Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Асудзіце мяне і ўсё!» Прапаршчык Коржыча патлумачыў, чаму дапускаў дзедаўшчыну ў частцы


Суд над камандзірамі Аляксандра Коржыча. Прапаршчык Артур Вірбал (зьлева), старэйшы лейтэнант Павел Сукавенка (справа). 1 кастрычніка 2018 году
Суд над камандзірамі Аляксандра Коржыча. Прапаршчык Артур Вірбал (зьлева), старэйшы лейтэнант Павел Сукавенка (справа). 1 кастрычніка 2018 году

У Менску працягваецца суд над былым старэйшым лейтэнантам Паўлам Сукавенкам і прапаршчыкам Артурам Вірбалам. Пачаўся допыт абвінавачаных.

Працэс Сукавенкі — Вірбала пачаўся падчас перапынку працэсу ў справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча. За першыя два дні апыталі шасьцёх пацярпелых. Усе яны — былыя сяржанты роты Коржыча, палова з пацярпелых адначасова зьяўляюцца абвінавачанымі ў справе Коржыча (Бараноўскі, Вяжэвіч і Скуратовіч), яшчэ палова альбо ўжо асуджаная ў іншых справах аб дзедаўшчыне, альбо чакае прысуду. Крымінальнага перасьледу ўнікнуў толькі сяржант Шулякоўскі, які надалей служыць і ў суд прыйшоў у форме.

На трэці дзень працэсу пачаўся допыт абвінавачаных. Прапаршчык Артур Вірбал цалкам прызнаў віну (часткі 1 і 2 артыкула 455 КК: перавышэньне ўлады альбо бязьдзеяньне ўлады), аднак на ўдакладняльныя пытаньні пракурора заявіў, што ўсё ж ня біў падначаленых яму сяржантаў. Прынамсі, нічога такога ўзгадаць ня можа.

«Калі яны кажуць, што біў, значыць, біў, — сказаў прапаршчык. — Я прызнаю гэта, але ня памятаю».

Артур Вірбал
Артур Вірбал

Падчас допыту Артур Вірбал таксама патлумачыў матывы сваіх паводзінаў. Са словаў прапаршчыка, ён разумеў незаконнасьць такіх дзеяньняў, але лічыў, што гэткім чынам абараняе сяржантаў ад больш суворага пакараньня.

«Прыходжу ў роту, ложкі як мае быць не запраўленыя, крэслы раскіданыя, падушкі валяюцца, поўны беспарадак, — расказаў Вірбал пра адзін з эпізодаў. — Стаялі, на заўвагі мае не рэагавалі. Я разумею, што рабіў няправільна. Што ёсьць закон, што трэба рабіць згодна статуту. Калі суд палічыць, што тут мелі месца нестатутныя адносіны, то я прызнаю гэта, так. Я прызнаю выпадкі, што загадваў легчы ва ўпор лежачы. Але я не хацеў прычыняць фізычнага болю і маральных пакутаў. Калі ў арміі ставіцца задача, яна павінна быць выкананая. Я клаў сяржантаў ва ўпор лежачы, каб узбадзёрыць іх. Трэба было заносіць парушэньні ў асабістую справу, садзіць на гаўптвахту. Але я чалавек просты, шкадаваў іх».

Вірбал ня змог апавесьці суду пра акалічнасьці большасьці выпадкаў зьбіцьця падначаленых сяржантаў. Прапаршчык сказаў, што проста ня памятае такіх выпадкаў і таму ня можа расказаць пра іх падрабязна.

«На нестатутныя адносіны зь ліку пацярпелых сяржантаў мне ніхто ніколі ня скардзіўся, — паведаміў суду Артур Вірбал. — Бацькі салдатаў таксама ня скардзіліся. Я не зьбіраўся рэалізоўваць свае ўладныя амбіцыі. Мне ставілі задачу, я яе выконваў. Прымушаючы сяржантаў адціскацца ад падлогі, я імкнуўся навесьці парадак».

У рэшце рэшт Артур Вірбал папрасіў суд хутчэй скончыць яго допыт, асудзіць і накіраваць у калёнію. Паводле абвінавачанага, ён амаль ня памятае нічога з таго, што яму інкрымінуюць. Таму згодны пагадзіцца з усімі паказаньнямі абвінавачаных, каб скончыць суд.

Суд над камандзірамі Аляксандра Коржыча, пацярпелыя Ягор Бараноўскі і Ягор Скуратовіч (у цэнтры). 1 кастрычніка 2018 году
Суд над камандзірамі Аляксандра Коржыча, пацярпелыя Ягор Бараноўскі і Ягор Скуратовіч (у цэнтры). 1 кастрычніка 2018 году

«Высокі суд, я, вядома, прашу прабачэньн, але мне такія абвінавачваньні на працягу суду выстаўлялі — цягам году біў пяць разоў, — заявіў Вірбал. — Самі пацярпелыя ня памятаюць, дзе я каго біў і колькі разоў. Як я тады магу памятаць? Сьледчы гаварыў мне, што вось сяржанты расказалі ўсё, прызнавай. Я і прызнаваў. Асудзіце мяне, і паеду адбываць пакараньне. Стаміўся я. Калі я насамрэч такі злачынца, то асудзіце мяне і ўсё. Я лепш паберагу свае нэрвы, усё прызнаю і паеду адбываць пакараньне».

Працэс у справе Вірбала-Сукавенкі працягваецца. Наступным паказаньні будзе даваць камандзір роты Аляксандра Коржыча, былы старэйшы лейтэнант Павел Сукавенка. Абодвум пагражае пакараньне да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Суд у справе Аляксандра Коржыча прадоўжыцца 8 кастрычніка.

Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць

3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:58 0:00

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG