Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі балючымі стануць санкцыі ЗША для экспарту іранскай нафты


Калі да ЗША не далучацца іншыя буйныя імпарцёры, у тым ліку краіны ЭЗ, Вашынгтон, верагодна, ня зможа нанесьці сапраўды адчувальны ўдар.

Цэны на нафту знаходзяцца на больш чым трохгадовых максымумах на фоне чаканьняў, што аднаўленьне амэрыканскіх санкцыяў супраць Ірана, зьвязаных зь яго ядзернай праграмай, прывядзе да перабояў з пастаўкамі іранскай нафты.

Але калі, у адрозьненьне ад 2012 года, да ЗША не далучыцца Эўрапейскі зьвяз ці іншыя буйныя спажыўцы іранскай нафты, Вашынгтону будзе складаней нанесьці Ірану сапраўды балючы ўдар.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп даў Вялікабрытаніі, Францыі і Нямеччыне час да 12 траўня на ліквідацыю недахопаў пагадненьня па ядзернай праграме Ірану, заключанай у 2015 годзе. У адваротным выпадку Трамп пагражае аднавіць санкцыі.

Крыніцы Reuters сьцьвярджаюць, што Трамп, па сутнасьці, ужо вырашыў выйсьці з пагадненьня, але як менавіта ён гэта зробіць, застаецца незразумелым.

На долю Эўропы прыпадае каля чвэрці ўсяго экспарту іранскай нафты. Аднак значная частка паставак прыпадае на азіяцкіх «цяжкавагавікоў» — Кітай, Індыю, Карэю і Японію.

Яшчэ адным буйным пакупніком іранскай нафты зьяўляецца Турцыя, і экспарт у гэтую краіну амаль патроіўся са студзеня 2016 года, павялічыўшыся на 170 тысяч барэляў у дзень.

Са студзеня 2016 гады здабыча іранскай нафты вырасла амаль на чвэрць або на 800 тысяч барэляў у дзень — да 3,82 мільёна барэляў у дзень, дзякуючы чаму Іран стаў шостым найбуйнейшым вытворцам нафты ў сьвеце.

За гэты час іранскі экспарт нафты больш чым падвоіўся, дасягнуўшы рэкорднага ўзроўню ў 2,6 мільёна барэляў у красавіку гэтага года. Большая частка прыросту прыйшлася на пастаўкі нафтаперапрацоўчым заводам у краінах ЭЗ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG