Amnesty International заклікала да тэрміновай абароны двух маладых беларусаў, асуджаных за наркотыкі

Эміль Астраўко, архіўнае фота

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікала (PDF) да тэрміновых дзеяньняў у абарону правоў маладых беларусаў: Эміля Астраўко і Васіля Саўчанку, якім на момант арышту было па 17 гадоў, асудзілі на 10 гадоў паводле «наркатычнага» артыкулу.

«Іхны выпадак ёсьць сымбалем тысяч падлеткаў, зьняволеных у жахлівых умовах пасьля несправядлівых судовых разглядаў дробных правапарушэньняў, зьвязаных з наркотыкамі», — піша Amnesty International і заклікае накіроўваць звароты на адрас кіраўніка бабруйскай калёніі, дзе ўтрымліваюць Астраўко і Саўчанку.

У Беларусі, адзначаюць праваабаронцы, каля 15 тысяч маладых людзей (да 29 гадоў) атрымалі падобныя доўгія турмовыя тэрміны за малазначныя парушэньні законаў з наркотыкамі. У некаторых выпадках іх садзілі нават не за злачынствы, а за адмову ад супрацы з праваахоўнікамі. Фіксаваліся шматлікія парушэньні правоў падчас расьсьледаваньняў і судоў, а зьняволеньне адбываецца ў жахлівых умовах — такіх, пра якія сам Аляксандар Лукашэнка казаў: вязьні там будуць «маліцца аб сьмерці».

Пра Астраўко і Саўчанка пішуць:

  • Астраўко не даюць пастаяннага доступу да лекаў, хоць ён хворы на хранічную бранхіяльную астму, не праводзяць рэгулярных мэдыцынскіх аглядаў.
  • Астраўко і Саўчанка ня маюць доступу да адукацыі, іх змушаюць цяжка працаваць без адэкватнага адпачынку і сродкаў бясьпекі.
  • Ад кепскай ежы абодва значна схуднелі, а пасылкі ад родзічаў «разыходзяцца» сярод іншых вязьняў калёніі.
  • Адзеньне і абутак, якія ім выдаюць, няправільных памераў. У памяшканьнях, дзе іх утрымліваюць, сырасьць.
  • Да вязьняў, асуджаных паводле артыкулу 328, у калёніі асабліва жорсткае стаўленьне, дыскрымінацыя.