Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расейскія зьнішчальнікі над Керчанскім мостам, 25 лістапада 2018 г.

Расея заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі — «Бярдзянск», «Яны Капу», «Нікапаль» — захопленыя Расеяй у выніку канфлікту ў Азоўскім моры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абвастраецца канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай у Азоўскім моры

Куды плылі ўкраінскія караблі?

Украінскія караблі накіроўваліся з Адэсы ў Марыюпаль, што дазволена ў адпаведнасьці з артыкуламі 17, 38 Канвэнцыі ААН у марскім праве і артыкулам 2 Дагавору паміж Украінай і РФ 2003 году аб супрацоўніцтве ў выкарыстаньні Азоўскага мора і Керчанскай пратокі.

Але караблі сьпярша былі заблякаваныя расейскімі вайсковымі суднамі, Керчанскую пратоку перакрылі сухагрузам, каб яны не змаглі прайсьці. Расея падняла ў паветра зьнішчальнікі і гелікоптэры .

Апроч таго, расейскі карабель «Дон» пайшоў на таран украінскага рэйдавага буксіра, відэа апублікаванае ў інтэрнэце. У выніку буксір быў пашкоджаны і ня змог самастойна рухацца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявілася відэа тарану ўкраінскага буксіра. ВІДЭА

Бой у Азоўскім моры

Увечары 25 лістапада расейскія вайсковыя караблі атакавалі ўкраінскія, у выніку чаго былі параненыя 6 украінскіх маракоў, двое зь іх у цяжкім стане. Усяго Расея захапіла больш за 20 украінскіх маракоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманыя ўкраінскія судны адбуксіравалі ў Керч. Відэа

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ФСБ Расеі расказалі пра лёс захопленых украінскіх караблёў і маракоў

Украіна рыхтуецца да ваеннага становішча

Ва Ўкраіне зьбіраюцца абвяшчаць ваеннае становішча на 60 дзён, з такой прапановай выступіла Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны. Гэтае пытаньне парлямэнт Украіны павінен разгледзець увечары 26 лістапада на закрытым паседжаньні, пачатак якога заплянаваны на 16.00. Прапанову падтрымаў прэзыдэнт Пятро Парашэнка.

Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць

Што кажуць у Расеі

Расейскі бок распачаў крымінальную справу па факце парушэньня мяжы. Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці праз Керчанскую пратоку незаконна, хоць яшчэ 2 месяцы таму праблемаў з гэтым не ўзьнікала.

Расея зьвінаваціла Ўкраіну ў правакацыі. Масква заяўляе, што праверкі ўкраінскіх суднаў законныя. Кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў заявіў, што Ўкраіна выкарыстоўвае напружаную сытуацыю ў Азоўскім моры як падставу для ўзмацненьня міжнароднага ціску на Расею.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея назвала свой напад на ўкраінскія караблі «правакацыяй Кіева»

Міжнародная рэакцыя

Рада Бясьпекі ААН у панядзелак, 26 лістапада, зьбіраецца на тэрміновае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве. Шэраг эўрапейскіх дзяржаваў рэзка асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры, аднак рэакцыя Эўразьвязу і NATO пакуль стрыманая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першая міжнародная рэакцыя на захоп Расеяй украінскіх караблёў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адкрытае парушэньне міжнароднага права». Рэакцыі на канфлікт Расеі і Ўкраіны ў Азоўскім моры

Перадгісторыя канфлікту

Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля запуску руху мостам у анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. У Кіеве было прынятае рашэньне ўмацаваць вайсковы флёт у Азоўскім моры і перакінуць частку караблёў з Адэсы ў Марыюпаль і Бярдзянск.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея атакавала і захапіла ўкраінскія судны, ёсьць параненыя. Галоўнае на гэты момант

А што ад гэтага Беларусі?

На думку вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна, усякае абвастрэньне паміж Расеяй і Ўкраінай не на карысьць Беларусі.

«Бо абодва бакі запатрабуюць дэманстрацыі падтрымкі, а станавіцца на бок аднаго з бакоў у гэтым канфлікце — значыць ісьці супраць уласных інтарэсаў, несьці рэпутацыйныя ды іншыя страты. Зь беларускага боку я чакаю дыпляматычных захадаў, заклікаў не пашыраць канфлікту, сесьці за стол перамоваў ды іншыя агульныя словы. Калі прагучыць ад Менску міратворчая прапанова, прыкладам стаць пасярэднікам у канфлікце, мяркую, яна ня будзе пачутая, бо на сцэну выйдуць магутныя міжнародныя гульцы — ААН, Эўразьвяз ды іншыя», — мяркуе Аляксандар Алесін.

МЗС Беларусі пакуль не адрэагавала на новы віток канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай.