Апошнія дадзеныя: ахвярамі нападу ў Страсбуры сталі 4 чалавекі

Чатыры чалавекі сталі ахвярамі нападу ў Страсбуры — такія апошнія дадзеныя аб страляніне на калядным кірмашы 11 сьнежня, паведамляе Associated Press. Раненьні атрымалі 13 чалавек.

Францускія ўлады назвалі напад тэрактам. Раней паведамлялася аб трох загінулых. Асобу апошняга загінулага пракуратура не раскрывае. Аднак паведамляецца, што ён быў сярод параненых і да 14 сьнежня знаходзіўся ў крытычным стане.

Нападнік, 29-гадовы ўраджэнец Страсбура Шэрыф Шэкат быў застрэлены паліцыянтамі ў выніку спэцапэрацыі, якая доўжылася двое сутак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліцыя застрэліла падазраванага ў нападзе на кірмаш у Страсбуры

Па дадзеных францускага тэлеканалу BFMTV, пра страляніну на кірмашы Шэрыф Шэкат распавёў кіроўцу таксі, на якім зьехаў зь месца злачынства. Такім чынам ён нібыта хацеў адпомсьціць за «братоў, якіх забілі ў Сырыі». Афіцыйна гэтую інфармацыю праваахоўныя органы Францыі пакуль не пракамэнтавалі.

У Францыі з 2015 году захоўваюцца павышаныя меры бясьпекі. Яны былі ўведзеныя пасьля некалькіх тэрактаў, у выніку якіх загінулі 130 чалавек і больш як за трыста атрымалі раненьні. За апошнія тры гады ў Францыі адбылося яшчэ некалькі тэрактаў, ахвярамі якіх сталі больш за дзьвесьце чалавек.