Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо ў інтэрвію тэлеканалу CNN заявіў, што ЗША прыменяць далейшыя захады для ціску на афіцыйнага прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура, пасьля таго як некалькі чалавек загінулі ў сутыкненьнях з вайскоўцамі, што блякуюць пастаўкі гуманітарнай дапамогі ў краіну, паведамляе «Голас Амэрыкі».
ЗША і шэраг іншых краін не прызналі аднаўленьня Нікаляса Мадура на пасадзе прэзыдэнта падчас апошніх выбараў і падтрымалі лідэра апазыцыі Хуана Гуайдо, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам краіны.
«Павінна быць больш санкцый. Я думаю, што мы можам даць больш гуманітарнай дапамогі», — заявіў Майк Пампэо ў інтэрвію Джэйку Тэпэру ў праграме «Стан дзяржавы» ў нядзелю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Гуайдо: магчымыя «любыя меры», каб адхіліць Мадура ад уладыНапярэдадні дзяржаўны сакратар апублікаваў заяву, у якой асудзіў напады на мірных жыхароў Вэнэсуэлы, якія прывялі да сьмерці і траўмаў. «Мы выказваем глыбокія спачуваньні сем’ям загінулых у выніку гэтых злачынных дзеяньняў і далучаемся да патрабаваньняў да правасудзьдзя», — гаворыцца ў заяве.
Крывавымі сутыкненьнямі завяршыліся спробы вэнэсуэльскіх актывістаў даставіць гуманітарны груз з суседніх Калюмбіі і Бразыліі. Пацьверджаная сьмерць сама меней двух чалавек, больш за 300 атрымалі раненьні. Урадавыя войскі прэзыдэнта Мадура заблякавалі масты і дарогі, стралялі з траўматычнай зброі і распылялі сьлезацечны газ, каб спыніць спробы перасячэньня межаў.