Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнка пяць разоў не трапляў на саміты «Ўсходняга партнэрства»


24 лістапада ў Брусэлі пройдзе пяты саміт «Усходняга партнэрства». Аляксандр Лукашэнка туды зноў не едзе. Свабода прыгадала, каго і як запрашалі эўрапейцы на саміты «Ўсходняга партнэрства» ў папярэднія гады.

Карэл Шварцэнбэрг
Карэл Шварцэнбэрг

2009 год, Прага — запрашэньне ад Шварцэнбэрга

7 траўня 2009 году ў Празе прайшла першая сустрэча прадстаўнікоў краін-удзельніц праграмы «Ўсходняе партнэрства» з прадстаўнікамі краін-удзельніц Эўразьвязу. З праскай сустрэчы фактычна пачынаецца актыўная фаза праграмы. Прадстаўнікі краін-удзельніц «Усходняга партнэрства» павінны былі абмеркаваць кірункі супрацоўніцтва з Эўразьвязам і дамовіцца пра далейшыя крокі. Беларусь на форуме прадстаўляў тагачасны міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў і намесьнік прэм’ер-міністра Ўладзімір Сямашка. Месяцам раней запрашэньне ў Менск прывёз міністар замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг, ён жа асабіста перадаваў канвэрт Лукашэнку. «Запрашэньне адрасавана кіраўніку беларускай дзяржавы і было перададзена прэзыдэнту, паколькі згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь менавіта ён кіраўнік дзяржавы... Гэта будзе яго рашэньне, хто прадставіць Беларусь на саміце», — казаў Шварцэнбэрг журналістам. У МЗС Беларусі заяўлялі, што склад дэлегацыі зацьвярджаў сам Лукашэнка, зыходзячы са «спэцыфікі новай палітыкі».

2010 год, Варшава — незапрашэньне Лукашэнкі і скандал

Наступны саміт «Усходняга партнэрства» праходзіў у Варшаве 29–30 верасьня 2010 году, усяго за некалькі месяцаў да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Для афіцыйнага Менску ён стаў самым скандальным за час дзеяньня праграмы. Пачалося ўсё з адсутнасьці афіцыйнага запрашэньня на імя кіраўніка краіны. «Напярэдадні саміту „Ўсходняга партнэрства“ яго арганізатары пайшлі на беспрэцэдэнтныя дыскрымінацыйныя меры ў дачыненьні да Беларусі, — гаварылася ў афіцыйным паведамленьні МЗС Беларусі. — Яны адмовіліся накіраваць запрашэньне кіраўніку беларускай дзяржавы. Усьлед за гэтым прызначаны Беларусьсю кіраўнік яе дэлегацыі быў абмежаваны ва ўдзеле ў мерапрыемствах саміту». Запрашэньня Лукашэнка насамрэч не атрымаў. Замест яго ў Варшаве чакалі міністра замежных спраў Мартынава, але Менск вырашыў абмежавацца амбасадарам у Польшчы Віктарам Гайсёнкам. Аднак ягоны выступ у апошні момант адмянілі. Іншыя ўдзельнікі праграмы былі прадстаўленыя кіраўнікамі краін. Ад Беларусі ў форуме нефармальна ўдзельнічаў кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў.

Былы прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч
Былы прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч

2013 год, Вільня — вяртаньне Беларусі

Віленскі саміт «Усходняга партнэрства» запомніцца ў першую чаргу ўкраінцам. Менавіта на віленскім саміце тагачасны прэзыдэнт Віктар Януковіч адмовіўся падпісваць дамову аб асацыяцыі з ЭЗ. Вынікам той адмовы стаў Эўрамайдан. Далей былі дзясяткі забітых у супрацьстаяньні з праваахоўнікамі, уцёкі Януковіча ў Расею, анэксія Крыму і канфлікт на Данбасе. Беларусь на саміце ў Вільні прадстаўляў міністар замежных спраў Уладзімер Макей. Іншыя краіны-ўдзельніцы былі прадстаўленыя кіраўнікамі дзяржаў. Магчымы ўдзел Лукашэнкі ў форуме нават не абмяркоўваўся. У Беларусі на той момант за кратамі заставаўся былы кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч, а афіцыйны Менск быў пад санкцыямі.

2015 год, Рыга — ізноў Макей

Чацьвёрты саміт «Усходняга партнэрства» праходзіў у сталіцы Латвіі 21–22 траўня. Аляксандра Лукашэнку на яго не запрашалі, Беларусь ізноў прадстаўляў міністар замежных спраў Уладзімер Макей. У паведамленьні МЗС Латвіі, прысьвечаным запрашэньню афіцыйных асобаў на саміт, не ўдакладнялася, на чыё імя накіраванае запрашэньне для Беларусі. За два месяцы да саміту кіраўнік латвійскага МЗС Эдгарс Рынкевічс казаў, што Латвія ня будзе запрашаць асабіста Аляксандра Лукашэнку. «Цяпер гэтае пытаньне вырашаецца такім чынам, што запрашэньні адправяць дзяржавам, а не службовым асобам. На працягу двух месяцаў, я думаю, мы па дыпляматычных каналах зразумеем, хто якую дзяржаву прадставіць», — казаў Рынкевічс.

Міністар замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей
Міністар замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей

2017 год — асабістае запрашэньне для Лукашэнкі

Сёлета саміт праходзіць 24 лістапада ў Брусэлі. «Беларусь запрошаная да ўдзелу ў саміце „Ўсходняга партнэрства“ ў Брусэлі такім жа чынам, як і іншыя краіны-ўдзельніцы ініцыятывы „Ўсходняе партнэрства“ і краіны Эўрапейскага Зьвязу — запрашэньне адрасавана кіраўніку дзяржавы. Рашэньне пра тое, хто прадставіць Беларусь на саміце, застаецца за афіцыйным Менскам», — гаворыцца ў паведамленьні прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі.

Палітоляг Андрэй Елісееў лічыць, што Эўразьвяз адназначна выказаўся за ўдзел Лукашэнкі ў саміце.

«Падчас правядзеньня ранейшых самітаў „Усходняга партнэрства“ адносіны паміж ЭЗ і Менскам былі вельмі дрэнныя, — кажа Свабодзе Елісееў. — І Эўразьвяз, запрашаючы беларускі бок, адначасова даваў зразумець, што ня хоча бачыць на саміце Лукашэнку. Цяпер сытуацыя іншая. ЭЗ адназначна выказаўся за тое, каб Лукашэнка асабіста наведаў саміт у Брусэлі». Па словах экспэрта, акрамя афіцыйных паведамленьняў у СМІ, заўсёды ёсьць іншы ўзровень перамоваў, на якіх бакі дамаўляюцца пра ўзровень удзелу ў міжнародных мерапрыемствах. І на гэты раз насамрэч ёсьць падставы меркаваць, што ў Брусэлі чакаюць менавіта кіраўніка Беларусі. «І з боку эўракамісара, і з боку міністра замежных спраў Нямеччыны выразна гаварылася пра тое, што яны ня супраць таго прадстаўніцтва, якое Беларусь толькі пажадае», — кажа Елісееў. Зь іншага боку, прызнае экспэрт, кепскі імідж кіраўніка Беларусі нікуды ня зьнік. «І Лукашэнка пра гэта добра ведае», — кажа Андрэй Елісееў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG