Палова беларускай моладзі займаецца спортам. Шмат хто пры гэтым выпівае

Ілюстрацыйнае фота

Паводле зьвестак Белстату, амаль палова жыхароў Беларусі ва ўзросьце 16–29 гадоў займаецца спортам або фізкультурай: 51,1% хлопцаў і 45,9% дзяўчат.

Штодзень спортам або фізкультурай займаюцца 5,6% хлопцаў і 8% дзяўчат, а 4–6 разоў на тыдзень — 9,4% хлапцоў і 12,4% дзяўчат. У асноўным жа «спартоўцы» займаюцца 2-3 разы на тыдзень — 48,3% хлапцоў і 50,2% дзяўчат. Яшчэ 6,6% хлапцоў і 4,8% дзяўчат займаюцца раз на тыдзень. Астатнія — раз-пораз.

Пры гэтым доля «спартоўцаў» апошнія сем гадоў расьце (у 2010 годзе толькі 41,7% хлопцаў і 37,9% дзяўчат займаліся спортам або фізкультурай). Дзяўчаты зь невядомай прычыны сталі крыху меней займацца спортам у 2012-2013 годзе («адпалі» 5%, але потым вярнуліся да спорту), хлопцы — у 2015-м («адпалі» і вярнуліся 1,8%).

Магчыма, справа ў тым, што з катэгорыі моладзі выходзілі «болей спартовыя» дзяўчаты 1982–1983 гадоў нараджэньня і ўваходзілі «меней спартовыя» дзяўчаты 1996–1997 гадоў нараджэньня, хлопцы — адпаведна 1985 і 1999 гадоў.

Найважнейшым у занятках спортам і фізкультурай 43,3% маладзёнаў назвалі магчымасьць умацаваць здароўе. Хлопцам больш важна, што гэта дазваляе захаваць фізычную форму: гэта назвалі найважнейшым 47,2% хлапцоў і 32,4% дзяўчат.

А што старэйшыя?

У прынцыпе, беларусы не спрачаюцца, што фізкультура і спорт умацоўваюць здароўе: так лічаць 96% жанчын і 95% мужчын ва ўзросьце ад 16 гаоў і старэйшых, паводле зьвестак Белстату.

Але наогул сярод беларусаў, маладзейшых і старэйшых разам, толькі 25% жанчын і 22% мужчын займаюцца спортам. Відавочна, статыстыку «псуюць» старэйшыя за 29 гадоў.

Дарэчы, сярод беларусаў усіх узроставых групаў пасьля 16 гадоў самастойна займаюцца спортам ці фізкультурай 77%, а арганізаваныя трэніроўкі наведваюць толькі 23%.

Здароўе, кажаце?

Пры павазе да спорту беларусы розных узростаў, тым ня меней, маюць шэраг шкодных звычак.

Пакуль усё больш моладзі займаецца спортам, павялічваецца і колькасьць маладых, хто пачынае курыць тытунь. На сёньня кураць каля 30% беларусаў, калі сярэднеэўрапейскі паказьнік — 28%.

За апошнія 30 дзён не пілі алькаголю толькі каля 21,5% беларускіх мужчын і 29,2% жанчын 18–69 гадоў. Беларусь у лідэрах спажываньня алькаголю ў сьвеце, у 2016 годзе займае другое месца ў Эўропе пасьля Літвы з 16,4 літра ўмоўнага чыстага сьпірту на чалавека за год (паводле Ўсясьветнай арганізацыі здароўя, гаворка пра старэйшых за 15 гадоў).

Улічваючы, што выпівалі алькаголь цягам месяца 52,8% беларусаў, цалкам верагодна, што ёсьць тыя, хто і ўжывае алькаголь (пры гэтым у вялікіх паводле ўсясьветных мерак аб’ёмах), і займаецца спортам.

Тры рэчы, якія трэба зрабіць, каб беларус заставаўся цьвярозым

Спорт і фізкультура могуць дапамагчы яшчэ ў адной праблеме беларусаў — залішняй вазе. Гэтую праблему мае 60,6% насельніцтва Беларусі ва ўзросьце ад18 да 69 гадоў. А 25,4% беларусаў дык наогул маюць атлусьценьне. Але, каб пахудзець, можна ня толькі займацца спортам: дапамагае таксама правільнае харчаваньне насуперак некаторым традыцыям.