Былога кіраўніка абласнога шпіталя Горадні асудзілі на 4 гады ўзмоцненага рэжыму

Горадзенскі абласны клінічны шпіталь

Былы галоўны ўрач Горадзенскага клінічнага абласнога шпіталя Сьвятаслаў Савіцкі атрымаў 4 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасьці за незаконнае налічэньне прэмій супрацоўнікам. Прысуд абвясьцілі ў судзе Ленінскага раёну Горадні 23 студзеня. Ён яшчэ не ўступіў у сілу і можа быць абскарджаны.

Паводле абвінавачваньня, Сьвятаслаў Савіцкі налічыў каля 423 мільёнаў недэнамінаваных рублёў незаконных прэмій.

Былога кіраўніка шпіталя абвінавачвалі таксама ў тым, што ён схаваў сьляды выбуху ў шпіталі, ад якога памерлі два сьлесары-сантэхнікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Памром у турме». Сем фактаў пра справу былога кіраўніка абласнога шпіталя Горадні

Тады ён адразу не паведаміў пра здарэньне свайму начальству і ў адказныя органы, загадаў вынесьці з памяшканьня, дзе ішоў рамонт, балён з газам ды іншае абсталяваньне, якое стала прычынай выбуху. Адказваць за гэта Савіцкі ня будзе, бо мінуў пяцігадовы тэрмін даўнасьці.

Суд Ленінскага раёну Горадні

​Справу расьсьледавалі каля пяці гадоў. Газ на тэрыторыі шпіталя выбухнуў у ліпені 2013 году. Справу завялі ў студзені 2014 году, да суду яна дайшла ў верасьні 2018-га.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні судзяць экс-кіраўніка абласнога шпіталя за злоўжываньні 5-гадовай даўнасьці

Сьвятаславу Савіцкаму 56 гадоў. На пасадзе галоўнага ўрача Горадзенскага абласнога шпіталя працаваў з 2002 году. Зь лютага 2014 году выкладаў у Горадзенскім мэдыцынскім унівэрсытэце на катэдры ўнутраных хваробаў. Паходзіць з Ваўкавыскага раёну. Жанаты, мае дарослых дзяцей.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карупцыйны Менск як прыкмета загніваньня сыстэмы