Журналіст паскардзіўся, што яго зьбілі міліцыянты. Сьледчыя адмовіліся завесьці справу

Дзяніс Марук

Упраўленьне Сьледчага камітэту па Берасьцейскай вобласьці адмовілася завесьці справу на міліцыянтаў, якія зьбілі рэдактара сайту realbrest.by Дзяніса Марука ў Ленінскім РАУС. Сьледчыя, якія разглядалі скаргу тры месяцы, прыйшлі да высновы, што міліцыянты не парушылі заканадаўства.

Дзяніс Марук быў затрыманы 28 сакавіка. Паводле яго словаў, міліцыянты ў Ленінскім РАУС зьбілі яго. Білі галавой аб сьцяну, па нырках, выкручвалі рукі, кінулі на брудную падлогу, тыкалі пальцам у вочы, затыкалі рот і нос, каб задыхнуўся, устаўлялі ў зубы сталовую лыжку.

Пасьля гэтага журналіст зафіксаваў пабоі і накіраваў скаргу ў пракуратуру і Сьледчы камітэт:

«Сьледчыя мне сказалі, што ў запісах відэакамэры зь Ленінскага РАУС не відаць, каб было зьбіцьцё. Маўляў, пагадзіцеся, што мы ня бачым кулака, які трапляў бы ў вашу галаву. Але гэта абсалютна зразумела з запісу. Была добра відаць лыжка, якую паклалі на паліцу — пасьля таго як расьціскалі мне сківіцы. У выніку расьсьледаваньне прыйшло да высновы, што міліцыянты дзейнічалі ў межах закону, бо я раптам стаў уяўляць пагрозу сабе і навакольным. Таму, каб апанаваць сытуацыю, міліцыянты нібыта не маглі ня дзейнічаць гвалтоўным чынам».

Сьледчыя таксама адмовіліся завесьці крымінальную справу супраць самога журналіста паводле артыкулу «Загадзя ілжывы данос», кажа Дзяніс Марук:

«Атрымліваецца, што я схлусіў, але адначасова і не схлусіў. Яны мяне апраўдваюць, нібыта я сказаў праўду, але і адначасова прымаюць рашэньне, што мяне ніхто не зьбіваў і не катаваў. Цікава, што на працягу месяца сьледчыя таксама высьвятлялі, ці не нанёс я сам сабе пашкоджаньні, якія былі зафіксаваныя судова-мэдычнай экспэртызай».