Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страляніна ў Страсбуры: сама меней двое загінулі, ёсьць параненыя. ВІДЭА

абноўлена

У выніку страляніны ў цэнтры Страсбуру два чалавекі загінулі і адзінаццаць атрымалі раненьні, сямёра зь іх — цяжкія, паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцу ў францускай паліцыі.


Узброены чалавек пачаў страляць па людзях каля 20:00 паводле мясцовага часу ля найпапулярнейшага ў горадзе каляднага кірмашу, на вуліцы Rue des Grandes Arcades, галоўнай гандлёвай артэрыі гораду. Рэгіянальнае выданьне Les Derniéres Nouvelles d’Alsace піша, што паліцыя правярае вэрсію тэракту.

Паліцыя закрыла навакольле плошчы Гутэнбэрга ля кафэдральнага сабору. Дзеля перасьцярогі закрыты таксама квартал, дзе месьціцца Эўрапейскі парлямэнт.

Паводле міністра ўнутраных справаў Крыстофа Кастанэра, стралок ідэнтыфікаваны, раней ён ужо парушаў закон. Паліцыя перасьледуе падазраванага і заклікае мясцовых жыхароў пакуль не выходзіць з дому.

Сайт Les Derniéres Nouvelles d’Alsace, спасылаючыся на свае крыніцы, паведамляе, што падазраванаму — 29-гадоваму жыхару Страсбуру — былі прысуджаныя ў 2011 годзе два гады пазбаўленьня волі, у тым ліку 6 месяцаў за ўзброены напад. Сёньня ўвечары гэты чалавек параніў 16-гадовага падлетка аскепкам бутэлькі ў часе бойкі ў гандлёвым цэнтры Les Halles у Страсбуры. Сёньня ж падазраванага зьбіраліся арыштаваць у сувязі з расьсьледаваньнем замаху на забойства.

Афіцыйнай інфармацыі пра асобу падазраванага няма.

Офіс Эманюэля Макрона паведамляе, што прэзыдэнт інфармаваны пра здарэньне і паслаў у Страсбур міністра ўнутраных справаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG