў Вайскова-мэдыцынскай акадэміі, пачынаў знаёміцца з гісторыяй горад з Навадзевічых і Ваганькаўскіх могілак. Гісторыю Пецярбургу вывучаў па Волкавых могілках, гісторыю Львова, дзе служыў, — па Лычакаўскіх, добра ведае могілкі Рыгі, Вільні, многіх іншых гарадоў. Сваю цікавасьць да месцаў пахаваньня тлумачыць так:

Казімір Яцына
Казімір Яцына

«Калі я быў малым, пасьля вайны каля нашай хаты ў вёсцы стаяў разьбіты танк Т-34, і недалёка былі пахаваныя чацьвёра танкістаў. Я пра гэта ведаў ад бацькоў. Прынёс жоўтага пяску, зрабіў узгорак — такую магілку, прымацаваў шыльду з надпісам, што „тут пахаваныя савецкія танкісты“. І напісаў ліст у газэту „Пионерская правда“. Мне з газэты прыслалі падарунак — кнігу. А танкістаў перапахавалі ў горадзе Глыбокім», — прыгадвае Казімір Яцына.

З войска камісавалі: няўдала скокнуў з парашутам

Казімір Яцына пачынаў вучыцца ў Менскім мэдінстытуце, але з 4-га курсу трапіў у Вайскова-мэдыцынскую акадэмію. Служыў у Прыкарпацкай вайсковай акрузе лекарам каманды наземнага пошуку, якая шукала парэшткі людзей і дэталяў самалётаў на месцы авіякатастроф. Пра аварыі тады замоўчвалі, але іх было нямала. Няшчасьце здарылася і зь ім: падчас абавязковых скачкоў з парашутам стропы заблыталіся, прызямленьне было цьвёрдым, у выніку — кампрэсійны пералом хрыбетніка. Доўга ляжаў у шпіталі, з вайсковай службы быў камісаваны. І гэты стан паміж небам і зямлёй цалкам зьмяніў сьветапогляд доктара Яцыны. Паехаў у Беларусь — спачатку ў Менск, працаваў нэйрахірургам, потым вярнуўся на радзіму, у Глыбокае, працаваў нэўролягам, нэўрапатолягам. Выйшаў на пэнсію, але сядзець дома ня можа, працуе цяпер у Докшыцкім шпіталі.

Быў на аўдыенцыі ў Папы Рымскага

Доктар Яцына паставіў некалькі помнікаў палеглым на вайне на Глыбоччыне, паставіў таксама скульптуры анёлаў каля Глыбоцкага і Докшыцкага шпіталёў, пабудаваў капліцу ў Глыбоцкім шпіталі, за якую давялося ваяваць з уладамі. Дапамог ксёндз Уладзіслаў Завальнюк.

Скульптура анёла каля Докшыцкага шпіталя
Скульптура анёла каля Докшыцкага шпіталя

Шчыры вернік Казімір Яцына пасябраваў са знакамітым ксяндзом Ёзасам Булькам, які прыехаў у Мосар зь Літвы.

У 2002 годзе, калі адзначалася 25-годзьдзе пантыфікату Папы Рымскага Яна Паўла ІІ, зь Беларусі ў Ватыкан запрасілі прадстаўнічую дэлегацыю — больш за 40 чалавек. Казіміру Яцыну пашчасьціла пабываць на аўдыенцыі ў Яна Паўла ІІ. За дабрачынную і лекарскую дзейнасьць Яцына атрымаў блаславеньне ад пантыфіка.

«Да рэканструкцыі Вайсковых могілак стаўлюся неадназначна»

Дэмантаваныя агароджы на Вайсковых могілках у Менску
Дэмантаваныя агароджы на Вайсковых могілках у Менску

​Казіміра Яцыну непакоіць тое, што цяпер робіцца на Вайсковых могілках. Ён прызнаецца, што стаўленьне да гэтага ў яго неадназначнае.

«На Глыбоччыне мы выступаем супраць дрэваў на могілках. Разам з ксяндзом Булькам мы ўсе дрэвы вынішчылі, бо каранямі яны ўздымалі магілы.

Як на Вайсковых могілках у Менску нішчаць старыя надмагільлі. ВІДЭА

Я не прыхільнік агароджаў. Першае, што мы зрабілі на Глыбоччыне, прыводзячы ў парадак могілкі — пазбавіліся ўсіх агароджаў. Спачатку агарадзілі гэтымі часткамі агароджаў самі могілкі, а потым пабудавалі футбольнае поле і агарадзілі рэшткамі стадыён. Дзякуй Богу, не было тады тэлефонаў мабільных і „Фэйсбуку“, інакш бы ў „Фэйсбуку“ і на вашым Радыё Свабода напісалі б, што ў Глыбокім зусім здурнелі — могілкавымі агароджамі агарадзілі стадыён!»

Аднак Казімір Яцына разумее, што Вайсковыя могілкі — гэта не звычайныя пахаваньні, а нацыянальны нэкропаль.

«Пры ўсіх маіх неадназначным стаўленьні да намесьніка старшыні ГПУ Апанскага, помнік ягоны мне падабаецца — чыгунная агароджа, упрыгожаная чырвонымі зоркамі, сярпамі і молатамі. Пуліхаў — эсэр-тэрарыст, які кінуў бомбу ў менскага губэрнатара Паўла Курлова. Яго павесілі ў 1906 годзе, але пасьля 1917-га ён стаў героем, і помнік на Вайсковых могілках яму стаіць», — кажа Яцына.

Супраць кветак на могілках, жывых і штучных

Штучныя кветкі на могілках на Радуніцу, ілюстрацыйнае фота
Штучныя кветкі на могілках на Радуніцу, ілюстрацыйнае фота

​На думку Яцыны, трэба не руйнаваць і зьнішчаць надмагільлі і агароджы на Вайсковых могілках, а прывесьці іх у парадак агульнымі намаганьнямі — уладаў, валянтэраў, неабыякавых людзей.

Не падабаюцца Казіміру Яцыну і кветкі на могілках — ні жывыя, ні штучныя.

«Прыедуць дзеці раз на год на Радаўніцу на могілкі, пакладуць шыкоўны дарагі букет жывых кветак, а хто праз тыдзень гэтае „сена“ будзе прыбіраць? І такіх снапоў сена пасьля Радаўніцы — тысячы.

Адзін раз цэлы прычэп ад трактара наладавалі рэшткамі штучных кветак. А што далей? Гэта ж гара плястыку не раскладзецца праз тысячу гадоў. Ішла цэлая вайна, але пераканалі.

Таму ў нас на Глыбоччыне няма ні жывых, ні штучных кветак. Нябожчыку патрэбна малітва, і больш нічога. Прыяжджайце, каб памаліцца, сьвечку запаліць. Каб ніякіх п’янак, цукерак, кветак — усё гэта паганства», — перакананы Казімір Яцына.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG