Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 мітаў пра «Ўсходняе партнэрства» паводле Эўразьвязу


Кандыдаты ў ЭЗ і яго партнэры

23 лістапада ў Брусэлі пачынаецца саміт «Усходняга партнэрства» — ініцыятывы Эўразьвязу па супрацоўніцтву з шасьцю постсавецкімі краінамі — Азэрбайджанам, Армэніяй, Беларусьсю, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай.

Служба зьнешніх сувязяў Эўракамісіі падрыхтавала дакумэнт, у якім выкрываюцца даволі распаўсюджаныя, аднак памылковыя міты пра гэтую ініцыятыву.

Прапануем вам пераклад гэтага тлумачэньня ў скароце.

МІТ № 1

Удзел ва «Ўсходнім партнэрстве» вядзе да сяброўства ў ЭЗ

НАСАМРЭЧ: Ініцыятыва «Усходняе партнэрства» — гэта не працэс уступленьня ў ЭЗ. Яе мэта — стварыць агульную прастору дэмакратыі, дабрабыту, стабільнасьці і шчыльнага супрацоўніцтва. У межах ініцыятывы краіны-партнэры супрацоўнічаюць па наступных накірунках:

1) эканамічнае разьвіцьцё і магчымасьці рынку;

2) умацаваньне інстытутаў і паляпшэньне якасьці кіраваньня;

3) надзейнае энэргазабесьпячэньне;

4) мабільнасьць і зносіны паміж людзьмі.

Кожная краіна сама выбірае, наколькі шчыльнымі павінныя стаць яе адносіны з ЭЗ і якіх мэтаў яна хоча дасягнуць у рамках гэтага супрацоўніцтва.

МІТ № 2

«Усходняе партнэрства», прыдуманае ЭЗ, гэта правакацыя, накіраваная супраць Расеі

НАСАМРЭЧ: Ініцыятыва «Ўсходняга партнэрства» не скіраваная супраць якой-небудзь краіны. Гэта ўзаемавыгадная і канструктыўная плятформа для краінаў рэгіёну, якая дапамагае ім пабудаваць больш шчыльныя адносіны з ЭЗ — зразумела, калі краіны самі гэтага хочуць. ЭЗ не патрабуе ад сваіх партнэраў рабіць выбар: альбо ЭЗ, альбо супрацоўніцтва зь іншымі краінамі.

МІТ № 3 «Усходняе партнэрства» прыводзіць да дэстабілізацыі або зьмены рэжымаў

НАСАМРЭЧ: Мэта праграмы пераўтварэньняў «Усходняга партнэрства» — пазытыўныя зьмены ў жыцьці грамадзянаў ЭЗ і краінаў «Усходняга партнэрства». Адзін з ключавых спосабаў дасягненьня гэтага — гэта ўкараненьне і заахвочваньне дэмакратычных прынцыпаў. ЭЗ не накідае ніякіх канкрэтных дзеяньняў ці праграму краінам-партнэрам. Галоўная мэта супрацоўніцтва палягае ў стварэньні агульнай прасторы дэмакратыі, росквіту і стабільнасьці ў адпаведнасьці з памкненьнямі кожнай асобнай дзяржавы.

МІТ № 4

Праграма «Ўсходняе партнэрства» накідаецца партнэрам насуперак іх волі

НАСАМРЭЧ: «Усходняе партнэрства» — гэта сумесная ініцыятыва ЭЗ і шасьці краінаў-партнэраў. Яна не была ім накінутая, дзяржавы самі выбіраюць, наколькі шчыльна супрацоўнічаць з ЭЗ. ЭЗ не накідае партнэрам ані праграму рэформаў, ані каштоўнасныя ўстаноўкі. Наадварот: краіны-партнэры сам вырашаюць, як яны хочуць падцягнуць свой прафэсійны ўзровень да стандартаў ЭЗ. Гэта робіцца, напрыклад, шляхам пабудовы празрыстых і падсправаздачных структураў кіраваньня і прывядзеньня галіновых стандартаў у адпаведнасьць з нормамі ЭЗ, што адкрывае доступ да шырокіх магчымасьцяў узаемнага гандлю.

МІТ № 5

Грошы ЭЗ «зьніклі» з-за карупцыі

НАСАМРЭЧ: Сродкі ЭЗ — заўсёды прадмет самага строга кантролю і справаздачнасьці. Адзін з галоўных прыярытэтаў ЭЗ у краінах-партнэрах — барацьба з карупцыяй. Рэформа судовай сыстэмы, канстытуцыйныя і электаральныя рэформы, агульнае паляпшэньне бізнес-клімату і рэформы дзяржаўнага кіраваньня, — у падтрымцы ўсіх гэтых рэформаў зацікаўленыя грамадзяне як краінаў ЭЗ, так і краінаў-партнэраў.

МІТ № 6

«Усходняе партнэрства» адчыніла дзьверы для масавай міграцыі ў Эўразьвяз

НАСАМРЭЧ: ЭЗ мае пагадненьні з Грузіяй, Малдовай і Украінай, якія дазваляюць грамадзянам гэтых краінаў, якія атрымалі біямэтрычныя пашпарты, падарожнічаць у Шэнгенскую зону без візы не больш за 90 дзён на працягу 180-дзённага пэрыяду. Яны могуць прыяжджаць як турысты, наведваць сваякоў ці сяброў, але не для таго, каб уладкоўвацца на працу.

З Армэніяй і Азэрбайджанам заключаныя пагадненьні аб спрошчаным візавым рэжыме, у адпаведнасьці з якімі візы па-ранейшаму патрабуюцца, але грамадзяне гэтых краінаў цяпер сутыкаюцца зь меншымі адміністрацыйнымі перашкодамі пры паездцы ў Шэнгенскую зону.

Разам з гэтым былі заключаны пагадненьні аб рэадмісіі, якія ўсталёўваюць працэдуры вяртаньня нелегальных мігрантаў на радзіму, у тым ліку асобаў, якія займаюцца злачыннай дзейнасьцю. Адпаведныя базы дадзеных пра людзей, якія перасякаюць зьнешнія межы ЭЗ, сыстэматычна правяраюцца. Да гэтых базаў належаць Шэнгенская інфармацыйная сыстэма і база дадзеных Інтэрполу аб выкрадзеных і згубленых праяздных дакумэнтах.

Таксама існуе праект Frontex, Эўрапейскай службы памежнай і берагавой аховы, мэта якога — узмацніць ахову межаў шасьці краінаў-партнэраў.

МІТ № 7

Свабодны гандаль стварае невыгодныя ўмовы на рынку ЭЗ для прадукцыі, што вырабляецца ў краінах-партнэрах, і напаўняе яго таннай працоўнай сілай

НАСАМРЭЧ: Гандлёвыя адносіны паміж ЭЗ і краінамі-партнэрамі ўзаемавыгадныя. З аднаго боку, краіны «Усходняга партнэрства» — гэта новыя рынкі і спажыўцы для эўрапейскіх прадпрыемстваў. Зь іншага боку, пагадненьні аб паглыбленых і ўсёабдымных зонах свабоднага гандлю з Грузіяй, Малдовай і Украінай даюць іх грамадзянам вялікі выбар якасных і бясьпечных прадуктаў. Падвышэньне стандартаў абароны правоў спажыўцоў робіць гэтыя тавары больш даступнымі па коштах.

Экспарт ЭЗ у шэсьць краінаў-партнэраў амаль падвоіўся, павялічыўшыся з 16,3 млрд эўра ў 2004 годзе да 30 млрд эўра ў 2016 годзе.

Мытны кантроль на зьнешніх межах ЭЗ азначае, што імпартуемыя тавары павінныя, як і раней, адпавядаць стандартам і патрабаваньням ЭЗ.

МІТ № 8

У рамках «Усходняга партнэрства» ЭЗ супрацоўнічае зь лідэрамі, якія не паважаюць дэмакратыю і правы чалавека

НАСАМРЭЧ: Эўрапейскі Зьвяз быў заснаваны на прынцыпах дэмакратыі і павагі да правоў чалавек. ЭЗ — прыхільнік і абаронца гэтых каштоўнасьцяў як унутры ЭЗ, так і за яго межамі. Карысьць «Усходняга партнэрства» палягае ў тым, што яно прапануе плятформу для, на базе якой краіны ЭЗ і краіны-партнэры абменьваюцца вопытам і карыснымі напрацоўкамі.

Але і па-за межамі «Усходняга партнэрства», якое ўяўляе сабой шматбаковае супрацоўніцтва, ЭЗ з гатоўнасьцю наладжвае моцныя двухбаковыя адносіны з кожнай з краінаў-партінэраў. І з кожнай зь іх з году ў год вядзе пэрсанальны дыялёг, падчас якога ўзьнімае пытаньні, зьвязаныя з дэмакратыяй і правамі чалавека.

МІТ № 9

Калі краіна ўдзельнічае ва «Ўсходнім партнэрстве», то яна не можа быць чальцом Эўразійскага эканамічнага саюзу

НАСАМРЭЧ: Удзел у ініцыятыве «Усходняга партнэрства» не выключае ўдзелу ў Эўразійскім эканамічным саюзе. Армэнія і Беларусь, напрыклад, удзельнічаюць у абодвух праектах. ЭЗ зьяўляецца прыхільнікам рэгіянальнай інтэграцыі, у якой бы частцы сьвету яна ні адбывалася. Але яго падтрымка заснаваная на свабодным выбары краінамі-удзельніцамі і на павазе міжнароднага права, у тым ліку на павазе непарушнасьці межаў. Што ж тычыцца супрацоўніцтва самога ЭЗ з Эўразійскім эканамічным саюзам, то пры жаданьні краінаў-чальцоў ЭЗ узаемадзеяньне магчымае, але ў шчыльнай увязцы з выкананьнем Менскіх пагадненьняў.

МІТ № 10

Грамадзяне ЭЗ не атрымліваюць ніякай выгады ад «Усходняга партнэрства»

НАСАМРЭЧ: Стабільныя, бясьпечныя і квітнеючыя краіны па суседзтву з намі — вельмі важныя для стабільнасьці, бясьпекі і росквіту ЭЗ. Гэта прыносіць непасрэдную карысьць грамадзянам краінаў ЭЗ. Стварыць агульную прастору, якая мае гэтыя якасьці і ёсьць мэта «Усходняга партнэрства».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG