Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі вырашылі забараніць нетрадыцыйныя спосабы пахаваньня 


Усходнія могілкі ў Менску

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў першым чытаньні папраўкі ў закон «Аб пытаньнях пахаваньня і пахавальнай справе». Якія навацыі ўносяцца?


1. Уводзяцца паняцьці, якіх раней не было ў законе: традыцыйныя і нетрадыцыйныя спосабы пахаваньня.

Традыцыйныя:

  • Пахаваньне ў зямлю
  • Крэмацыя

Нетрадыцыйныя:

  • Разьвейваньне попелу
  • Пахаваньне ў вадзе

Намесьнік міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Віталь Сьмірноў сказаў, што ў Беларусі здараюцца выпадкі, калі нябожчыкаў хаваюць нетрадыцыйным спосабам. Ён расказаў, што летась у Наваградзкім раёне памерла дзіця. Бацькі атрымалі «пахавальныя грошы», але хаваць малога ня сталі, а спалілі не ў крэматорыі. Выпадак выклікаў абурэньне вяскоўцаў, цяпер за падобную працэдуру прапаноўваецца адміністрацыйнае пакараньне.

Кальварыйскія могілкі ў Менску
Кальварыйскія могілкі ў Менску

2. Героям Беларусі, Савецкага Саюзу і Сацыялістычнай Працы, поўным кавалерам ордэнаў Айчыны, Славы і Працоўнай Славы прапануецца ставяць помнікі за кошт рэспубліканскага бюджэту. Іх памеры будуць зафіксаваныя ў пастанове Савету Міністраў.

У выпадках, калі сваякі нябожчыка прапануюць іншы праект, папраўкі дазваляюць родзічам атрымаць грашовую кампэнсацыю, якая ня можа перавышаць існыя цэнавыя рамкі.

3. У выпадках самавольнага несанкцыянаванага пахаваньня спэцыялізаваныя арганізацыі цяпер змогуць паведамляць у Сьледчы камітэт для правядзеньня расьсьледаваньня.

4. Мясцовыя саветы атрымаюць права адкрываць старыя могілкі, на якіх ужо не вядзецца пахаваньне, каб можна было падхаваць памерлых сваякоў і стварыць сямейныя калюмбарыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG