Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За скоцкія адносіны», — жыхар Століна скочыў з вакна будынку міліцыі


Скочыў з вакна, бо ня вытрымаў «скоцкага стаўленьня» міліцыянтаў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:53 0:00

Жыхар Століна Віктар Пігаль цяпер у лякарні зь пераломам хрыбетніка і нагі. Ён кажа, што ня вытрымаў «скоцкіх адносін» у Столінскім РАУС і скочыў адтуль з другога паверху.

42-гадовы Пігаль у разводзе, жыве адзін, амаль ня мае сваякоў. За няплату алімэнтаў зь 2015 да пачатку 2017 году адбываў пакараньне на «хіміі». Цяпер ня мае сталай працы, перабіваецца часовымі падпрацоўкамі.

Віктар расказаў журналістам, што калі яго прывезьлі ў Столінскі РАУС, каб афармляць у ЛТП, ён сутыкнуўся з пагрозамі і прымяненьнем фізычнай сілы:

«Гэта было 24 траўня. Да мяне прыехалі два ўчастковыя. Паднялі мяне з ложка. Па дарозе ў РАУС мне пачалі пагражаць, абражаць. Маўляў, кінем у камэру, там ты па-іншаму загаворыш. Прыехалі ў пастарунак, на мяне склалі пратакол, што быў пʼяны ў грамадзкім месцы. Але калі разабрацца, то мяне ж з дому забралі, не на вуліцы дзесьці. Я адмовіўся яго падпісваць. Пасьля гэтага пачалі сваю сілу паказваць — прыёмы, рукі круціць. А нашто гэта? Я ж не супраціўляўся. Што яны хацелі гэтым даказаць, я не разумею. Пачалі пагражаць, што гэта, маўляў, толькі пачатак, маўляў, закінуць у асобную камэру, там і „пагутараць“ са мной. Якія там размовы, што да чаго... Калі мяне забіралі на ЛТП накіроўваць, то няхай бы пасадзілі ў камэру, ды чакаў бы гэтага этапу тры дні. Навошта трымаць у пастарунку ды гэтыя пагрозы рабіць?» — кажа Віктар.

Віктар Пігаль зь пераломамі ў лякарні Століна
Віктар Пігаль зь пераломамі ў лякарні Століна

Пігаль перакананы, што на яго не магло быць скаргаў. Тое, што яго прыехалі забіраць міліцыянты, ён тлумачыць тым, што супрацоўнікі «проста зьбіралі этап на ЛТП».

Ён тлумачыць, што напужаўся пагрозаў у РАУС і вырашыў уцячы адтуль:

«Пасьля гэтага я вырашыў уцячы пры першай магчымасьці. Навошта мне ў тую камэру ісьці, я ж ня ведаю, што там будзе далей. Такая магчымасьць атрымалася, калі яны выпусьцілі мяне з поля зроку, сабраліся каля дзяжуркі, а другі паверх быў вольны, праход да лесьвіцы, я акно адчыніў і, нядоўга думаючы, скочыў. Там, дзе машыны стаялі, на асфальт. Але няўдала скочыў, паламаў нагу і хрыбетнік.

Пасьля гэтага падняўся, яшчэ стан шоку быў, мяне ўбачылі супрацоўнікі, прыбеглі і зацягнулі на першы паверх, кінулі ў калідоры. Я іх стаў прасіць, каб выклікалі „хуткую“, адчуваў, што пералом. Але мяне ніхто ня слухаў, думалі, што я сымулюю. Гэта працягвалася досыць доўга. Потым яны, відаць, задумаліся, параіліся, паглядзелі камэры, што з другога паверху скочыў. Але хуткую ня выклікалі, мяне паднялі і на сваёй машыне завезьлі ў лякарню», — кажа Віктар Пігаль.

Віктар Пігаль кажа, што спужаўся пагрозаў міліцыянтаў і скочыў у акно
Віктар Пігаль кажа, што спужаўся пагрозаў міліцыянтаў і скочыў у акно

Віктар кажа, што потым да яго ў лякарню прыяжджаў падпалкоўнік, якому ён расказаў, што здарылася, што ён «за скоцкія адносіны скочыў у акно».

Лекар Столінскай цэнтральнай раённай лякарні Сяргей Кісель кажа, што пераломы Віктара Пігуля зрастуцца, а пакуль яму трэба ляжаць:

«Скочыў з другога паверха, зламаў пятку, хрыбетнік. Пятку апэравалі, здаецца, няблага склалі, зрасьцецца. Пералом хрыбетніка не такі там кампрэсійны, першай ступені, павінна таксама ўсё добра быць. Але трэба паберагчыся крыху, больш ляжаць, меней рухацца».

Столінскі РАУС
Столінскі РАУС

Журналісты наведалі Столінскі РАУС, каб атрымаць афіцыйны камэнтар па сытуацыі зь Віктарам Пігалем. Аднак у дзяжурнай частцы адказалі, што адказныя асобы ў камандзіроўцы або ў адпачынку, таму пракамэнтаваць няма каму.

«Няма магчымасьці вас прыняць», — сказалі ў РАУС.

Камэнтар адказнай асобы атрымаць не ўдалося і на наступны дзень. Працоўны тэлефон выканаўцы абавязкаў начальніка Столінскага РАУС Юрыя Арсяновіча не адказваў.

Столінскі РАУС цягам вясны ўжо трапляў у скандалы ў мэдыях. 22 сакавіка ў нецьвярозым стане за стырном аўтамабіля быў затрыманы начальнік Столінскага РАУС Вячаслаў Філіпчык. 6 траўня ў падобнай сытуацыі быў затрыманы яшчэ адзін супрацоўнік Столінскага РАУС.

На дадзены момант начальнік у РАУС не прызначаны, яго абавязкі выконвае ранейшы першы намесьнік начальніка Юры Арсяновіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG