Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «новых» беларускіх рублях выправяць памылкі — пакуль ляжалі на складзе, зьмяніліся правапіс і пэйзажы


І прыбяруць подпіс Пракаповіча. Справа ў тым, што купюры, уведзеныя ў абарачэньне ў 2016 годзе, друкаваліся дзесяць гадоў таму.

Нацыянальны банк Беларусі анансаваў зьмены ў дызайне беларускіх рублёў. Новыя купюры зьявяцца ў абарачэньні ў 2019–2020 гадах. Старыя купюры будуць пры гэтым заставацца законнымі сродкамі платы.

  • На купюры ў 50 рублёў. На ёй слова «пяцьдзесят» замяняць на «пяцьдзясят» згодна зьменам у афіцыйным правапісе, прынятымі ў 2008 годзе (набылі сілу ў 2010-м).
  • «Выявы архітэктурных пабудоваў на пярэднім баку купюраў будуць прыведзеныя ў адпаведнасьць з актуальным вонкавым выглядам», піша Нацбанк. Якія менавіта карцінкі будуць выпраўленыя, не ўдакладняецца — напрыклад, на 500 рублях могуць намаляваць новы жылы раён за Нацыянальнай бібліятэкай, а могуць і не намаляваць.
  • Дададуцца подпісы аб’ектаў, намаляваных на купюрах.
  • Будзе «аптымізаваны ахоўны комплекс» купюраў: выкарыстаюць па максымуме сродкі для таго, каб грамадзяне маглі лёгка адрозьніць сапраўдныя купюры ад фальшывых, піша Нацбанк.
  • Подпіс старшыні праўленьня Нацбанку будзе прыбраны — на цяперашніх купюрах стаіць подпіс Пятра Пракаповіча, які пакінуў пасаду ў 2011 годзе.
Пётар Пракаповіч, архіўнае фота
Пётар Пракаповіч, архіўнае фота

Дэнамінацыя ў Беларусі была праведзеная 1 ліпеня 2016 году, колішнія 10 000 рублёў сталі 1 рублём, код валюты зьмяніўся з BYR на BYN, а купюры зрабіліся, паводле Аляксандра Лукашэнкі, «прыгожымі, да эўра падобнымі» (праўда, яны спадабаліся ня ўсім).

Ад самага анонсу было вядома, што дэнамінацыю плянавалі правесьці ў 2009 годзе — менавіта такая дата стаіць на цяперашніх купюрах. Ды ў той час ад дэнамінацыі адмовіліся праз высокую інфляцыю, з 2009 году па ліпень 2016-га стаў у 10 разоў таньнейшым да даляра.

Праз дэнамінацыю беларускія заробкі вярнуліся да лічбаў 1991 году. Без усіх дэнамінацыяў даляр каштаваў бы сёньня 2 122 600 000 рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG