Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ядзернае пагадненьне з Іранам: што пра яго трэба ведаць


Дональд Трамп паказвае падпісаны ім дакумэнт, дзе бвяшчаецца аб намеры вывесьці ЗША зь ядзернага пагадненьня з Іранам
Дональд Трамп паказвае падпісаны ім дакумэнт, дзе бвяшчаецца аб намеры вывесьці ЗША зь ядзернага пагадненьня з Іранам

У аўторак, 8 траўня, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон выходзіць з пагадненьня з Іранам аб ядзернай праграме Тэгерану. Гэтае рашэньне было прынятае на аснове папярэдніх кансультацыяў з саюзьнікамі ЗША на Блізкім Усходзе. Трамп абвясьціў, што ўказ аб аднаўленьні антыіранскіх санкцыяў будзе падпісаны неадкладна і санкцыі ў поўнай меры ўступяць у сілу.

Што такое «ядзернае пагадненьне з Іранам»?

Падпісанае ў 2015 годзе пагадненьне — Joint Comprehensive Plan of Action (JCPOA, Супольны ўсёабдымны плян дзеяньняў) — вынік некалькіх гадоў цяжкіх перамоваў. Іран пагадзіўся на жорсткія абмежаваньні яго ядзернай дзейнасьці, у прыватнасьці, яго працы над узбагачэньнем урану, і згадзіўся дазволіць інспэктарам ААН уважліва назіраць за яго ядзернай праграмай. У абмен на гэта сусьветныя дзяржавы — ЗША, Вялікабрытанія, Нямеччына, Францыя, Расія і Кітай — пагадзіліся зьняць усе зьвязаныя зь ядзернай галіною эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да Ірану. Гэта было важна для Ірану, бо санкцыі істотна падрывалі яго эканоміку.

Чаму Трамп хоча скасаваць пагадненьне з Іранам?

Мяркуючы па ўсім, Іран выканаў ўмовы пагадненьня. Пра гэта заяўляюць амэрыканскія службоўцы^; з гэтым пагаджаюцца эўрапейскія саюзьнікі. Спэцыялізаванае агенцтва ААН — МАГАТЭ — на якое ўскладзеная задача маніторынгу за выкананьнем пагадненьня, наведала Іран некалькі разоў і пацьвердзіла, што краіна абмяжоўвае сваю ядзерную дзейнасьць у адпаведнасьці з умовамі пагадненьня.

Але Трамп і яго адміністрацыя кажуць, што Іран дзейнічае насуперак духу пагадненьня, што, паводле іх, азначае яго невыкананьне. Прадстаўнікі адміністрацыі заявілі, што Іран ня робіць пазытыўны ўклад у рэгіянальны і міжнародны мір і бясьпеку — што чакаецца ад яго ў прэамбуле пагадненьня. Яны адзначаюць, што Іран па-ранейшаму падтрымлівае групы баевікоў, такія як «Хізбула» і «Хамас», а таксама падтрымлівае баевікоў у Сырыі і Емене. Іран таксама працягвае выпрабаваньні балістычных ракет, што раздражняе Злучаныя Штаты, хоць такія выпрабаваньні не азначаюць парушэньне дамовы.

Трамп і раней заяўляў, што пагадненьне «не прайшло атэстацыю». Што новага было ў аўторкавай заяве?

У аўторак, Трамп абвясьціў аб аднаўленьні санкцыяў у дачыненьні да буйных іранскіх установаў, такіх як цэнтральны банк краіны. Па сутнасьці, ён вывеў Злучаныя Штаты з пагадненьня, што ён пагражаў зрабіць яшчэ ад часу свайго абраньня. «Калі я даю абяцаньні, я трымаю іх», заявіў ён у аўторак.

Якая пазыцыя Эўропы?

Ўсе іншыя краіны-падпісанты выказалі моцную падтрымку ядзернага пагадненьня з Іранам. МАГАТЭ заяўляе што пагадненьне працуе. «Мы ня будзем сьледам за Злучанымі Штатамі адмаўляцца ад сваіх міжнародных абавязаньняў па гэтым пагадненьні», заявіў афіцыйны прадстаўнік Эўрапейскага зьвязу. Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў журналістам: «Вельмі важна захаваць пагадненьне ў яго цяперашнім выглядзе, і, вядома ж, удзел Злучаных Штатаў будзе ў гэтай справе вельмі важным фактарам».

Магчыма, рашэньне Трампа адступіць ад пагадненьня ізалюе ЗША ад іх саюзьнікаў і аслабіць іх становішча ў сьвеце.

Ці выжыве пагадненьне пасьля выхаду Злучаных Штатаў?

Цяжка сказаць. Іранскія афіцыйныя асобы заявілі, што калі Злучаныя Штаты зь яго выйдуць, пагадненьне можна будзе лічыць мёртвым. Іран заявіў, што можа аднавіць прыпыненыя элемэнты сваёй ядзернай праграмы, калі санкцыі зноў будуць уведзеныя. У панядзелак прэзыдэнт Ірану Рухані заявіў, што калі Злучаныя Штаты выйдуць з пагадненьня, Іран «будзе сутыкацца з пэўнымі праблемамі на працягу двух або трох месяцаў, але мы гэта перажывем». Паводле яго, Іран будзе надалей «працаваць са сьветам і працягваць зь ім канструктыўнае ўзаемадзеянне».

Як адрэагуе бізнэс-супольнасць?

Калі пагадненьня было падпісанае ў 2015 годзе, некалькі буйных кампаніяў пачалі рабіць бізнэс у Іране. Новыя санкцыі з боку ЗША могуць ускладніць сытуацыю.

Эўрапейскі зьвяз ужо пачаў прымаць захады для абароны сваіх прадпрыемстваў ад пакараньняў з боку ЗША.

(Паводле матэрыялаў газэты The Washıngton Post)

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG