Падарожжа ў БНР (27). Пераезд у Прагу, сыход у «прыват»

Прага, 1923

Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы публікуем старонкі гэтай кнігі.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Менску 20 сакавіка. Папярэдне кнігу можна замовіць ТУТ.

Ці законны ўрад Цьвікевіча

Яшчэ двое радных Рады БНР — віцэ-старшыня Прэзыдыюму Палута Бадунова і сакратар Язэп Мамонька — раптам нагадваюць з Прагі пра сваё існаваньне і дасылаюць старшыні Прэзыдыюму Рады Крачэўскаму і ягонаму намесьніку Захарку ў Коўна ліст з пратэстам супраць незаконнага, на іх думку, утварэньня новага Ўраду БНР на чале зь Цьвікевічам. Урад мае абірацца пленумам Рады, а ва ўтварэньні гэтага Ўраду бралі ўдзел толькі двое сяброў Прэзыдыюму, тым часам як яшчэ двое — Бадунова і Мамонька — нічога пра гэта ня ведалі.

У лісьце яны запатрабавалі, каб Цьвікевіч спыніў сваю ўрадавую працу і здаў усе справы Прэзыдыюму Рады БНР. У далейшым для вядзеньня нацыянальна-палітычнай акцыі за мяжою яны запрапанавалі склікаць не пазьней за 1 лістапада ў Празе Прэзыдыюм Рады.

«Калі ў да гэтага часу сябры Прэзыдыюму П. Крачэўскі і В. Захарка не дадуць ніякага адказу і не прыедуць у Прагу, дык мы выступім адкрыта супраць незаконнага Ўраду і нарушэньня Вамі канстытуцыі БНР», — выставілі свой ультыматум аўтары ліста.

Дзяржаўная пячатка БНР

Вацлаў Ластоўскі, разьвітаўшыся з БНР, пакінуў сабе Дзяржаўную пячатку, якую цяпер канцылярыя Рады Народных Міністраў спрабавала ад яго выпатрабаваць. Пячатка была вырабленая ў лістападзе 1920 годзу ў Коўне — вялікая, круглая, мядзяная, з «Пагоняй» на фоне герба Скарыны. З усіх захаваных у Архівах БНР дакумэнтаў яе выяву можна знайсьці на фатакопіі апошняй старонкі міждзяржаўнай дамовы паміж БНР і Літвой 11 лістапада 1920 году.

«Канцылярыя Рады Народных Міністраў просіць Вас вярнуць у Канцылярыю застаўшуюся ў Вас Дзяржаўную Пячатку... Разам з тым прашу Вас зьвярнуць у Канцылярыю РНМ дыпляматычныя пашпарты — Ваш і Вашай жонкі, разам зь літоўскімі ахароннымі граматамі — якія дакумэнты выданы былі Вам у свой час як Старшыні Ўраду БНР», — пісаў Ластоўскаму дзяржаўны пісар Уладзімер Пракулевіч.

Пераезд у Прагу

Фізычна «беларуская акцыя ў Літве» скончылася 2 лістапада 1923 году, калі ўсе ковенскія дзеячы БНР пераехалі ў Прагу. Разам з тым скончылася і нешта іншае. Рэч у тым, што чэскія ўлады, не жадаючы сварыцца з палякамі, якія нібыта нават пратэставалі ў гэтай справе, дазволілі беларускім палітыкам прыехаць у Прагу выключна ў якасьці прыватных асобаў, палітычных эмігрантаў. Перад імі была пастаўленая ўмова: нідзе і ніяк адкрыта і публічна не выступаць як Урад або нейкія іншыя структуры Беларускай Народнай Рэспублікі.

Выбар Прагі ў якасьці месца побыту найперш быў абумоўлены тым, што там на той час назьбіралася ладная беларуская грамада — паўтары сотні студэнтаў з Заходняй Беларусі, Латвіі, Літвы, а таксама эсэраўскія дзеячы. Важны быў і шырэйшы кантэкст — шматлікія расейская і ўкраінская эміграцыі, сярод якіх вядучае месца займалі дзеячы блізкага БНРаўцам сацыялістычнага кірунку.

Для арганізацыйнай і грамадзкай дзейнасьці была створаная надпартыйная Беларуская рада ў Чэхаславаччыне. У пастанове Міністэрства ўнутраных справаў Чэхіі пры зацьвярджэньні статуту Беларускай рады было падкрэсьлена:

«Паводле гэтага статуту, суполка ёсьць непалітычнай і ня можа ні весьці палітычную дзейнасьць, ні ўдзельнічаць у ёй... Абсалютна выключана, каб суполка вяла нейкую дзейнасьць, якая не прадугледжаная сфэрамі дзейнасьці, прадпісанымі ў Статуце».

Эсэры дэзавуююць урад Цьвікевіча

Прыехаўшы ў Прагу, Крачэўскі, Захарка і Цьвікевіч паспрабавалі змусіць сяброў Прэзыдыюму Рады БНР Бадунову і Мамоньку адклікаць свой ультыматум, але гэтыя спробы вынікаў ня мелі.

Умоваў ультыматуму лідэры БНР таксама не прынялі, і ў выніку эсэры зрабілі абяцаны публічны стрэл — 8 сьнежня 1923 году запусьцілі ў прэсу «Паведамленьне Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў», дзе заявілі, што законна абраны ў 1919 годзе Ўрад БНР пасьля выступу Ластоўскага ў Генуі перастаў існаваць фактычна, а з выхадам яго ў адстаўку ў красавіку 1923-га ён перастаў існаваць і юрыдычна. «Дзяржаўная калегія» была названая штучнай фікцыяй, якая неўзабаве і зьнікла. Утвораны пазьней Урад Цьвікевіча, паводле аўтараў «Паведамленьня», ня можа лічыцца законным, будучы «безадказным і самазваным».

Сам Цьвікевіч у Празе не застаўся і ў канцы лістапада вярнуўся ў Коўна.

«Крывіч» з СССР вяртаюць назад у Коўна

Вацлаў Ластоўскі, выдаючы «Крывіч», думаў пераважна пра Беларусь і каля трыццаці асобнікаў часопіса слаў на савецкія адрасы. Амаль з усіх адрасоў — бібліятэкаў, культурных і навуковых установаў — часопіс вяртаўся назад. У гэтай справе выдавец напісаў ліст-скаргу народнаму камісару асьветы БССР Усеваладу Ігнатоўскаму. Ці дайшоў ліст да адрасата — невядома.

Затое «Крывіч» дайшоў да бібліятэкі Петраградзкага ўнівэрсытэту, дзе выпадкова трапіў у рукі сапраўднаму рэлікту беларускай навукі і культуры прафэсару Браніславу Эпімаху-Шыпілу, лідэру беларускага культурнага руху пачатку 1900-х гадоў у Пецярбургу.

«Дарагія і каханыя рэдактары пане Вацлаве і пане Кляўдыюшу, — пісаў прафэсар, — успомніце аб сваім старым земляку, каторы цудам праве ўцалеў дагэтуль, астаўшыся тут адзінокім, як палец, і перажыўшы вельмі цяжкія гады холаду, голаду і небясьпекі. Будзьце ласкавыя прыслаць мне поўны камплект гэтага дарагога для мяне Вашага выданьня... Аж сьлёзы радасьці брызнулі ў мяне з вачэй, як пабачыў я Вашы назьвіскі... Сардэчна ўсьціскаю Вас, дарагія браты-землякі і, пасылаючы Вам і ўсім там беларусам свой нізенькі паклон, астаюся з пашанай адданы Вам Броніслаў Эпімах-Шыпілло».

Пярсьцёнак Езавітава

Яшчэ адзін артэфакт эпохі БНР — пярсьцёнак Кастуся Езавітава. Гэты прадмет фігуруе ў дзіўнай просьбе, зь якою Езавітаў зьвяртаецца да Ластоўскага. «Ведаеце Вы маё кальцо, што я нашу на ўказальным пальцы левай рукі. Кальцо — залатое з выгравіраваным на ім малюнкам Пагоні, пад якой выгравіраваны сноп жыта, а на ім скрэшчаны (скрыжаваны) каса і граблі. Кругом абоіх малюнкаў выразаны літары: 1.Н.С. Б.Н.Р. (Першы нар. сакратар Бел. Нар. Рэсп.)».

Кастусь Езавітаў хацеў, каб гэты пярсьцёнак быў «пажалаваны» яму ад Ураду БНР як першаму вайсковаму беларускаму міністру, і папрасіў Ластоўскага задняй датай выдаць яму адпаведную грамату.

Ластоўскі ў Парыжы і Жэнэве

Акцыя выступаў прыгнечаных Польшчаю нацыянальных мяншыняў працягвалася. У жніўні 1924 году ў Парыжы пры падтрымцы МЗС Літвы ствараецца беларуска-ўкраінска-літоўскі Камітэт паняволеных Польшчай народаў, які ўзначальвае Ластоўскі. У верасьні ён падае на V сэсію Лігі Нацыяў у Жэнэве чарговы мэмарандум у справе беларускіх земляў пад польскай уладай.

У гэтым яму зноў спрабуюць перашкодзіць колішнія паплечнікі. Старшыня Рады БНР Крачэўскі шле тэлеграму старшыні Лігі Нацыяў Полю Імансу, а таксама кіраўнікам польскай і літоўскай дэлегацыяў, дзе папярэджвае, што «Беларускі Народ нічога супольнага ня мае» з «п. Ластоўскім, урадоўцам міністэрства замежных справаў Літвы» і супраць яго дзейнасьці «ня раз пратэставаў».

Старшыня Рады пры гэтым спаслаўся на пастанову віленскага Краёвага цэнтру ад 11 сакавіка 1924-га аб пазбаўленьні Ластоўскага права на палітычныя выступы.

(Краёвы цэнтар — паўсакрэтная каардынацыйная арганізацыя, створаная ў Вільні Луцкевічам пасьля выбараў у Сэйм 1922 году, у якіх ён катэгарычна адмовіўся ўдзельнічаць.)

Ластоўскі піша Луцкевічу!

Адна з тэчак архіўнага фонду мае загаловак «Личная переписка членов правительства БНР Луцкевича и Ластовского». Дык ці была тая «переписка»? І так, і не.

Ліставаньня не было, але адзін ліст Ластоўскі Луцкевічу ўсё ж напісаў. Выступаючы ў Жэнэве за вызваленьне беларускіх дзеячоў, асуджаных на беластоцкім «Працэсе 45-ці», ён вырашыў заручыцца падтрымкай Вільні.

Ліст, датаваны 24 жніўня 1924 году, канчаецца так: «Цісну руку Вашу, бо мінулае даў я ўжо ў забудзь, а з другой стараны прышоў да пераконаньня, што нашай справе патрэбны аўтарытэты і што пакуль іх у нас ня будзе, будзе адзіна анархія, а дзеля таго, што Вы адзін з тых, які найбольш палажыў у нашу справу, я свой голас даю за Вас. З праўдзівай пашанай, В. Ластоўскі».

У публікацыі «Архіваў БНР» пад лістом стаіць камэнтар укладальніка: «Арыгінал. Магчыма, не адпраўлены».

Вільня перастае заўважаць БНР

Пытаньне агульнабеларускага палітычнага прадстаўніцтва паўстала для старшыні Рады БНР Пётры Крачэўскага надзвычай балюча, калі ён у верасьні 1924 году атрымаў камунікат зь Вільні за подпісам Тарашкевіча, дзе гаварылася, што адзіным прадстаўніцтвам Заходняй Беларусі ёсьць Беларускі пасольскі клюб і Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні (за сьпінамі якіх стаяў Краёвы цэнтар на чале з Луцкевічам). Ні пра Раду, ні пра Ўрад БНР у камунікаце не было ні слова, што моцна абразіла Крачэўскага.

«Што вы робіце цяпер! Вы самахоць, папёршы на ўсход, як быкі, задраўшы хвост прэцесь самі ня ведаючы куды... — піша ён прадстаўніку Краёвага цэнтру Антону Аўсяніку і прапануе — ...адкінуць усякія асабістасьці і яднацца каля ядынага цэнтру, які мае права і павінен бараніць усю Беларусь».

Але Вільню ні Рада, ні Ўрад БНР ужо не цікавілі, нагэтулькі далёкія тыя былі ад рэаліяў заходнебеларускага палітычнага жыцьця.

Папярэднія публікацыі