Лідэр вэнэсуэльскай апазыцыі Хуан Гуайдо, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам, вярнуўся на радзіму пасьля «забароненага туру» па Лацінскай Амэрыцы, паведамляе Reuters.
Тысячы прыхільнікаў сустракалі яго ў аэрапорце і выйшлі на ягоны заклік на вуліцы вэнэсуэльскіх гарадоў. Гуайдо ўжо выступіў перад натоўпам у Каракасе.
У Вэнэсуэле супраць яго вядуць расьсьледаваньне ў сувязі з парушэньнем забароны пакідаць краіну. Забарону абвясьціў Вярхоўны суд, які падтрымлівае дзейнага кіраўніка дзяржавы Нікаляса Мадура (сам Мадура ўсклаў рашэньне пра арышт Гуайдо на гэты суд).
Нягледзячы на забарону, Гуайдо паехаў у Калюмбію, адкуль спрабаваў накіраваць на радзіму канвоі гуманітарнай дапамогі, а затым паехаў па іншых краінах Лацінскай Амэрыкі, у тым ліку сустрэўся зь віцэ-прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Амэрыкі Майкам Пэнсам.
У пятніцу ЗША ўзмацнілі ціск на Вэнэсуэлу, увёўшы санкцыі супраць шасьці высокапастаўленых чыноўнікаў у структурах бясьпекі гэтай краіны і адклікаўшы візы ў дзясяткаў іншых важных афіцыйных асобаў. Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША заявіла, што санкцыі ёсьць адказам вэнэсуэльскім вайсковым чыноўнікам, якія на заблякавалі намаганьні апазыцыі даставіць у краіну гуманітарную дапамогу.
Цяпер памочнік прэзыдэнта ЗША Джон Болтан паабяцаў: на любыя пагрозы або дзеяньні адносна бясьпечнага вяртаньня Гуайдо дамоў будзе «моцны і значны адказ ад ЗША і міжнароднай супольнасьці».