Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп назваў «недарэчным» знос помнікаў канфэдэратам


Знос помнік Робэрту Э. Лі ў Новым Арлеане, штат Луізіяна
Знос помнік Робэрту Э. Лі ў Новым Арлеане, штат Луізіяна

Прэзыдэнт ЗША заявіў, што «нельга зьмяніць гісторыю».

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у чацьвер заявіў, што «так недарэчна» зносіць помнікі генэралам і вайскоўцам Канфэдэрацыі, якія змагаліся ў Грамадзянскай вайне на баку, які прайграў, паведамляе «Голас Амэрыкі».

У сэрыі камэнтароў у «Твітэры» Трамп напісаў: «Сумна бачыць, як гісторыю і культуру нашай краіны разьдзіраюць, зносячы выдатныя статуі і помнікі».

«Нельга зьмяніць гісторыю! — напісаў Трамп. — Але можна вучыцца на яе прыкладзе. Роберт Э. Лі, Джэксан — а хто наступны, Вашынгтон, Джэфэрсан? Гэта так недарэчна! Да таго ж у нашых гарадоў і паркаў адбіраюць прыгажосьць, якой будзе моцна не хапаць і якую ніколі не заменяць нічым параўнальным!»

Трамп выказаў сваю думку з нагоды помнікаў канфэдэратам пасьля нядаўніх падзей у Шарлотсьвілі, штат Вірджынія, дзе белыя нацыяналісты зладзілі акцыю пратэсту супраць зносу помніка генэралу Лі, які ўзначальваў войска Канфэдэрацыі падчас Грамадзянскай вайны 1861-1865 гадоў.

Трамп зазнаў крытыку з боку самых розных прадстаўнікоў палітычнага спэктру ЗША пасьля ягоных заяў, што дэманстранты, якія прадстаўляюць групоўкі ультраправага толку, і іх праціўнікі ў роўнай ступені адказныя за беспарадкі, якія адбыліся.

Падчас беспарадкаў загінула адна жанчына і 19 чалавек атрымалі раненьні, калі прыхільнік нацыяналістаў заехаў на аўтамабілі ва ўдзельнікаў сустрэчнай акцыі. Белыя нацыяналісты, прыхільнікі Ку-клукс-клану і нэанацысты скандавалі лёзунгі, накіраваныя супраць расавых меншасьцяў і габрэяў.

Галоўны паліттэхноляг Белага дома Стыў Бэнан на гэтым тыдні пастараўся прыменшыць уплыў ультраправага крыла на палітычнай арэне ЗША, хоць да далучэньня да прэзыдэнцкай камандзе апублікаваў артыкул у падтрымку лёзунгу «Амэрыка перадусім».

«Этнанацыяналісты — няўдачнікі, — сказаў ён. — Гэта маргінальны элемэнт. Мне здаецца, СМІ надаюць гэтаму занадта шмат увагі, і нам трэба гэта душыць больш актыўна. Гэтыя хлопцы — проста зборышча блазнаў».

Пры гэтым Бэнан лічыць, што камэнтары Трампа з нагоды помнікаў канфэдэратам — выйгрышная стратэгія, хоць дэмакраты і абвінавачваюць прэзыдэнта ў падтрымцы расісцкіх груповак.

«Чым даўжэй дэмакраты разважаюць на тэму ідэнтычнасьці, тым лепш, — сказаў ён. — Хай гавораць пра расізм кожны дзень. Калі левыя засяродзяцца на праблемах расы і ідэнтычнасьці, а мы — на эканамічным нацыяналізьме, мы зможам сьцерці дэмакратаў».

Грамадзянская вайна стала асноватворнай падзеяй амэрыканскай гісторыі. Яна выбухнула пераважна праз патрабаваньні паўднёвых землеўласьнікаў захаваць рабаўладальніцкай строй і аддзяліць 11 штатаў ад фэдэральнага цэнтру, аднак у выніку колькасная перавага аказалася на баку сіл Саюзу. У ходзе вайны загінулі 620 тысяч чалавек, як на полі бою, так і ад голаду і хваробаў.

Гэтая вайна шмат у чым вызначыла далейшыя стасункі паміж белым і чарнаскурым насельніцтвам краіны. У шэрагу гарадоў зьнесьлі многія з 718 помнікаў воінам Канфэдэрацыі, у той час як іншыя гарады разглядаюць пытаньне аб іх зносе.

У ЗША назіраюцца супярэчлівыя ацэнкі кампаній зносу помнікаў у грамадзкіх месцах, часьцяком у парках і на гарадзкіх плошчах, пераважна на Поўдні. Многія патрабуюць зьнесьці помнікі як сымбаль, бясспрэчна, ганебнай старонкі ў гісторыі Злучаных Штатаў — рабаўладаньня.

Іншыя амэрыканцы, у тым ліку Трамп, настойваюць, што нельга перапісваць гісторыю краіны, зносячы помнікі, і нагадваюць, што некаторыя з бацькоў-заснавальнікаў краіны, у тым ліку Джордж Вашынгтон і Томас Джэфэрсан, таксама былі рабаўладальнікі. У сваім твіце, дзе згадваюцца першы і трэці прэзыдэнты краіны, Трамп ужо другі раз за тыдзень падняў пытаньне пра тое, як далёка зойдуць прыхільнікі выкараненьня напамінкаў аб рабаўладальніцкай эпосе.

Сталіца ЗША названая ў гонар Вашынгтона, а два з найбольш важных помнікаў краіны — у гонар Вашынгтона і Джэфэрсана. У Капітоліі стаяць 10 статуй вядомых дзеячаў Канфэдэрацыі, якія, мяркуючы па ўсім, там і застануцца.

На гэтым тыдні ў Балтыморы, штат Мэрылэнд, зьнесьлі чатыры помнікі канфэдэратам. Гэта было зроблена ноччу, без папярэдняй аб’явы, каб пазьбегнуць пратэстаў, як у Шарлотсьвілі. У Дарэме, штат Паўночная Караліна, дэманстранты самавольна павалілі помнік салдату Канфэдэрацыі, аднак паліцыя прад’явіла чатыром удзельнікаў акцыі абвінавачаньні ў вандалізьме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG