«Чарка і скварка» ў Курапатах. Камэнтуюць прадстаўнікі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў

Інтэрʼер рэстарацыі «Поедем поедим»

Шэсьць дзён запар грамадзкія актывісты пікетавалі забаўляльны комплекс каля Курапатаў, дзе адкрыўся рэстаран «Поедем поедим». Свабода спыталася, што пра гэтае супрацьстаяньне думаюць прадстаўнікі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў.

«Няправільна ператвараць Курапаты ў месца, дзе беларус варагуе зь беларусам»

Протаярэй Сергій Лепін, старшыня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы:

Сергій Лепін

«Курапаты — сьвятое месца. Па-першае, гэта могілкі, па-другое — месца рэпрэсій, або жахлівага злачынства супраць Бога і чалавека, а па-трэцяе — помнік культуры. Калі сапраўды спрэчная тэрыторыя зьяўляецца чымсьці зь пералічанага — хоць бы нечым адным, ня кажучы ўжо пра ўсё адразу, — то ладзіць там нейкія забаўляльныя комплексы недарэчна, няправільна, грахоўна.

Калі ж гаворка ідзе пра тое, што гэта толькі сумежная тэрыторыя, то тады мы маем пытаньне для дыскусій. Калі б комплекс быў разьмешчаны далей на 10 мэтраў, то ці быў бы ўладжаны канфлікт? Не. А калі на 30, на 50, 100, 500 мэтраў?.. Калі ж павінна аб’ектыўна паўстаць адлегласьць, якая б больш ніколі не выклікала спрэчак?

Асабіста маё сэрца з тымі, хто пратэстуе. Але, браты і сёстры, вельмі цяжка патрабаваць выкананьня тых нормаў, якія не прапісаныя заканадаўча. І яшчэ важна дакладна разабрацца, у каго патрабаваць, калі нейкія нормы былі сапраўды парушаныя, і кім яны былі парушаныя.

Калі будаўніцтва было зьдзейсьнена па законе, то, напэўна, зьвяртацца трэба з заканадаўчымі ініцыятывамі, якія зьменяць закон у правільны бок. Ну і, зразумела, змагацца з аднымі парушэньнямі закону, калі яны мелі месца, з дапамогай парушэньняў іншых законаў таксама няправільна. Трэба быць сталым, разважлівым і не сячы з-за пляча.

Вельмі няправільна Курапаты ператвараць у тое месца, дзе беларус варагуе зь беларусам — гэта супярэчыць духу сьвятога месца. Мы молімся за тое, каб удзельнікі канфлікту ў прыватнасьці і ўсё наша грамадзтва цалкам хутчэй выпрацавалі пазытыўную прымірэнчую канцэпцыю, якая будзе ўвекавечваць памяць нявінна забітых і перасьцерагаць нас усіх супраць нянавісьці — менавіта апошняя і ёсьць галоўнай прычынай зьяўленьня такіх страшных месцаў на зямлі, як Курапаты».

«Касьцёл супраць такіх пабудоў»

Ксёндз Юры Санько, прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі:

Юры Санько

«Касьцёл супраць такіх пабудоў (рэстарацыі «Поедем поедим». — РС), бо кожнае месца ўшанаваньня — гэта месца сьвятое. Тым больш калі мы называем Курапаты нашай менскай Кальварыяй.

Іншая справа, гэта паказвае, што больш трэба думаць пра духоўнае ў такіх момантах.

Дазваляецца будаваць духоўныя аб’екты на могілках альбо на былых могілках. На жаль, маем тое, што маем.

Музэй [замест рэстарацыі] — добрая прапанова. Тым больш калі ў плянах ёсьць стварэньне мэмарыялу „Курапаты“, на дзяржаўным узроўні пра гэта гаворыцца, прэзыдэнт пра гэта ня раз згадваў. Калі мэмарыял паўстане, і гэтыя будынкі можна перадаць для іншых мэтаў, магчыма, для інфармацыйнага цэнтру. Але гэта ўжо маглі б вырашаць адмыслоўцы.

У такіх месцах мы павінны задумвацца: а што заўтра будзе з нашымі магіламі? Калі гэта пакутнікі нашай зямлі, то да іх мы павінны адпаведным чынам і ставіцца».

«Чарка і скварка» ў Курапатах. Камэнтуюць Бонд, Войнавіч і Чарняўская

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах​

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.​

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты