Пастаянны прадстаўнік Вялікабрытаніі пры ААН Карэн Пірс рашуча абвергла сьцьверджаньне расейскага міністэрства абароны пра тое, што Злучанае Каралеўстве інсцэніравала хімічную атаку ў Сырыі 7 красавіка.
Карэн Пірс заявіла, што «дзіўнае» сьцьверджаньне Масквы зьяўляецца «абуральнай хлусьнёй».
Пірс сказала, што мае намер «катэгарычна заявіць: Брытанія ня мае дачыненьня і ніколі ня стала б удзельнічаць ва ўжываньні хімічнай зброі».
Раней у пятніцу прадстаўнік Міністэрства абароны Расеі генэрал Ігар Канашанкаў заявіў, што Брытанія «непасрэдна ўдзельнічала ў правакацыі», але не прывёў ніякіх доказаў.
Карэн Пірс пасьля пасяджэньня Рады Бясьпекі ААН заявіла журналістам, што абвінавачваньні Расеі «недарэчныя».
Пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН было склікана на просьбу Расеі для разгляду пагрозаў з боку ЗША пра намер правесьці ваенную акцыю супраць рэжыму Асада ў адказ на хімічную атаку ў горадзе Дума.
Брытанскі дыплямат дадала: «Мы маем справу з адным з горшых прыкладаў „фэйкавых навінаў “, якія калі-небудзь даводзілася атрымліваць ад расейскай прапагандысцкай машыны».