Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Памром у турме». Сем фактаў пра справу былога кіраўніка абласнога шпіталя Горадні


Горадзенскі абласны клінічны шпіталь
Горадзенскі абласны клінічны шпіталь

У судзе працягваецца разгляд справы былога галоўнага лекара Горадзенскага клінічнага абласнога шпіталя Сьвятаслава Савіцкага. Яго абвінавачваюць у тым, што схаваў сьляды выбуху, ад якога памерлі двое рабочых, а таксама — што незаконна налічваў прэміі.

Савіцкі выступіў з апошнім словам у судзе Ленінскага раёну Горадні 22 студзеня, прысуд абвесьцяць 23 студзеня.

1. Расьсьледавалі пяць гадоў

Справу расьсьледавалі каля пяці гадоў. Газ на тэрыторыі шпіталя выбухнуў у ліпені 2013 году, тады памерлі двое рабочых. Справу завялі ў студзені 2014 году, да суду яна дайшла ў верасьні 2018-га.

Суд Ленінскага раёну Горадні
Суд Ленінскага раёну Горадні

Савіцкага абвінавачваюць у тым, што ён схаваў сьляды выбуху: адразу не паведаміў пра здарэньне свайму начальству, схаваў целы рабочых, загадаў вынесьці з памяшканьня, дзе ішоў рамонт, балён з газам і іншае абсталяваньне, якое стала прычынай выбуху. Гэта частка 2 артыкула 424 Крымінальнага кодэксу («Злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі»).

Тады ад апёкаў і іншых траўмаў загінулі двое сьлесараў-сантэхнікаў 47 і 55 гадоў. Адзін зь іх падчас працаў быў нападпітку.

2. Ня будзе адказваць за схаваныя сьляды выбуху

Нядаўна выйшаў пяцігадовы тэрмін даўнасьці, і таму Савіцкі ня будзе адказваць за выбух. Сваю віну ў гэтай частцы ён прызнаў.

3. За выбух адседзеў іншы чалавек

Як сказаў Савіцкі журналістам, за тое, што здарыўся выбух, панёс адказнасьць іншы чалавек. Ён таксама прысутнічаў на паседжаньні, журналістам прадставіўся Андрэем, прозьвішча называць адмовіўся. Сказаў, што працаваў тады галоўным энэргетыкам. Яму далі 4,5 года пазбаўленьня волі. Аднак ён адседзеў каля двух гадоў і выйшаў па амністыі. У абласным шпіталі цяпер не працуе.

4. Спрэчка пра незаконна налічаныя прэміі

Другое, у чым абвінавачваюць былога галоўнага лекара, — незаконна налічваў прэміі (частка 3 артыкула 426 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў»). Агульная сума прэмій, якія абвінавачаньне трактуе як налічаныя незаконна, — каля 423 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Шкоду ён кампэнсаваў.

Паводле дзяржаўнага абвінавачаньня, Савіцкі цягам году, зь лістапада 2012-га па сьнежань 2013-га, налічваў незаконныя прэміі адным і тым жа супрацоўнікам абласнога шпіталя, усяго больш як 10 асобам. Матэрыяльныя ўзнагароды ён не ўзгадняў з прафсаюзным камітэтам.

Спрэчка паміж бакамі справы ідзе вакол двух загадаў аб матэрыяльнай падтрымцы. Савіцкага абвінавачваюць, што ён не выконваў мясцовы загад № 391, прыняты ўпраўленьнем аховы здароўя Горадзенскага аблвыканкаму ў 2012 годзе. Ён жа кажа, што падпарадкоўваўся не абласному, а нацыянальнаму нарматыўнаму акту — загаду № 299, які прыняло Міністэрства аховы здароўя.

Як адзначыў Савіцкі ў апошнім слове, мясцовы загад супярэчыць нацыянальнаму, а таксама пастанове Савету Міністраў № 6, датычнай налічэньня прэмій. Ён патлумачыў, што лякальны загад аўтаматычна зьмяншаў памер прэмій шэрагу ягоных супрацоўнікаў, ніхто ня мог атрымаць прэмію, калі кіраўнік шпіталя меў вымову, нельга было налічваць прэміі вышэй за тую, якую атрымае кіраўнік. Пад гэты мясцовы загад трэба было б перапісаць калектыўную дамову і шэраг дакумэнтаў унутры мэдычнай установы. Па словах Савіцкага, ён баяўся абурэньня супрацоўнікаў.

Экс-кіраўнік выказаў меркаваньне, што гэты загад № 391 не выконваўся і ў іншых мэдычных установах. Летась ён страціў сілу.

«Я не перавысіў ні на адну капейку прэміяльны фонд і прэміяльныя выплаты, якія прадугледжаныя бюджэтам на гэтыя мэты. Аб якой шкодзе тады можа ісьці гаворка?» — сказаў Сьвятаслаў Савіцкі.

5. Пракурор запатрабавала 4 гады калёніі

Пракурор запатрабавала для былога галоўнага лекара 4 гады калёніі строгага рэжыму. Артыкул, які датычыць празьмернага налічэньня прэмій, прадугледжвае максымальнае пакараньне да дзесяці гадоў пазбаўленьня волі. Абарона спадзяецца на поўнае апраўданьне.

6. Адзначыў, што можа памерці за кратамі

Савіцкі прызнаў сваю віну па тым артыкуле, па якім выйшаў тэрмін даўнасьці.

У апошнім слове ён выказаў спадзеў на здаровы сэнс і законнасьць у рашэньні суду. Ён сказаў, што не баіцца тэрміну, які запатрабавала для яго дзяржаўная абвінаваўца — 4 гады калёніі.

«Ведаеце чаму? Бо па тым букеце балячак, якія ў мяне ёсьць, рызыка памерці ў бліжэйшыя пяць гадоў складае 50 адсоткаў. Памром тады ў турме, калі для гэтага нічога іншага прыдумаць нельга», — сказаў Сьвятаслаў Савіцкі.

7. Працягвае працаваць ва ўнівэрсытэце

Сьвятаславу Савіцкаму 56 гадоў. На пасадзе галоўнага ўрача Горадзенскага абласнога шпіталя працаваў з 2002 году. Зь лютага 2014 году выкладаў у Горадзенскім мэдычным унівэрсытэце на катэдры ўнутраных хваробаў. Паходзіць з Ваўкавыскага раёну. Жанаты, мае дарослых дзяцей. На ўтрыманьні ў яго старая маці.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG