Трамп заклікаў вэнэсуэльскіх вайскоўцаў перайсьці на бок апазыцыі

Ілюстрацыйнае фота. Гуманітарны груз на калюмбійска-вэнэсуэльскай мяжы

18 лютага прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў вэнэсуэльскіх вайскоўцаў перайсьці на бок кіраўніка апазыцыі Хуана Гуайдо, прызнанага ЗША ў якасьці часовага кіраўніка Вэнэсуэлы, і прыгразіў непрыемнымі для іх наступствамі ў выпадку адмовы.

«Вы ня зможаце знайсьці бясьпечнай гавані, у вас ня будзе шляху да адступленьня, — папярэдзіў Дональд Трамп. — Мы хацелі б мірнага пераходу ўлады, але ўсе варыянты дзеяньняў застаюцца адкрытымі».

Прэзыдэнт ЗША таксама патрабуе ад вэнэсуэльскай арміі дапусьціць у краіну тоны амэрыканскай гуманітарнай дапамогі, якая знаходзіцца на памежных пунктах паміж Вэнэсуэлай і Калюмбіяй.

Трамп выступіў у Міжнародным унівэрсытэце Флорыды перад аўдыторыяй, у якой дамінавалі імігранты з Вэнэсуэлы, Кубы ды іншых лацінаамэрыканскіх краінаў. Па некаторых падліках, у Флорыдзе жыве больш за сто тысяч выхадцаў з Вэнэсуэлы. «Новы дзень надыходзіць для Вэнэсуэлы, — абвясьціў Трамп. — Сацыялізм абяцае дабрабыт, але дае беднасьць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Гуайдо будзе дамагацца, каб гуманітарная дапамога ЗША трапіла ў Вэнэсуэлу

Дональд Трамп выступіў з папярэджаньнем у адрас вэнэсуэльскай арміі за пяць дзён да апэрацыі дастаўкі гуманітарных грузаў, якую плянуе Хуан Гуайдо.

Урад Нікаляса Мадура адмаўляецца пусьціць гуманітарную дапамогу ў краіну, кажучы, што апазыцыя і ворагі Вэнэсуэлы спрабуюць зьняважыць вэнэсуэльскі народ. Мадура абвінаваціў Трампа ў тым, што той дзейнічае так, нібы валодае Вэнэсуэлай.

Прыхільнікі вэнэсуэльскай апазыцыі асьцерагаюцца, што спроба ўвозу гуманітарных грузаў у краіну можа справакаваць узброены канфлікт, але спадзяюцца, што ўлады ў Каракасе не рызыкнуць публічна заблякаваць дастаўку дапамогі для насельніцтва краіны, якое апынулася ў адчайнай сытуацыі.