Да адзінай з Расеяй валюты «яшчэ ісьці і ісьці», — Нацбанк Беларусі

Ілюстрацыйнае фота

Намесьнік старшыні Нацыянальнага банку Беларусі Сяргей Калечыц пракамэнтаваў адну з прапановаў Расеі з «ультыматуму Мядзьведзева» па выкананьні «саюзных дамоваў» 1999 году.

«У нас шмат пляцовак у інтэграцыйных пытаньнях, у многіх удзельнічаю, і ні на адной апошнім часам не абмяркоўвалася і, мабыць, у найбліжэйшы час ня будзе абмяркоўвацца пытаньне стварэньня адзінага эмісійнага цэнтру, — перадае Tut.by словы Калечыца. — Гэта канчатковае пытаньне інтэграцыі, вянец, нам да яго ісьці і ісьці яшчэ».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агульныя валюта, суд і мытня. Мядзьведзеў у Берасьці патлумачыў, якой інтэграцыі зь Беларусьсю хоча Расея
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адказаў на ўльтыматум Мядзьведзева пра аб'яднаньне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніхто нікога не паглынае». 12 тэзаў з тлумачэньняў расейскага амбасадара Бабіча пра «ўльтыматум Мядзьведзева»

Расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў 13 сьнежня агучыў прапанову зрабіць ня толькі адзіны эмісійны цэнтар Беларусі і Расеі, але і адзіную валюту, адзіны суд і адзіную мытню, як прадугледжана дамовай 1999 году, падпісанай Аляксандрам Лукашэнкам і тагачасным прэзыдэнтам Расеі Барысам Ельцыным.

Сам Лукашэнка ў адказ на такую прапанову заявіў пра шантаж і спробы «нахіліць нас, стаць каленам на грудзі», але дадаў, што рабіць гэта марна: Беларусь ня стане ўваходзіць у склад Расеі, «незалежнасьць — гэта сьвятое».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія памылкі выправяць на новых беларускіх рублях
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Боны, талеры, пракапейкі: беларускія грошы, якіх не было і ня будзе