Чыноўніка абвінавачваюць паводле часткі 3 артыкулу 430, які прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.
Першыя затрыманьні ў «справе мэдыкаў» адбыліся на пачатку чэрвеня 2018 году. Усяго пад сьледзтва трапілі каля ста чалавек. Адным з асноўных фігурантаў стаў былы намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі, якога затрымалі на працоўным месцы.
Суды ў «справе мэдыкаў» пачаліся адразу пасьля навагодніх сьвятаў — 11 студзеня. Адным зь першых пачаўся працэс Ігара Ласіцкага і Ўладзімера Краўчонка — былога галоўнага ўрача 12-й стаматалягічнай паліклінікі Менску. Абодвух абвінавачваюць у неаднаразовым атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Бралі ад 300 рублёў да 15 тысяч эўра. У Менску за хабар судзяць былога намесьніка міністраЗаявы адваката і пракурора
30 студзеня на працэсе Ласіцкага і Краўчонка прайшлі спрэчкі бакоў. Перад імі адвакат Уладзіміра Краўчонка папрасіла суд далучыць да матэрыялаў справы хадайніцтва калектыву 12-й клінічнай стаматалягічнай паліклінікі, дзе Краўчонак быў галоўным лекарам. У хадайніцтве гаварылася пра дасягненьні Краўчонка, таксама яго былыя калегі прасілі суд аб паблажлівасьці да свайго былога кіраўніка.
Дзяржаўны абвінаваўца Юры Шарсьнёў у сваёй прамове назваў карупцыю «той іржой, якая разьядае дзяржаўную сыстэму» і папрасіў суд пакараць былога намесьніка міністра Ігара Ласіцкага 6 гадамі пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, а Уладзімера Краўчонка — 5 гадамі пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і канфіскацыяй маёмасьці.
«Вінаватасьць абодвух цалкам пацьвярджаецца паказаньнямі абвінавачаных, — паведаміў на працэсе пракурор. — Таксама яны абодва прызналі сваю віну і добраахвотна кампэнсавалі нанесеную дзяржаве шкоду ў поўным аб’ёме. Паказаньні абвінавачаных пацьвярджаюцца паказаньнямі сьведак, дадзенымі ў судзе і падчас папярэдняга сьледзтва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Супраць бацькі сьведчыць ня буду». Што гавораць сьведкі на судзе па справе намесьніка міністра і якім можа быць прысудПаводле пракурора Шарсьнёва, у судовых паседжаньнях дакладна ня высьветлена, што падчас закупак тэхналягічнага абсталяваньня Краўчонкам была нанесеная шкода 12-й стаматалягічнай паліклініцы. Адначасова дзяржаўны абвінаваўца паведаміў, што атрыманыя ад прыватных асобаў Краўчонкам грашовыя сродкі былі перададзеныя яму выключна за пасаду.
Таксама пракурор папрасіў суд улічыць яўкі з павіннай Краўчонка і Ласіцкага, супрацоўніцтва са сьледзтвам, кампэнсацыю нанесенай шкоды і шчырае раскаяньне абодвух абвінавачаных.
У чым абвінавачваюць Ласіцкага
Згодна з матэрыяламі справы, злачынная дзейнасьць былога намесьніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага пачалася ў жніўні 2015 году, калі ён атрымаў ад кіраўніка адной з прыватных фірмаў хабар у памеры 1500 даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Граматны доктар, сучасны кіраўнік». Як і за што судзяць асноўных фігурантаў «справы мэдыкаў»У 2016 годзе Ігар Ласіцкі, паводле дзяржаўнага абвінаваўцы Шарсьнёва, атрымліваў хабар на сваім працоўным месцы ў Міністэрстве аховы здароўя. У лютым 2016 году Ласіцкі атрымаў 10 тысяч даляраў, у тым жа годзе быў яшчэ адзін эпізод з атрыманьнем 10 тысяч эўра.
Ва ўсіх выпадках прычынай атрыманьня хабару ад прадстаўнікоў прыватных кампаній, па словах пракурора, стала «спрыяньне ў вырашэньні пытаньняў, якія знаходзіліся ў ягонай кампэтэнцыі». Паводле матэрыялаў справы, у міністэрстве Ігар Ласіцкі быў куратарам закупак мэдыцынскай тэхнікі, а таксама ўваходзіў у склад камісій, якія вырашалі пытаньні аб рэгістрацыі замежнай тэхнікі ў Беларусі.
Ва Ўладзімера Краўчонка, паводле агучаных у судовым працэсе паказаньняў і матэрыялаў справы, каля дзясятка эпізодаў атрыманьня хабару памерам ад 15 тысяч эўра да 300 рублёў. Акрамя гэтага, Краўчонак прызнаўся ў спробе даць хабар памерам 2000 даляраў Ігару Ласіцкаму за спрыяньне прыватнай кампаніі дачкі Краўчонка.