Пракапеня выказаўся пра «справу Белта»

Віктар Пракапеня

IT-прадпрымальнік і найбуйнейшы беларускі падаткаплатнік Віктар Пракапеня выказаўся пра затрыманьні журналістаў.

Пракапеня на сваёй старонцы ў Фэйсбуку зьвяртаецца да ўмоўнага супрацоўніка сілавых структур «Алега Пятровіча»:

«Цяпер адбываецца вельмі важны працэс, ад якога шмат у чым залежыць тое, як краіна будзе разьвівацца далей. «Алег Пятровіч» з калегамі даглядаюць кампутары журналістаў. Калі на працягу сутак «Алег Пятровіч» знойдзе чарговую спрэчную сытуацыю, будуць новыя падазрэньні і абвінавачваньні, далікатных дзяўчат пакінуць у ізалятары, журналісты пераадолеюць новы рубеж ва ўзроўні стрэсу, а краіна зробіць вялізны крок назад...

«Алег Пятровіч», ну не злачынства гэта — пад чужым лагінам, які далі калегі, на сайт заходзіць. Няма тут грамадзкай небясьпекі. У нас велізарная колькасьць сапраўдных спраў, рэальных злачынстваў, якія патрабуюць вашай увагі. Вельмі вас прашу, калі будзеце ствараць новы файл з назвай «Рапарт ў гэтай сытуацыі» (як і ў многіх іншых) — задумайцеся, а ці ў інтарэсах дзяржавы вы гэта робіце? Ці стане наша грамадзтва лепшым пасьля таго, як вы запусьціце такі працэс у сыстэме»?

Віктар Пракапеня, 34 гады, — беларускі IT-прадпрымальнік, вэнчурны інвэстар. У 2017 годзе займаў 23-ю пазыцыю ў топ-200 пасьпяховых і ўплывовых бізнэсмэнаў Беларусі. Уладальнік інвэстыцыйнага фонду VP Capital. Браў удзел у распрацоўцы дэкрэту «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі».

Віктар Пракапеня заплаціў сёлета рэкордны падатак — 7 мільёнаў рублёў з прыбытку ад інвэстыцыйнай дзейнасьці. Як фізычная асоба ён буйны падаткаплатнік мінімум 5 апошніх гадоў і лідэр па суме сплачаных у Беларусі падаткаў.

Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць

  • Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
  • 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
  • Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
  • 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
  • Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
  • Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
  • Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс​
  • У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.

Рэдактарка БелаПАН: Сьледчыя выкарыстоўваюць БелТА ў сваіх мэтах

Юры Зісер: Гэта справа ня супраць Tut.by, а супраць асобных журналістаў

Дырэктарка БелТА: Нашу інфармацыю кралі. Хто гэта рабіў, мы ня ведалі