Ягор Скуратовіч пацьвердзіў паказаньні Яўгена Бараноўскага пра тое, што прадукты харчаваньня, сабраныя з салдат, яны аддавалі афіцэрам.
12 жніўня на працэсе па справе Аляксандра Коржыча пачаўся допыт абвінавачанага сяржанта Ягора Скуратовіча. Допыт папярэдняга, Яўгена Бараноўскага, працягваўся больш за тры гадзіны. Яшчэ каля чатырох гадзін пракурор зачытваў паказаньні Бараноўскага, дадзеныя падчас сьледзтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Мы ўсё аддавалі камандаваньню», — абвінавачаны ў справе аб сьмерці КоржычаЯгор Скуратовіч быў прызваны ў войска восеньню 2016 году, малодшым сяржантам стаў на пачатку вясны 2017-га. У траўні таго ж году Скуратовіч стаў камандзірам аддзяленьня. Сваю пасаду займаў да 10 кастрычніка 2017 году. За краты трапіў неўзабаве пасьля сьмерці Коржыча. Непасрэдным начальнікам загінулага Ягор Скуратовіч ня быў, ён камандаваў іншым аддзяленьнем.
На пачатку допыту абвінавачаны прызнаў, што атрымліваў ад салдат грошы за дазвол карыстацца мабільнымі тэлефонамі і прасіў падначаленых набываць прадукты харчаваньня ўзамен за дазвол наведваць краму. Па словах Яўгена Скуратовіча, гэта была вымушаная мера, і ўсе набытыя салдатамі прадукты (пераважна каву і вафлі) ён аддаваў камандзіру роты (лейтэнант Павал Сукавенка, праходзіць абвінавачаным па іншай справе. — РС).
Падчас суду па справе Аляксандра Коржыча. 8 жніўня 2018 году
«Амаль усе набытыя салдатамі прадукты я аддаваў камандзіру роты, — сказаў на судзе Ягор Скуратовіч. — Такім было яго пажаданьне. Ён казаў, што трэба прынесьці. Бывала так, што я прыносіў камандзіру роту тры пакецікі кавы і вафлі ў канцылярыю. Там быў ён і яшчэ нехта з афіцэраў. Тады камандзір забіраў два пакецікі сабе, а адзін аддаваў мне. Бывала так, што камандзір роты прыходзіў галодны і казаў даць яму „Ралтон“. Мусіў даваць. Для сябе я прадукты харчаваньня, набытыя салдатамі, не выкарыстоўваў. Усё ішло камандзірам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Самагубства ці забойства? Белыя плямы ў справе КоржычаПа словах Скуратовіча, акрамя прадуктаў харчаваньня, ён перадаваў афіцэрам набытыя салдатамі за дазвол схадзіць у краму цыгарэты. Абвінавачаны салдат зьвярнуў увагу на тое, што салдаты ня ведалі, каму ідуць набытыя імі прадукты. Яны перадавалі іх сяржантам, а наўпрост афіцэрам — ніколі.