Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвастраецца канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай у Азоўскім моры


Караблі вайскова-марскіх сілаў Украіны падчас спэцаперацыі ў Азоўскім моры, верасень 2018

Вайскова-марскія сілы Ўзброеных сіл Украіны паведамляюць, што Расея падняла два гелікоптэры Ка-52, каб суправаджаюць украінскія катэры ў Керчанскай пратоцы. Гэта працяг канфлікту, які адбыўся ранкам у нядзелю.

Як паведамляе hromadske.ua, Расея закрыла праход праз Керчанскую пратоку і не пускае ў Азоўскае мора ўкраінскія вайсковыя катэры.

Украінскія катэры ў Керчанскім праліве гатовыя да магчымай высадкі дэсанту. Камандуючы Ваенна-марскімі сіламі Ўкраіны Ігар Варончанка ацаніў сытуацыю ў Керчанскім праліве як «складаную і напружаную», але запэўніў, што на ўкраінскіх бранякатэрах пануе баявая гатоўнасьць.

«Нашы экіпажы бранякатэраў знаходзяцца ў баявой гатоўнасьці і гатовыя да магчымай высадкі (расейскага — рэд.) дэсанту», — заявіў ён у Адэсе.

Міністэрства замежных справаў Украіны заявіла, што дзеяньні Расеі ў Чорным і Азоўскім морах «перайшлі мяжу і сталі ўжо агрэсіўнымі».

Раніцай 25 лістапада ў Вайскова-марскіх сілах Украіны паведамілі, што памежныя караблі расейскага флёту ўчынілі «адкрыта агрэсіўныя дзеяньні». У прыватнасьці, памежны карабель «Дон» пайшоў на таран украінскага рэйдавага буксіра. Гэта адбылося тады, калі тры ўкраінскія караблі пераходзілі з порту Адэсы ў порт Марыюпалю Азоўскім морам.

«Караблі Расейскай Фэдэрацыі ў парушэньне свабоды навігацыі неправамерна ўжылі сілу ў дачыненьні да караблёў ВМС ВС Украіны. Мы расцэньваем такія агрэсіўныя дзеяньні як парушэньне нормаў Статуту ААН, Канвэнцыі ААН у марскім праве. МЗС Украіны ажыцьцявіць усе належныя захады дыпляматычнага і міжнародна-праўнага рэагаваньня», — запэўнілі ў ведамстве.

У Фэдэральнай службе бясьпекі Расеі раней заявілі пра «незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы Расеі» ўкраінскімі вадаплавамі.

Азоўскае мора стала ў апошні час месцам шматлікіх правакацыяў з боку расейскіх сілавікоў, у першую чаргу памежнікаў, якія затрымліваюць судны, што ідуць ва ўкраінскія парты або зь іх.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG