Румас заявіў пра неэфэктыўнасьць прафіляктыкі наркаманіі ў Беларусі

Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас
Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас

У Беларусі неабходна перагледзець формы і мэтады прафіляктыкі наркаманіі, заявіў прэм’ер-міністар Сяргей Румас на пасяджэньні прэзыдыюма Савету Міністраў, на якім абмяркоўвалася работа дзеля супрацьдзеяньня незаконнаму абарачэньню наркотыкаў, прафіляктыка іх спажываньня і сацыяльная рэабілітацыя нарказалежных.

«Зыходзячы зь сёньняшніх рэалій, неабходна перагледзець цяперашнія формы і мэтады прафіляктыкі наркаманіі як з пункту гледжаньня эканамічнай і сацыяльнай эфэктыўнасьці, так і з пункту гледжаньня іх успрыманьня грамадзтвам», — цытуе Румаса прэс-служба ўраду.

На думку прэм’ера, «у барацьбе з наркатычнай пагрозай патрэбна як актыўная пазыцыя дзяржавы, так і неабыякавае стаўленьне з боку грамадзтва».

Як адзначана на пасяджэньні, чарговы плян у супрацьдзеяньні незаконнаму абарачэньню наркотыкаў на 2019–2020 гады прадугледжвае зьмяненьне, перш за ўсё, падыходаў да прафіляктыкі. Акцэнт будзе зроблены на тым, каб праца дзяржавы заключалася ня толькі ў мэдыцынскай дапамозе нарказалежным, але і ў іх сацыялізацыі. Мерапрыемствы пляну рэалізуюць МУС, Міністэрства аховы здароўя, Мінадукацыі, Мінпрацы, іншыя зацікаўленыя ведамствы і арганізацыі.

Упраўленьне вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека раней рэкамэндавала беларускім уладам дэкрыміналізаваць спажываньне наркотыкаў разам зь іншымі захадамі — лячэньнем, падтрымкай залежных і г. д. Крыміналізацыя спажываньня і захоўваньня наркотыкаў ёсьць перашкодай для лячэньня нарказалежных, заявіла дарадца ўпраўленьня Матыльда Богнэр 27 лютага ў Менску на круглым стале, прысьвечаным пэрспэктывам зьмяненьня артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі, паведамляе БелаПАН.

Паводле яе, у шэрагу краін прызнана, што доўгі тэрмін пакараньня не зьяўляецца самым эфэктыўным адказам на праблемы, зьвязаныя з абарачэньнем наркотыкаў. Богнэр выказала сумневы адносна таго, што вялікая колькасьць прысудаў па «наркатычным артыкуле» ў Беларусі спрыяе паляпшэньню сытуацыі ў сфэры наркаспажываньня.

​
XS
SM
MD
LG