Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманых у Менску дзяўчат-праваабаронцаў «цягалі за валасы, выкручвалі ім пальцы»


Затрыманьні на плошчы Якуба Коласа ў Менску 25 сакавіка

Раніцай 25 сакавіка праваахоўнікі затрымалі больш за 30 чалавек, якія прыйшлі на плошчу Якуба Коласа ў цэнтры Менску, дзе частка апазыцыі зьбіраліся пачынаць шэсьце, не дазволенае ўладамі. Сярод затрыманых былі і праваабаронцы. Некаторыя зь іх кажуць пра «жорсткі гвалт» у дачыненьні да дзяўчат з боку праваахоўнікаў.

Назіральніца праваабарончага цэнтру «Вясна» Ганна Саханкова, якую спачатку затрымалі, а пасьля выпусьцілі з Савецкага РУУС, паведаміла​, што яе калегу Тацяну Мастыкіну міліцыянты трымалі за валасы, пакуль фатаграфавалі.

Наста Лойка (справа) і Тацяна Мастыкіна ў аўтазаку
Наста Лойка (справа) і Тацяна Мастыкіна ў аўтазаку

Праваабаронца Анісія Казьлюк паведаміла пра «жорсткі гвалт у дачыненьні да дзяўчат» у Савецкім РУУС.

Назіральніца Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Самнікава сказала Свабодзе, што разам з двума калегамі яе затрымалі на плошчы Якуба Коласа і даставілі ў Савецкі РУУС. Паводле дзяўчыны, ёй выкручвалі пальцы, здымалі пірсінг, цягалі за валасы. Назіральнікаў нібыта абвінавачваюць ва ўдзеле ў забароненым шэсьці і ў супраціве міліцыі.

Раней у Савецкім РУУС Менску карэспандэнту Свабоды паведамілі, што затрыманых на плошчы Якуба Коласа ў Менску прывезьлі да іх. Але назваць колькасьць ці прозьвішчы затрыманых дзяжурны міліцыянт адмовіўся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG