Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усьміхаецца на судзе. Жыхар Гомля ўцёк з «хіміі» і параніў трох міліцыянтаў


Мікіта Бас у судзе

У Гомлі судзяць 24-гадовага Мікіту Баса. У траўні 2018 году ён пры затрыманьні параніў нажом траіх міліцыянэраў. Здарэньне адбылося ў гомельскім тралейбусе. Мікіта зьбег, пераплыў Сож. На досьвітку яго заўважылі ў рацэ супрацоўнікі АМАП і падстрэлілі.

Слуханьні крымінальнай справы пачаліся ў Гомельскім абласным судзе 22 студзеня. Жыхара Гомля абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — замах на забойства і ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня.

Стаяў на ўліку як асоба, схільная да экстрэмізму

У 2017 годзе жыхар Гомля Мікіта Бас быў пакараны абмежаваньнем волі на тры гады за хуліганства і незаконныя дзеяньні з наркотыкамі. Пакараньне адбываў у папраўчай установе адкрытага тыпу («хіміі») — спачатку ў Мазыры, потым у Шклове.

На судзе 23 студзеня давалі сьведчаньні супрацоўнікі шклоўскай «хіміі». Яны адмоўна характарызавалі гамельчука. Казалі, што Мікіта быў скрытны, хітры, замкнёны, трымаўся асобна ад іншых асуджаных, меў дысцыплінарныя спагнаньні.

Таксама стаяў на ўліку як асоба, «схільная да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасьці» — праз прыхільнасьць ісламу. Супрацоўнікі «хіміі» адзначылі, што малады чалавек меў выдатную фізычную форму — займаўся боксам і на трэнажорах.

Зьбег з трэцяга паверху шпіталю з дапамогай прасьціны і коўдры

У шклоўскай папраўчай установе адкрытага тыпу гамяльчук парушаў рэжым, за што быў пакараны арыштам на 10 сутак. Але перад гэтым яго зьмясьцілі ў шпіталь — каб спраўдзіць, ці дазваляе яго стан здароўя знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Супрацоўнікі папраўчай установы казалі на судзе, што Мікіта сымуляваў розныя захворваньні, скардзіўся, што ня можа стаяць, сядзець. У выніку лекары прынялі рашэньне шпіталізаваць асуджанага для абсьледаваньня.

Для «хімікаў» канвой у шпіталі не прадугледжаны. Таму адміністрацыя «хіміі» сачыла за асуджаным праз тэлефанаваньні на пост і асабістыя наведваньні. У тры гадзіны ночы 3 красавіка Мікіта разабраў жалюзі, змайстраваў прыстасаваньне для спуску з трэцяга паверху шпіталя з прасьціны і коўдры і зьбег. Яго абвясьцілі ў вышук.

Злавілі ў рацэ Сож, стрэліўшы па нагах

У супрацоўнікаў шклоўскай «хіміі» зьявілася інфармацыя, што Мікіта знаходзіцца ў Гомлі, дзе жыў да арышту. Адміністрацыя папраўчай установы папрасіла дапамогі ў затрыманьні асуджанага ў гомельскіх апэратыўнікаў. Тыя заўважылі маладога чалавека, падобнага па прыкметах, які сядаў у тралейбус. Міліцыянты вырашылі прасачыць за ім. На прыпынку «Ўнівэрмаг «Гомель», у цэнтры гораду, яны вырашылі затрымаць уцекача. Апэратыўнікі былі ў цывільным, мелі зброю.

На судзе міліцыянты сьцьвярджалі, што перад затрыманьнем паказалі Мікіту Басу пасьведчаньне. Той пачаў размахваць нажом, параніўшы трох міліцыянтаў. Яны атрымалі раненьні грудной клеткі, ног, рук і твараў. Міліцыянты сьведчылі, што нягледзячы на раненьні, амаль затрымалі Мікіту, але ім перашкодзіў пасажыр, які кінуўся абараняць зьбеглага са словамі «Куды вы ўтрох на аднаго?».

Зламысьнік уцёк зь месца здарэньня. Міліцыянты тлумачылі, што не маглі страляць наўздагон, таму што на прыпынку было шмат людзей. Тым часам зьбеглы «хімік» пераадолеў некалькі кілямэтраў да цэнтральнага парку, скочыў у раку Сож і пераплыў яе. На досьвітку яго заўважылі ў рацэ супрацоўнікі АМАП, некалькі разоў стрэлілі па нагах і затрымалі.

Сьмяяўся з таго, што зьяўляецца «радыкальным ісламістам»

Перад судовым пасяджэньнем 23 студзеня Мікіта Бас абураўся, што атрымаў тры кулявыя раненьні, але яму лекары запісалі іх як «лёгкія цялесныя пашкоджаньні». Абвінавачаны на судзе паводзіў сябе бадзёра, хадзіў туды-сюды па клетцы, усьміхаўся.

Адвакат паказваў яму на тэлефоне артыкулы і фатаздымкі, разьмешчаныя пасьля першага паседжаньня 22 студзеня ў розных СМІ. Абвінавачаны задаволена ўсьміхаўся і нават сьмяяўся з таго, што напісалі журналісты. Асабліва яго расьсьмяшылі згадкі ў артыкулах, што ён зьяўляецца «радыкальным ісламістам».

На гэтым тыдні ў судзе працягнецца допыт сьведак. На наступным заплянаваны допыт абвінавачанага. Невядома, ці будзе ён нешта распавядаць. На сьледзтве ён адмовіўся даваць паказаньні.

На першым паседжаньні Мікіта Бас заявіў, што не прызнае сваю віну ў замаху на забойства.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG