Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што трэба есьці, каб у нырках не ўтвараліся камяні


У складзе большасьці нырачных камянёў прысутнічае кальцый. Таму лекары заўсёды раілі хворым абмежаваць яго спажываньне. Гэта была сур’ёзная памылка.

Пра новы погляд мэдыцыны на працэс утварэньня камянёў у нырках у газэце The New York Times піша доктар мэдыцыны Рычар Класкаў.

Гісторыя

Больш за 90 адсоткаў камянёў ўтрымліваюць у сабе кальцый — як правіла, у выглядзе аксаляту кальцыю, фасфату кальцыю або гідраксыяпатыту. Значна радзей камяні ўтвараюцца з мачавой кіслаты або іншых хімічных рэчываў. Розныя віды камянёў могуць адначасова прысутнічаць у адным чалавечым арганізьме.

Паколькі большасьць камянёў ўтрымліваюць кальцый, лекары ў мінулыя эпохі раілі пацыентам абмежаваць колькасьць гэтага рэчыва ў рацыёне. Гэта была лягічная рэкамэндацыя, але няправільная.

Адкрыцьцё

У пачатку 1990-х гадоў група лекараў з Гарвардзкага ўнівэрсытэту вывучыла стан здароўя і дыету 45 000 мужчын, якія ніколі ня мелі камянёў у нырках. Навукоўцы прыйшлі да дзіўнай (як на той час) высновы: дыета з высокім утрыманьнем кальцыю, фактычна, памяншае рызыку ўтварэньня камянёў у нырках.

Лекары на гэтым не спыніліся і працягвалі назіраць сваіх пацыентаў на працягу наступных 14 гадоў. Выявілася, што дыетычны кальцый сапраўды абараняе ад камянёў, але гэты эфэкт найбольш відавочны ў мужчын, маладзейшых за 60 гадоў.

Дыета з высокім утрыманьнем магнію, калію і вадкасьці таксама аказаліся вельмі дзейснымі.

Наступны крок

У 2005 годзе каманда гарвардзкіх мэдыкаў пашырыла свой аналіз на больш чым 240 000 пацыентаў. Было выяўлена, што атлусьценьне і павелічэньне вагі, асабліва ў жанчын, павялічвае рызыку ўтварэньня камянёў.

Тады лекары зьвярнулі ўвагу на вывучэньне DASH дыеты — сыстэмы харчаваньня з высокім утрыманьнем садавіны, гародніны, арэхаў і бабовых культур, абястлушчаных малочных прадуктаў і суцэльнага збожжа. Асаблівасьцю гэтай дыеты таксама зьяўляецца нізкае ўтрыманьне натрыю, салодкіх напояў, чырвонага і апрацаванага мяса.

Аказалася, што DASH дыета зьніжае рызыку ўтварэньня камянёў у нырках.

Што трэба рабіць

Добрыя крыныіцы кальцыю — гэта малочныя прадукты, зялёная гародніна, семкі, гарэхі, пашніца і соя.

Калі вы ўжо маеце камяні ў нырках або ня хочаце іх займець, то варта прытрымлівацца наступных харчовых рэкамэндацый:

  • Піце прынамсі 2,5 літра вадкасьці ў суткі.
  • Абмяжуйце спажываньне натрыю (солі) да 2300 мг у дзень.
  • Спажывайце ад 1000 да 1200 міліграмаў кальцыю ў дзень.

Памятайце, што вадкасьць — гэта ня толькі вада. Ад камянёў у нырках бароняць таксама вада, кава, чай, віно, алькагольныя напоі і апэльсінавы сок. А вось газаваныя салодкія напоі наадварот павялічваюць рызыку ўтварэньня камянёў.

Ну і заўсёды райцеся са сваім лекарам.

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG