У Брусэлі пройдуць пратэсты супраць Лукашэнкі, які не прыедзе на саміт «Усходняга партнэрства»

Плякаты, падрыхтаваныя да пікету

У чацьвер і ў пятніцу ля будынкаў, дзе будзе праходзіць саміт «Усходняга партнэрства», пройдуць пратэсты супраць прарасейскай палітыкі беларускіх уладаў, уціску апазыцыі, а таксама супраць будаўніцтва АЭС у Астраўцы паблізу мяжы зь Літвой.

23 лістапада на з 11 да 13 гадзін перад будынкам Эўракамісіі заплянаваны пікет прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Бэльгіі супраць супрацоўніцтва эўрапейскіх інстытутаў з Аляксандрам Лукашэнкам пад назвай «„Не“ — сяброўству з дыктатарам!».

Адзін з арганізатараў акцыі Дяніс Казакевіч паведаміў, што на пікет прыйдуць беларусы, якія жывуць у Бэльгіі і лічаць, што Лукашэнка адмовіўся ад паездкі праз грамадзкі ціск. Арганізатары вырашылі не адмаўляцца ад загадзя анансаваных акцый пратэсту супраць палітыкі Лукашэнкі і самога факту запрашэньня Эўразьвязам яго на саміт.

Плякаты, падрыхтаваныя да пікету

У пятніцу 24 лістапада з 11 да 13 гадзін ля будынка Эўракамісіі заплянаваны пікет памяці Віктара Ганчара і іншых зьніклых апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі.

Таксама ў пятніцу а 15-й гадзіне ля будынка Эўрапарлямэнту заплянаваны пікет супраць будаўніцтва Беларускай АЭС ля Астраўца. Пікет ладзяць літоўскія дэпутаты Эўрапарлямэнту.

Аляксандар Лукашэнка атрымаў асабістае запрашэньне на ўдзел у сустрэчы кіраўнікоў краінаў Эўразьвязу і краінаў — удзельніц праграмы «Ўсходняе партнэрства», які пройдзе 24 лістапада ў Брусэлі. 21 лістапада было абвешчана, што беларускую дэлегацыю ўзначаліць міністар замежных спраў Уладзімер Макей.

Плякаты, падрыхтаваныя да пікету