Дзярждэпартамэнт ЗША заклікаў усе кампаніі спыніць імпарт нафты з Ірану

Нафтавы танкер на поўдні Ірану, ілюстрацыйнае фота

Высокапастаўлены прадстаўнік Дзярждэпартамэнту заявіў журналістам, што Злучаныя Штаты чакаюць, што кампаніі ва ўсім сьвеце скароцяць імпарт сырой нафты з Ірану да нуля к 4 лістапада. У адваротным выпадку яны апынуцца пад санкцыямі ЗША, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту сказаў, што ён праводзіць сустрэчы з эўрапейскімі дыпляматамі, каб данесьці паведамленьне, што адміністрацыя Трампа сур’ёзна ставіцца да ўвядзеньня новых санкцыяў у дачыненьні гандлю з Іранам пасьля таго, як прэзыдэнт Дональд Трамп вывеў Злучаныя Штаты зь ядзернага пагадненьня з Тэгеранам у траўні гэтага году.

Ядзернае пагадненьне з Іранам: што пра яго трэба ведаць

Чыноўнік адзначыў, што цяпер настаў час для ўсіх кампаній перастаць купляць іранскую нафту. Ён дадаў, што гэты крок тычыцца ня толькі Эўропы, але і Індыі, Кітаю і Турцыі, дзе яшчэ не праводзіліся перамовы з афіцыйнымі асобамі, але яны будуць праведзеныя.

Цэны на нафту вырасьлі пасьля аб’явы аб новых амэрыканскіх санкцыях. Іран зьяўляецца трэцім па велічыні вытворцам нафты сярод краін OPEC, экспартуючы каля 2 млн барэляў нафты ў дзень.

Вялікая Брытанія, Францыя, Нямеччына і Эўрапейскі Зьвяз у цэлым выступалі рашуча супраць выхаду Вашынгтону зь ядзернага пагадненьня з Тэгеранам. Яны паабяцалі абараніць свае кампаніі ад так званых «другасных санкцый», пад якія трапляюць эўрапейскія бізнэс-структуры ў Іране.