Статкевіч падчас вызваленьня з турмы казаў: «Дайце нам даседзець!»

Мікола Статкевіч ля турмы на Акрэсьціна (архіўнае фота)

25 сакавіка Міколу Статкевіча затрымалі аб 11 гадзіне пры выхадзе са свайго дома ў Лошыцы. Адвезьлі спачатку ў Ленінскае РУУС, а потым у турму на Акрэсьціна, дзе палітыка пратрымалі 8 гадзін, а ўвечары нечакана вызвалілі разам з Уладзімерам Някляевым, Вячаславам Сіўчыкам, Максімам Вінярскім, Яўгенам Афнагелем, Леанідам Кулаковым.

Да 25 сакавіка палітык Мікола Статкевіч 8 дзён не выходзіў з хаты, бо цэлы квартал быў заблякаваны міліцэйскімі машынамі. Двойчы міліцыянты грукалі ў брамку, але ніхто не выходзіў, а ўрывацца ў хату яны не адважыліся.

Палітык спадзяваўся на незалежных журналістаў, напісаў у «Фэйсбуку», каб яго суправадзілі раніцай 25 сакавіка да плошчы Якуба Коласа. Але ня ўсе змаглі дабрацца: раніцай быў заблякаваны ня толькі квартал, дзе жыве Статкевіч, але і ўезд з вуліцы Маякоўскага на вуліцу Чыжэўскіх.

«Калі мяне везьлі ў пастарунак, я бачыў, што на павароце з Маякоўскага на Чыжэўскіх павесілі „цагліну“, а гэта вуліца даволі ажыўленая, па ёй ходзіць цывільны транспарт. Да майго дома здолелі даехаць нейкім чынам журналісты „Эўраньюс“ і журналіста „Белсату“ нехта давёў літаральна „агародамі“. Калі я выйшаў з дому, выезд з варотаў быў заблякаваны міліцэйскай машынай, я спрабаваў трапіць у таксоўку да „Эўраньюс“. Мяне затрымалі. Жонка паднесла падрыхтаваныя для турмы рэчы, я пачаў крычаць, каб яна ішла назад, але яе таксама прымусілі сесьці ў машыну», — расказаў Мікола Статкевіч.

Прывезьлі іх у Ленінскае РУУС, патлумачылі, што ён не адседзеў тэрмін 10 сутак, які яму прысудзіў суд Маскоўскага раёну яшчэ ў кастрычніку — «за несанкцыянаваны пікет каля Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна ў выглядзе інтэрвію „Белсату“».

Марыну Адамовіч адпусьцілі, калі яна пачала здымаць на тэлефон. На акцыю на плошчу Якуба Коласа Марына спазьнілася, бо ў ейнай машыне нажом былі парэзаныя шыны. Тое самае адбылося і з машынай «Опэль» 2002 году, якая належыць бацьку Статкевіча. Колы настолькі сапсаваныя, што аднаўленьню не падлягаюць.

Ну а Статкевіча зь міліцыі Ленінскага раёну павезьлі ў турму на Акрэсьціна.

«Пасадзілі мяне ў камэру са „стукачом“. 8 гадзін я адседзеў там, а потым кажуць: „З рэчамі на выхад. Падумаў, што вызваляюць камэру для арыштаваных пасьля акцыі. Калі я выйшаў, убачыў Кулакова, Вінярскага ды іншых. Атрымліваецца, што я адседзеў 8 гадзін з 10 сутак.

Я ўчыніў скандал: маўляў, мне трэба адбыць 240 гадзін, калі я буду адседжваць па 8 гадзін, мяне будуць 30 разоў арыштоўваць?“ Там усе пратэставалі — „Дайце нам даседзець“. Таму, шчыра кажучы, ня радуе гэтае вызваленьне нікога з нас».

Статкевіч кажа, што цяпер яго блізкім давядзецца жыць у напружаньні ўвесь час, бо ў любы момант могуць зноў забраць. Да таго ж на Статкевіча складзены пратакол за заклікі выйсьці на акцыю 25 сакавіка.

#БНР100 у Беларусі і сьвеце. ЖЫВЫ БЛОГ

На Дзень Волі ў Беларусі затрымалі больш за 100 чалавек. Некаторых чакаюць суды