Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковы экспэрт Алесін: Абвастрэньне паміж Расеяй і Ўкраінай не на карысьць Беларусі


МЗС Беларусі пакуль не рэагуе на новы віток канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай. Вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін выказаў у інтэрвію Свабодзе выказаў сваю думку, як Беларусі варта рэагаваць на ўзброены канфлікт у Азоўскім моры.

Як мяркуе Аляксандар Алесін, Украіна не валодае дастатковай вайсковай сілай, каб абараніць свае інтарэсы ў Азоўскім моры, і таму ня пойдзе на абвастрэньне ваеннага канфлікту з Расеяй, а будзе апэляваць да міжнароднай супольнасьці і шукаць дадатковую падтрымку ад ЗША, Эўразьвязу і NATO.

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

«Любое абвастрэньне паміж Расеяй і Ўкраінай не на карысьць Беларусі, бо абодва бакі запатрабуюць дэманстрацыі падтрымкі, а станавіцца на бок аднаго з бакоў у гэтым канфлікце — значыць ісьці супраць уласных інтарэсаў, несьці рэпутацыйныя ды іншыя страты. Зь беларускага боку я чакаю дыпляматычных захадаў, заклікаў не пашыраць канфлікту, сесьці за стол перамоваў ды іншыя агульныя словы. Калі прагучыць ад Менску міратворчая прапанова, прыкладам стаць пасярэднікам у канфлікце, мяркую, яна ня будзе пачутая, бо на сцэну выйдуць магутныя міжнародныя гульцы — ААН, Эўразьвяз ды іншыя», — мяркуе Аляксандар Алесін.

Чаму ўзьнік канфлікт і чаго хочуць ягоныя бакі?

Вайсковы экспэрт нагадаў, што пасьля анэксіі Расеяй Крыму ў 2014 годзе тая цалкам кантралюе Керчанскую пратоку паміж Крымам і Таманскім паўвостравам — уласнай тэрыторыяй Расейскай Фэдэрацыі. Такім чынам, цяпер, каб украінскім караблям трапіць у Азоўскае мора, якое абмывае значную частку тэрыторыі краіны, даводзіцца літаральна «прарывацца» праз Керчанскую пратоку.

«Атакуючы ўкраінскія караблі, Расея кажа пра абарону сваіх тэрытарыяльных водаў, але Ўкраіна не прызнае захоп Крыму, а значыць, ня лічыць, што Керчанская пратока знаходзіцца ў 12-мільнай тэрытарыяльнай зоне Расеі і што ёй трэба браць дазвол на праход караблёў. Хутчэй за ўсё, і цяпер па такі дазвол яна не зьвярталася. Украіна ставіць задачу бараніць сваё ўзьбярэжжа і тэрытарыяльныя воды ў Азоўскім моры і таму спрабуе нарасьціць магутнасьць сваёй берагавой аховы, а Расея гэтага дапусьціць ня хоча. Адсюль канфлікт, і ён працягнецца яшчэ доўга», — мяркуе Аляксандар Алесін.

Чаму канфлікт у Азоўскім моры абвастрыўся цяпер?

Аляксандар Алесін тлумачыць гэта набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне.

«Прэзыдэнт Пятро Парашэнка вырашыў прадэманстраваць украінцам, што ён належным чынам бароніць інтарэсы Ўкраіны, змагаецца з агрэсарам. У пэўным сэнсе гэта правакацыя з мэтай прадэманстраваць, хто агрэсар, а хто ахвяра. Але варта прызнаць, што для Ўкраіны жыцьцёва важны кантроль над Азоўскім морам, бо гэта поўдзень Данбасу, менавіта праз парты Азоўскага мора ідзе экспарт данецкага вугалю ды іншай сыравіны, забесьпячэньне прамысловымі таварамі поўдня паловы Ўкраіны», — кажа Алесін.

Паводле экспэрта, паколькі ў вайсковым пляне Ўкраіна значна саступае Расеі, яна ня пойдзе на абвастрэньне вайсковага канфлікту ў Азоўскім моры, што ўжо прадэманстравалі паводзіны экіпажаў захопленых Расеяй украінскіх караблёў.

«Украіна будзе дамагацца міжнароднай падтрымкі; магчыма, ЗША і NATO прышлюць свае вайсковыя караблі да Крымскага ўзьбярэжжа, але гэта будзе толькі дэманстрацыя падтрымкі, ня больш за тое. Але і дадатковыя санкцыі супроць Расеі магчымыя. Што да Расеі, дык яна таксама на пашырэньне канфлікту ня пойдзе, бо і без таго знаходзіцца ў складаным становішчы праз ужо дзейныя санкцыі», — мяркуе экспэрт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG