Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні судзяць экс-кіраўніка абласнога шпіталя за злоўжываньні 5-гадовай даўнасьці


Горадзенскі абласны клінічны шпіталь
Горадзенскі абласны клінічны шпіталь

Былога галоўнага ўрача Горадзенскага абласнога клінічнага шпіталя Сьвятаслава Савіцкага абвінавачваюць у тым, што ён схаваў выбух газу, пасьля якога памерлі двое рабочых, і налічыў празьмерных прэмій на 423 мільёны недэнамінаваных рублёў. Разгляд справы пачаўся ў судзе Ленінскага раёну Горадні 23 кастрычніка.

Справа дайшла да суду празь пяць гадоў

Крымінальную справу на Сьвятаслава Савіцкага завялі яшчэ ў студзені 2014 году, але на лаве падсудных ён апынуўся толькі цяпер.

Абвінавачаны сядзіць побач са сваёй адвакаткай і перад працэсам гучна абураўся, што прыйшлі журналісты, забараніў сябе фатаграфаваць і абяцаў падаць у суд, калі яго твар з паседжаньня зьявіцца ў СМІ.

«Наляцелі тут!» — кажа ён і выходзіць з залі далей ад аб’ектываў, абапіраючыся на кіёк.

Сьвятаславу Савіцкаму 56 гадоў. На пасадзе галоўнага ўрача Горадзенскага абласнога шпіталя працаваў з 2002 году. Зь лютага 2014 году выкладае ў Горадзенскім мэдычным унівэрсытэце на катэдры ўнутраных хваробаў. Паходзіць з Ваўкавыскага раёну. Жанаты, мае дарослых дзяцей. На ўтрыманьні ў яго старая маці.

Справу разглядае судзьдзя Дзьмітры Бубенчык.

Налічыў прэмій на 423 мільёны

Паводле абвінавачваньня, Савіцкі зьдзейсьніў злачынствы, прадугледжаныя часткай 2 артыкула 424 і часткай 3 артыкула 426 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі» і «Перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў»). Першы артыкул прадугледжвае да 6, а другі — да 10 гадоў зьняволеньня.

Савіцкі цягам году, зь лістапада 2012-га па сьнежань 2013-га, налічваў незаконныя прэміі адным і тым жа супрацоўнікам абласнога шпіталя, усяго больш як 10 асобам. Матэрыяльныя ўзнагароды ён не ўзгадняў з прафсаюзным камітэтам. За гэты час агульная сума прэмій склала больш за 423 мільёны недэнамінаваных рублёў. Сваімі дзеяньнямі кіраўнік шпіталя парушаў заканадаўства аб матэрыяльным стымуляваньні супрацоўнікаў.

Схаваў выбух

Да таго ж Савіцкі, паводле абвінавачваньня, схаваў надзвычайнае здарэньне, якое адбылося на тэрыторыі шпіталя. У ліпені 2013 году ў апэрацыйным блёку падчас газавых працаў зь цеплагенэратарам выбухнула газавая сумесь. Двое слесараў-сантэхнікаў 47 і 55 гадоў атрымалі апёкі і іншыя цяжкія траўмы, ад якіх памерлі. Адзін зь іх падчас працаў быў нападпітку.

Савіцкі мусіў паведаміць пра здарэньне ў міліцыю, МНС, прафсаюз, аднак загадаў аднаму з падначаленых маўчаць пра тое, што адбылося. Да таго ж ён наказаў зьнішчыць сьляды выбуху: вынесьці зь месца здарэньня «цеплавую гармату» і балён з газам. Так частка доказаў была зьнішчаная, таму пазьней нельга было вызначыць агульную карціну выбуху. Што менавіта адбывалася з рабочымі падчас газавых працаў і зь іх целамі пасьля гібелі, пакуль не да канца зразумела. Гэта мае высьветліць суд.

Празь некалькі дзён галоўны ўрач выдаў незаконны загад, у якім аднаму з супрацоўнікаў вынес вымову за тое, што той схаваў здарэньне, і пазбавіў яго прэміі. Пазьней інспэкцыя па працы дала таму штраф 5 базавых велічынь. Праўда, потым пакараньне адмянілі.

Як паведаміла пракурорка, раней Савіцкі абвінавачваўся таксама ў крадзяжы праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі (частка 4 артыкула 210 КК Беларусі). Аднак справу па гэтым артыкуле спынілі сёлета ў верасьні і ад адказнасьці па гэтым артыкуле Савіцкага вызвалілі.

Сам Сьвятаслаў Савіцкі прызнаў сваю віну па 424 артыкуле і цалкам не прызнаў па 426-м артыкуле.

Ён заявіў, што гатовы даць паказаньні ў судзе толькі пасьля таго, як дапытаюць сьведак і зачытаюць пісьмовыя матэрыялы справы. Пацярпелыя, якія павінны былі зьявіцца на першае паседжаньне, не прыйшлі. На наступных паседжаньнях плянуюць дапытаць пацярпелы бок і сьведак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG