Вэнэсуэла: дарадца Трампа параіў Мадура скарыстацца амністыяй

Нікаляс Мадура

Дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан параіў прэзыдэнту Вэнэсуэлы Нікалясу Мадура скарыстацца магчымасьцю амністыі і зьехаць з краіны. Болтан у Twitter пажадаў Мадура пасьля адстаўкі «ціхага жыцьця на добрым пляжы, далей ад Вэнэсуэлы».

Раней старшыня парлямэнту Вэнэсуэлы Хуан Гуайдо заявіў, што можа абвясьціць амністыю Нікалясу Мадура і ягоным паплечнікам, калі ў краіне наступіць дэмакратыя.

На фоне акцый супраць рэжыму Мадура Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам краіны і заклікаў да правядзеньня датэрміновых выбараў. Апазыцыянэра падтрымалі ЗША і многія краіны Лацінскай Амэрыкі. 31 студзеня «адзіным і законным часовым прэзыдэнтам» Вэнэсуэлы Гуайдо прызнаў Эўрапарлямэнт.

ЗША, іншыя краіны Захаду, а таксама краіны-суседкі па Паўднёвай Амэрыцы не прызнавалі легітымнасьці Мадура яшчэ з часу прэзыдэнцкіх выбараў у траўні 2018 году.