Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На працу ня возьмем — а раптам ты памрэш?» Жанчына перамагла рак і апынулася на мяжы жабрацтва


Тацяна Пракапенка
Тацяна Пракапенка

42-гадовая Тацяна летась захварэла на рак. Да хваробы жанчына працавала на сьвінакомплексе, мела добры заробак. Пасьля апэрацый і хіміятэрапіі атрымала інваліднасьць і безьліч абмежаваньняў, з прычыны якіх ня можа знайсьці працу. Рак яна перамагла. Але бюракратычная сыстэма, празь якую жанчына апынулася на мяжы жабрацтва, пакуль не паддаецца.

«Аформіце інваліднасьць — будзеце мець прыбаўку да заробку»

Тацяна Пракапенка працавала на сьвінакомплексе ў вёсцы Мышанка Петрыкаўскага раёну. Комплекс належыць прадпрыемству «Палесьсе-Аграінвэст». Жанчына даглядала парасят, мела неблагі заробак — каля 1200 рублёў. У верасьні 2017 году ў яе выявілі анкалёгію. Што давялося перажыць за наступных шэсьць месяцаў, сёньня балюча і страшна ўспамінаць. Апэрацыя, хіміятэрапіі... Дома маці чакалі трое дзяцей. Старэйшая — студэнтка. Малодшыя сын і дачка ходзяць цяпер у пятую і восьмую клясу.

У сакавіку ўрачы абвясьцілі: рак пераможаны. У бальніцы параілі аформіць групу інваліднасьці — будзе плюс да заробку. Тацяна стала інвалідам трэцяй групы. Але прыбаўку да заробку яна не атрымала. Ды і самога заробку больш ня бачыла. Жанчыну звольнілі з працы па стане здароўя. На сьвінакомплекс прыйшоў ліст з мэдыка-рэабілітацыйнай камісіі. Там пісалі пра абмежаваньні, пра немагчымасьць працы ў шкодных умовах. На комплексе разьвіталіся з добрай даглядчыцай. Не прапанавалі і лягчэйшай працы.

Заключэньне мэдыка-рэабілітацыйнай экспэртнай камісіі
Заключэньне мэдыка-рэабілітацыйнай экспэртнай камісіі

«Сказалі: „Ты ўсё роўна ня пройдзеш мэдыцынскай камісіі. А раптам ты памрэш — нам за цябе адказваць?“ Куды за гэтыя шэсьць месяцаў не зьвярталася наконт працы — усё марна», — расказала жанчына.

Яе муж перабіваўся выпадковымі заробкамі — у Мышанцы з працай складана. Паехаў на расейскія будоўлі, але гэта лятарэя. Раз заплацілі, другі раз — не, трэці — «кінулі». Сям’я жыла на 165 рублёў пэнсіі. З гэтых грошай трэба было плаціць камунальныя і за крэдыт.

«Крэдыт брала, калі была здаровая. Хацелі жыць, як людзі, тым больш заробак дазваляў», — тлумачыць жанчына.

Летам выжывалі зь лесу — здавалі чарніцы і лісічкі

Пасьля хваробы не хапала на ежу. Пра адзеньне ў сям’і нават ня думалі. Старэйшая дачка кінулася дапамагаць маці — летам уладкавалася ў дзіцячы лягер. Падчас вучобы ва ўнівэрсытэце падпрацоўвала афіцыянткай. «Але яна не пасьпявала. Мне хочацца, каб дачка атрымала адукацыю. Не кідаць жа ёй вучобу празь мяне», — кажа Тацяна.

Летам сям’я жыла з агароду — пасадзілі бульбу, агуркі, памідоры. Грошы мелі зь лесу — зь дзецьмі зьбіралі чарніцы, лісічкі. За заробленае сабралі малодшых у школу, езьдзілі ў Гомель на атракцыёны.

Тацяна шкадуе, што атрымала групу інваліднасьці. Перакананая: каб ня тыя абмежаваньні — знайшла б працу.

«Уся ў пазыках цяпер. Добра, што сястра дапамагала, сяброўка. Ёй давалі харчовы паёк на фэрме, дык яна мне аддавала. Цяпер сяброўка сама страціла працу. У нас людзей не глядзяць. Сваіх выганяюць, набіраюць чужынцаў», — дзеліцца жанчына.

Яна езьдзіла ў райвыканкам — там не дапамаглі. Шукала працу ў Калінкавічах — марна. Дабраліся зь сяброўкай да Менску — нейкая фірма абяцала за 80 рублёў уладкаваць на працу вахтавым мэтадам. Цішыня.

Працоўная кніжка Тацяны з запісам аб звальненьні
Працоўная кніжка Тацяны з запісам аб звальненьні

«Навошта даюць тыя групы, калі потым нікуды не бяруць на працу? Як выжываць зь дзецьмі на 165 рублёў?», — пытаецца жанчына.

Пасьля анкалёгіі ўрачы раяць не хвалявацца, ня мець стрэсу, берагчы сябе. «У мяне і дэпрэсія ўжо была, і стрэс, і колькі сьлёз я выплакала за гэтыя месяцы. У мяне крыўда — хіба я вінаватая, што захварэла? Хіба я сама хацела, каб мяне рэзалі, рабілі хіміятэрапію? Як ня быць стрэсу, калі штодзень думаеш, дзе браць грошы, як жыць?», — кажа Тацяна.

«Прыйшла восень, потым зіма настане. Што я буду рабіць дома?»

Яна зьдзіўляецца, што на былой працы яе падманулі. Запэўнівалі, што жанчына ня пройдзе мэдыцынскую камісію. Але на мінулым тыдні Тацяна зьвярнулася да мэдыкаў у Петрыкаве, і там сказалі, што прынамсі падсобнай рабочай на сьвінакомплексе яна можа працаваць. Далі адпаведныя паперы. Дазволіла такую працу і мэдыка-рэабілітацыйная камісія.

Цяпер Тацяна спрабуе трапіць на прыём да дырэктара гаспадаркі «Палесьсе-Аграінвэст». Ад яго будзе залежаць, вернецца яна на сьвінакомплекс ці не.

«Мне патрэбна праца. Прыйшла восень. Наступіць зіма. Што я, буду сядзець у хаце? Што я буду рабіць? Мне трэба быць зь людзьмі, кантактаваць, працаваць», — кажа жыхарка Мышанкі.

«Акажам дапамогу ў памеры бюджэту пражытковага мінімуму»

Начальнік упраўленьня працы, занятасьці і сацыяльнай абароны Петрыкаўскага райвыканкаму Канстанцін Плікус у камэнтары Свабодзе зазначыў, што ведае сытуацыю Тацьцяны. Ён абяцае, што жанчыне будзе аказана дапамога — 213 рублёў. Начальнік упраўленьня не выключае, што дапамогу дасьць і Гомельскі абласны камітэт працы, занятасьці і сацыяльнай абароны — туды раённае ўпраўленьне накіравала адпаведныя паперы.

«Ёй цяпер прапанавалі працу ў Мышанцы — прыбіральшчыцай у дзіцячым садку на палову стаўкі. Тацяна хоча ісьці на сьвінакомплекс. Мэдыцына ёй дазволіла працаваць там падсобнай рабочай. Але ці возьмуць яе — гэта будзе залежыць ад кіраўніка „Палесьсе-Аграінвэст“ і ад таго, ці ёсьць там вакансіі. Яна добра працавала, ніякіх пытаньняў з боку кіраўніцтва да яе не было. Зразумела, яна атрымлівала 1200, а тут 165 пэнсіі», — патлумачыў начальнік упраўленьня.

Тацьцяна чакае серады. Пойдзе на прыём да дырэктара «Палесьсе-Аграінвэст». Яна спадзяецца, што пасьля перамогі над ракам дасьць рады і гэтым жыцьцёвым цяжкасьцям.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG