«Гэта падрыў аўтарытэту агенцтва». У судзе над Золатавай выступіла гендырэктар БелТА

Дырэктарка БелТА Ірына Акуловіч у судзе над галоўнай рэдактаркай Tut.by Марынай Золатавай

Генэральная дырэктарка БелТА расказала, як даведалася пра несанкцыянаваны доступ і чаму зьвярнулася ў міліцыю.

12 лютага ў судзе па справе Марыны Золатавай працягваецца допыт сьведкаў, выступаюць супрацоўнікі інфармацыйнага агенцтва БелТА. Трэцяй па ліку апыталі генэральную дырэктарку агенцтва Ірыну Акуловіч. Яна расказала, як у БелТА даведаліся пра несанкцыянаваны доступ і чаму зьвярнуліся ў праваахоўныя органы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БелТА рассылала паролі да платнага доступу факсам

«Мы даведаліся, што ў „Рэспублікі“ адбываюцца збоі з доступам да нашай стужкі (платны сэрвіс інфармагенцтва, дзе ў першую чаргу зьяўляюцца інфармацыйныя паведамленьні. — РС), — расказала Ірына Акуловіч. — Мы ўбачылі, што доступ ажыцьцяўляецца з адраса, прывязанага да тэлефона апэратара МТС. Зьвязаліся з калегамі з „Рэспублікі“, там паведамілі, што ў іх няма такіх нумароў. Далей праводзіць расьсьледаваньне самі мы не маглі, таму зьвярнуліся ў праваахоўныя органы».

Таксама Ірына Акуловіч сказала ў судзе, што, на яе думку, шкода, нанесеная несанкцыянаваным доступам да платнай падпіскі, — гэта перш за ўсё недаатрыманыя плацяжы. Акрамя гэтага, карыстаньне чужымі паролямі, паводле спадарыні Акуловіч, «падрывае аўтарытэт і дзелавую рэпутацыю найбуйнейшага інфармацыйнага агенцтва Рэспублікі Беларусь».

Ірына Акуловіч на судзе паведаміла, што атрыманая супрацоўнікамі парталу TUT.BY інфармацыя БелТА выкарыстоўвалася ў карысьлівых мэтах. Яна таксама прызнала, што нанесеная агенцтву шкода кампэнсаваная ў поўным аб’ёме. І падтрымала сваё патрабаваньне прыцягнуць абвінавачаную да адказнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лічу, што ў маіх дзеяньнях няма складу злачынства». Марына Золатава не прызнала віны

Гендырэктарка БелТА прызнала, што да нядаўняга часу дамова аб карыстаньні платнай падпіскай агенцтва не прадугледжвала абмежаваньняў на перадачу логінаў і пароляў трэцім асобам. Зьмены ў дамову былі ўнесеныя ў другой палове 2018 году. На дадзены момант, па словах Ірыны Акуловіч, падпісчык, каб мець доступ да платнай інфармацыйнай стужкі, атрымлівае абмежаваную колькасьць пэрсанальных пароляў.

Поўная заля ў судзе над галоўнай рэдактаркай Tut.by Золатавай. ФОТА

«Былі выпадкі, калі партал TUT.BY разьмяшчаў інфармацыю БелТА тады, калі яе яшчэ не было на сайце БелТА, — сказала Ірына Акуловіч (у матэрыялах справы зафіксаваныя два такія выпадкі. — РС). Лічу, што гэткім чынам агенцтву была нанесеная шкода».

Абвінавачаная Марына Золатава запытала ў Ірыны Акуловіч, ці не парушае дзейнасьць БелТА па арганізацыі платнай падпіскі 34 артыкул Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (гэты артыкул гарантуе своечасовы доступ да інфармацыі пра дзейнасьць дзяржаўных органаў. — РС). Судзьдзя зьняў пытаньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што дзяржаўныя СМІ расказалі пра суд над галоўным рэдактарам Tut.by

«TUT.BY, канечне, не хацелася падпісвацца на наша агенцтва, — сказала Ірына Акуловіч. — Але яго супрацоўнікі хацелі атрымліваць інфармацыю першымі. Яны не хацелі, каб такая інфармацыя першай зьяўлялася на іншых сайтах, у тым ліку сайтах дзяржаўных тэлеканалаў».

Скончыўшы даваць паказаньні, Ірына Акуловіч папрасіла суд вызваліць яе ад далейшага ўдзелу ў паседжаньні і сышла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пачаўся суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». ВІДЭА

Суд над Марынай Золатавай у «cправе БелТА». Што важна ведаць

Поўная заля ў судзе над галоўнай рэдактаркай Tut.by Золатавай. ФОТА

  • Крымінальны працэс супраць галоўнай рэдактаркі парталу Tut.by Марыны Золатавай пачаўся 12 лютага. Золатаву абвінавачвалі ў бязьдзеяньні службовай асобы. Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ў гэтым артыкуле пакараньне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да 5 гадоў.
  • Пракурор Юлія Харчэйкіна патрабавала аштрафаваць галоўную рэдактарку Tut.by на 25 500 рублёў.
  • 4 сакавіка судзьдзя Аляксандар Петраш вынес Золатавай прысуд у выглядзе штрафу ў памеры 7 650 рублёў. Таксама яна мусіць сплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) ў памеры 6 000 рублёў. Выракам не прадугледжана пазбаўленьне права займаць кіроўныя пасады.
  • Марына Золатава заставалася адзінай абвінавачанай у «справе БелТА».
  • «Справа БЕЛТА»: што адбылося. Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў.
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаныя кампэнсаваць прычыненую дзяржаве шкоду. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку TUT.BY абвінавачваюць паводле часткі 2 артыкулу 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі («Бязьдзейнасьць службовай асобы»). Санкцыя артыкулу — ад штрафу да 5 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Справу Золатавай вядзе судзьдзя Аляксандар Петраш, які, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», неаднаразова выносіў палітычна матываваныя прысуды вядомым палітыкам, грамадзкім дзеячам і актывістам.
  • Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася паводле часткі 2 артыкулу 349 («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі») КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. Але такое абвінавачаньне з Золатавай зьнялі.
  • Сьледчы камітэт Беларусі двойчы адмовіў на хадайніцтвы Золатавай аб спыненьні крымінальнага перасьледу.