Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мужык ён нармальны, толькі піў шмат». Другі дзень суду над камандзірамі Коржыча


Пацярпелыя ў залі суду
Пацярпелыя ў залі суду

Пацярпелыя ў справе старэйшага лейтэнанта Сукавенкі і прапаршчыка Вірбала сяржанты просяць не садзіць абвінавачаных у турму.

Другі дзень працэсу над былымі камандзірамі роты Аляксандра Коржыча працягнуўся допытам пацярпелых. Іх у залі суду шасьцёра, большасьць пад канвоем і ў кайданках. Трое пацярпелых праходзяць абвінавачанымі ў справе аб сьмерці салдата — Бараноўскі, Скуратовіч і Вяжэвіч. Некага ўжо асудзілі за іншыя злачынствы. Першымі апыталі фігурантаў справы Коржыча.

Білі «машынкай»

Яўген Бараноўскі, Артур Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч ужо часткова расказвалі пра свае прэтэнзіі да камандзіраў роты Паўла Сукавенкі і Артура Вірбала. Зь іхных словаў, амаль усе сабраныя з салдатаў прадукты (пераважна пакецікі распушчальнай кавы, печыва, смажанкі і сасіскі ў цесьце) яны аддавалі камандзіру роты старэйшаму лейтэнанту Паўлу Сукавенку. Прызнаныя пацярпелымі сяржанты расказалі, што афіцэр патрабаваў забясьпечваць яго кавай і цыгарэтамі па панядзелках і пятніцах.

Акрамя гэтага, сяржанты расказалі на працэсе пра шматлікія факты зьбіцьця «машынкай» — драўлянай палкай даўжынёю прыкладна 80 сантымэтраў з абматанай вяроўкаю ручкай. Гэты прадмет, паводле пацярпелых, у памяшканьні роты знаходзіўся пастаянна, камандзір роты Сукавенка ўжываў яго выключна для пакараньня сяржантаў падчас тэарэтычных заняткаў. Калі нехта зь сяржантаў ня мог адказаць на пытаньне Сукавенкі пра вайсковы статут альбо агульнавайсковую падрыхтоўку, то старэйшы лейтэнант караў кожнага зь сяржантаў ударам «машынкай» па ягадзіцах. Колькасьць удараў пры гэтым залежала ад колькасьці няправільных адказаў.

Пацярпелыя таксама расказалі, што, акрамя ўдараў драўлянай палкай, афіцэр выкарыстоўваў іншыя мэтады фізычнага пакараньня — адцісканьні: ад пяці да дваццаці разоў.

Акрамя гэтага, у матэрыялах справы ёсьць згадкі, што Павел Сукавенка пакідаў сабе частку грошай, якія мусіў штомесяц выдаваць сяржантам (гаворка пра сумы каля 1 рубля), а таксама грошы, якія сяржантам мусілі выдаваць падчас звальненьняў (15-20 рублёў).

«Разумеў, што сам вінаваты»

Пры гэтым пакуль ніводзін зь сяржантаў, прызнаных на працэсе Сукавенкі і Вірбала пацярпелымі, не запатрабаваў ад абвінавачаных кампэнсаваць маральную альбо матэрыяльную шкоду. Наадварот, некаторыя з пацярпелых папрасілі суд вынесьці сваім былым начальнікам мінімальнае пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі.

«Мяне прымушалі адціскацца, — расказаў у залі суду сяржант Яўген Бараноўскі. — Але фізычнага і маральнага прыніжэньня я праз гэта не адчуваў. Адціснуцца 10 разоў для салдата — гэта не прыніжэньне. Я не адчуваў пасьля гэтага прыніжэньня. Разумеў, што сам вінаваты. Вядома, Сукавенка дзейнічаў ня ў межах статуту, гэта ненармальна. Але прыніжэньня я не адчуваў, і я ня ведаю, як гэта патлумачыць. Выйсьця ў мяне не было. Можна было толькі звольніцца з войска і ісьці дадому».

Яўген Бараноўскі прызнаўся, што скардзіўся кіраўніцтву часткі толькі аднойчы, калі нехта скраў ягоныя берцы і прыйшлося набываць новыя ў прапаршчыка Артура Вірбала. Іншыя выпадкі пазастатутных адносінаў з кіраўніцтвам роты замоўчваў, хаця ў яго абавязкі ўваходзіла паведамляць аб такіх рэчах.

«Прапаршчык Вірбал адказны быў, — расказаў сяржант Бараноўскі. — Бывалі выпадкі, калі ён дапамагаў вырашаць пытаньні. Сваю працу выконваў. Адносіны з усімі падтрымліваў нармальныя. Я хачу, каб Вірбала не пакаралі строга. Пажадана без пазбаўленьня волі. Калі б ня ўсё гэта (узбуджэньне крымінальнай справы па факце сьмерці Аляксандра Коржыча. — РС), я б увогуле нікому нічога б не расказваў».

Яўген Бараноўскі таксама паведаміў суду, што не зьбіраецца выстаўляць абвінавачаным патрабаваньня кампэнсаваць маральную і матэрыяльную шкоду.

«Гэта ня тое каб сыстэма, — сказаў Бараноўскі. — Гэта было ў арміі да мяне. Каву прыносіць старэйшаму, адціскацца, „бычкі хаваць“. Наколькі я ведаю, гэта ў войску было заўсёды. Такія адносіны ў арміі былі пастаянна». «Прашу як мага лягчэйшага пакараньня. Прэтэнзіяў ня маю».

«Да прапаршчыка Вірбала я ня маю прэтэнзіяў, — заявіў на судзе іншы пацярпелы, сяржант Вяжэвіч. — Магу дакладна сказаць, што прыніжэньняў не было. Нічога дрэннага пра Вірбала сказаць не магу. Адказны, добры чалавек. Нармальны мужык, толькі шмат піў. Пакараньне яму прашу прызначыць як мага лягчэйшае. Не зьвязанае з пазбаўленьнем волі».

Крыху больш прэтэнзіяў у пацярпелага Вяжэвіча да свайго былога начальніка старэйшага лейтэнанта Паўла Сукавенкі. Пацярпелы назваў афіцэра «безадказным чалавекам», які «ўсіх сабак на сяржантаў вешаў». Пры гэтым Антон Вяжэвіч таксама ня хоча патрабаваць кампэнсацыі са сваіх былых начальнікаў.

«Маральных прэтэнзіяў у мяне няма, матэрыяльных таксама, — сказаў Вяжэвіч. — Мне нескладана адціснуцца. Ну што там — па ягадзіцах папляскалі? Матэрыял пасьля гэтага лепш засвойваўся. Нам так лепш было служыць, чым па статуце. Навошта нам заўвагі ў асабістую справу? Лепш адціснуцца. Мы салдатаў таксама так выхоўвалі. Сукавенка пра гэта ведаў. Нават пытаўся, чаму мы ня можам іх „пракачаць“».

«Прэтэнзіяў да старэйшага лейтэнанта Сукавенкі ня маю, — заявіў яшчэ адзін пацярпелы, Ягор Скуратовіч. — Ні матэрыяльнай, ні маральнай шкоды мне нанесена не было. Я ня бачыў нічога цяжкога ў тым, каб адціснуцца ад падлогі пяць разоў. Гэта нават прыемна. На пачатку сваёй службы, яшчэ калі ня быў сяржантам, мы таксама адціскаліся. Лепш так было, чым па статуце. Распарадак дня, тэлефонам можна карыстацца, камфортней. Па статуце цяжэй служыць. Бывалі дні, калі нам сяржанты ладзілі дні службы па статуце, мне не падабалася».

Акрамя гэтага, пацярпелы Ягор Скуратовіч паведаміў на працэсе, што згаданыя ім падчас папярэдняга сьледзтва маральныя пакуты выдуманыя сьледчымі.

«Пра маральныя прыніжэньні — гэта напісаў сьледчы, — заявіў Скуратовіч. — Я б сам да такога не дадумаўся. Нічога такога я не адчуваў».

Згодна зь першай і другой часткамі артыкула 455 КК РБ (перавышэньне альбо бязьдзеяньне ўлады), абвінавачаным камандзірам роты Аляксандра Коржыча пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Бараноўскаму, Скуратовічу і Вяжэвічу, якія праходзяць абвінавачанымі ў справе Аляксандар Коржыча, пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Сьледзтва прызнала, што дапушчаныя імі парушэньні мелі цяжкія наступствы ў выглядзе сьмерці падначаленага. Усіх траіх сяржантаў, як і Паўла Сукавенку з Артурам Вірбалам, абвінавачваюць у неаднаразовым зьбіцьці падначаленых, незаконным змушэньні іх да фізычных практыкаваньняў, вымаганьні грошай і прадуктаў харчаваньня.

Працэс у справе Аляксандра Коржыча адновіцца 8 кастрычніка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG