Старшага лейтэнанта Паўла Сукавенку і прапаршчыка Артура Вірбала судзілі па асобнай справе.
19 кастрычніка Менскі абласны суд агучыў вырак па справе былых камандзіраў роты, у якой служыў Аляксандар Коржыч. Суд прызнаў іх вінаватымі ў перавышэньні ўлады. Камандзіра роты, старшага лейтэнанта Паўла Сукавенку прыгаварылі да 6 гадоў пазбаўленьня волі. Ягонага намесьніка, прапаршчыка Артура Вірбала — да 4 гадоў пазбаўленьня волі.
Менавіта такое пакараньне на судзе прасіў пракурор. Таксама іх абодвух пазбавілі вайсковых званьняў.
Працэс у справе Паўла Сукавенкі і Артура Вірбала пачаўся 1 кастрычніка, яе разглядаў Менскі абласны суд. Абодва падсудныя камандавалі ротай, у якой служыў Аляксандар Коржыч. Сукавенка — адзіны афіцэр, якога асудзілі пасьля сьмерці Коржыча. На працэсе па факце сьмерці салдата ён выступаў у якасьці сьведкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Білі падначаленых палкай, не выдавалі грошай». За што судзяць камандзіраў Коржыча. ВІДЭАСукавенку і Вірбала абвінавачвалі ў перавышэньні ўлады, альбо ў бязьдзеяньні ўлады паводле частак 1 і 2 артыкула 455 Крымінальнага кодэксу. Паводле вэрсіі сьледзтва, яны неаднаразова білі падначаленых ім сяржантаў, а таксама вымагалі ў іх прадукты харчаваньня і цыгарэты. Акрамя гэтага, Сукавенку абвінавачваюць у прысваеньні часткі грашовых сродкаў, якія ён павінен быў выдаваць падначаленым салдатам і сяржантам.
У судзе
Сваю віну Артур Вірбал прызнаў цалкам. Павал Сукавенка адмаўляе, што ягоныя дзеяньні былі накіраваныя на замацаваньне ўласнага аўтарытэту і прыніжэньне падначаленых.
Прысуд па справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча вынесуць 5 лістапада. На лаве падсудных трое сяржантаў роты Коржыча — Яўген Бараноўскі, Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч. Усе яны прызнаныя пацярпелымі па справе Сукавенкі і Вірбала.