Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Нямізе затрымліваюць мінакоў з сымболікай


Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні на 25 сакавіка ў Менску на плошчы Якуба Коласа

На вуліцы Нямізе ў цэнтры Менску людзі ў цывільным пачалі кропкава «адлоўліваць» мінакоў, якія трымаюць нацыянальную сымболіку — стужкі, сьцяжкі, балёнікі.

Сярод затрыманых — аўтарка Радыё Свабода Галіна Абакунчык.

Па словах журналісткі, яе скруцілі двое мужчын без апазнавальных знакаў на вопратцы і заштурхнулі ў сіні мікрааўтобус. Патлумачылі, што ёсьць неабходнасьць праверыць яе асобу на прадмет «учыненага злачынства». Яна спрабавала паказаць пашпарт, але дакумэнт міліцыянтаў не цікавіў.

Па тэлефоне Галіна Абакунчык пасьпела сказаць, што гэтаксама гвалтоўна затрымалі некалькі чалавек са сьцяжкамі. Празь нейкі час яе і іншых перасадзілі ў легкавы аўтамабіль і павезьлі ў Цэнтральны РУУС Менску. Мікрааўтобус вярнуўся на Нямігу «паляваць» на іншых мінакоў.

На вуліцы Багдановіча побач з пляцоўкай Опэрнага тэатру затрымалі журналістку Адар’ю Гуштын, якая ішла са сьцягам на плячах. Гуштын адмовілася зьняць сьцяг, таму і забралі, сказаў Свабодзе рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч.

Раніцай праваахоўнікі затрымалі больш за 30 чалавек, якія прыйшлі на плошчу Якуба Коласа ў цэнтры Менску, дзе частка апазыцыі на чале зь Мікалаем Статкевічам зьбіраліся пачынаць шэсьце, не дазволенае ўладамі.

У Савецкім РУУС Менску карэспандэнту Свабоды сказалі, што затрыманых на плошчы Якуба Коласа ў Менску прывезьлі да іх. Але назваць колькасьць ці прозьвішчы затрыманых дзяжурны міліцыянт адмовіўся.

Лідэра Беларускага нацыянальнага кангрэсу Міколу Статкевіча затрымалі ў Менску 25 сакавіка. Як перадаюць Naviny.by са спасылкай на ягоную жонку Марыну Адамовіч, Мікола Статкевіч цяпер у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна.​

Затрыманьні 25 сакавіка ў Беларусі. Абнаўляецца

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG