Аўтары ліста раскрытыкавалі Дональда Трампа за ягоную рэакцыю на падзеі ў Шарлотсвілі. На думку супрацоўнікаў камітэту, прэзыдэнт падтрымлівае «тэрарыстаў, якія забілі і паранілі амэрыканскіх грамадзян у Шарлотсвілі». Прадстаўнікі камітэту абвінавацілі Трампа ў скарачэньні бюджэту культурнага дэпартамэнту і выказалі сваю нязгоду зь ягоным рашэньнем аб забароне ўезду ў краіну для мусульман і уцекачоў.
Аўтары адзначаюць, што перавага і дыскрымінацыя ня ёсьць амэрыканскімі каштоўнасьцямі. «Калі гэта незразумела для вас, то мы заклікаем вас таксама сысьці з пасады», — пішуць супрацоўнікі камітэту.
У Белым доме, камэнтуючы ліст прадстаўнікоў культуры, паведамілі, што Трамп вырашыў распусьціць камітэт мастацтваў яшчэ ў пачатку месяца.
Раней на знак пратэсту супраць заяваў прэзыдэнта з нагоды падзеяў у Шарлотсвілі працаваць з камандаю Трампа адмовіліся вядучыя бізнэсмэны. Пасьля гэтага прэзыдэнт абвясьціў пра роспуск Рады прамысловай вытворчасьці і Форуму стратэгіі і палітыкі.
12 жніўня сотні прыхільнікаў ідэі «перавагі белай расы» сабраліся ў Шарлотсвілі на плянаваную дэманстрацыю супраць рашэньня гарадзкіх уладаў зьняць помнік генэралу часоў Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861-65 гадоў Робэрту Лі, які камандаваў войскамі «канфэдэратаў» — паўднёвых рабаўладальніцкіх штатаў, якія паўсталі супраць рашэньня Вашынгтона адмяніць у ЗША рабства. У процівагу прыхільнікам захаваньня помніка выступілі дэманстранты супрацьлеглых поглядаў і антыфашысты, што выклікала жорсткія сутычкі. У нейкі момант чалавек, якога называюць прыхільнікам нацызму і які меў радыкальныя расісцкія погляды, уехаў аўтамабілем у контрдэманстрантаў. У выніку загінула 32-гадовая жанчына, яшчэ 19 чалавек былі параненыя. Таксама з гэтымі акцыямі гвалту зьвязваюць гібель двух паліцыянтаў у выніку аварыі іхнага патрульнага гелікоптэра.
Празь дзень пасьля сутыкненьняў Трамп выказаў спачуваньні ў сувязі з трагедыяй, аднак крытыкі дакаралі яго за тое, што ён не асудзіў дзеяньняў экстрэмістаў.
Пазьней прэзыдэнт ЗША асудзіў праявы расізму і заявіў, што ўсе вінаватыя ў сутыкненьнях у Шарлотсвілі будуць прыцягнутыя да адказнасьці. Ён таксама абвінаваціў «абодва бакі» ў гвалце, які ўспыхнуў у Шарлотсвілі.