Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Лідчыне частку радзівілаўскай брамы пабурылі прычэпам з гноем


Рэшкі радзівілаўскай брамы побач зь вёскай Жырмуны Лідзкага раёну

Калгасныя трактарысты вазілі праз браму 18-га стагодзьдзя гной, зачапілі яе прычэпам і абвалілі вялікі кавалак цаглянай сьцяны.

Рэшткі радзівілаўскай брамы і былога палаца ў вёсцы Жырмуны Лідзкага раёну нікому не належаць і стаяць занядбаныя.

Рэшткі палаца і брамы невядомага часу і невядомага дойліда

Былыя радзівілаўскія палацы і ўязная брама паміж імі з аднаго боку нагадваюць гару цэглы, побач зь якой вывезенае вяскоўцамі сьмецьце, куча гною. Наўкола поле, зарослае сухой травой і хмызьняком.

А з другога боку на браме яшчэ добра выдзяляюцца клясыцыстычныя калёны. Мэтровыя сьцены з чырвонае цэглы трымаюць аснову збудаваньня. Яшчэ відаць сьляды роўненькага бруку, які вёў праз браму. Нешта ўрачыстае адчуваецца нават здалёк.

Лідзкі краязнаўца Міхал Бурачэўскі кажа, што складана назваць час пабудовы гэтага палаца і брамы, але краязнаўца ўпэўнены, што палац быў збудаваны яшчэ да падзелаў Рэчы Паспалітай. Найгорш, паводле яго, тое, што гэтыя збудаваньні не былі ўнесеныя ў рэестар гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Не рамантавалі палац і раней — у савецкія часы.

Краязнаўца Міхал Бурачэўскі
Краязнаўца Міхал Бурачэўскі

«Магчыма, яму каля трохсот гадоў. Але гэта было б няцяжка ўдакладніць, каб гэтым заняліся навукоўцы, — кажа спадар Міхал. — Нават па стандартах цэглы можна было б вызначыць дакладны час пабудовы. Невядома ж, хто пабудаваў гэтую прыгажосьць. Дадзеных няма, проста людзі распавядаюць, што гэта было збудавана Радзівіламі, а пазьней належала іншым заможным родам. Але такія рэчы трэба ведаць больш дакладна».

Вялікі кавалак адваліўся ад брамы сёлета, калі яго зачапілі прычэпам з гноем

У Жырмунах усяго некалькі хатаў. Гаспадыні-пэнсіянэркі пільна сочаць за тым, хто ходзіць каля палаца. Спадарыня Яніна Сінкевіч кажа, што нарадзілася ў Жырмунах, памятае, калі ў палацы жылі яшчэ людзі, хадзіла сюды ў школу.

Так абвалілася сёлета брама, калі яе зачапілі прычэпам
Так абвалілася сёлета брама, калі яе зачапілі прычэпам

«Вы нават не ўяўляеце, як шкада гэтай брамы, — кажа спадарыня Яніна. — Мне яшчэ мама распавядала, што яна цалкам такая, як у Парыжы Трыюмфальная арка — ім пра гэты паны казалі, якія тут жылі за польскім часам. А тут вось сёлета пачалі вазіць гной на поле, і няма таго каб аб’яжджаць арку — езьдзілі празь яе і прычэпам зачапілі. Вось яна і абвалілася...» — кажа спадарыня Яніна.

Яніна Сінкевіч
Яніна Сінкевіч

У палацы ўзрывалі бомбу, але ён выстаяў

Спадарыня Яніна кажа, што памятае, як палац пачалі разьбіраць людзі з навакольных вёсак пасьля вайны на будоўлю сваіх дамоў. Разабралі, паводле яе, найперш правы флігель, які быў прыгажэйшы і ў якім жылі самі гаспадары. А ў левым флігелі жыло некалькі сем’яў, пасьля вайны там была і школа, таму ён прастаяў больш.

Рэшткі флігеля, у якім савецкія вайскоўцы ўзрывалі бомбу
Рэшткі флігеля, у якім савецкія вайскоўцы ўзрывалі бомбу

«Памятаю, хіба ў гадах 70-х вайсковыя прывезьлі ў будынак палаца нейкую бомбу, недзе нешта будавалі і яе раскапалі, — узгадвае спадарыня Яніна. — Занесьлі ў палац, а потым узарвалі. Унутры перагародкі паваліліся, але палац выстаяў, толькі з часам сьцены пачало круціць».

«Тут трэба было рабіць санаторый, а яны побач збудавалі сьвінафэрму...»

Яшчэ адна жыхарка Жырмунаў, спадарыня Бэрнарда, з трывогаю ў голасе цікавіцца — які лёс чакае рэшткі радзівілаўскай аркі і палаца?

«Мой сын калі пачуў, што браму хочуць зьнесьці, то сказаў, што прадамо хату і выедзем адсюль, — кажа спадарыня Бэрнарда. — А ўявіце, што я яшчэ памятаю ня толькі цэлыя будынкі, але і вялікі прыгожы сад каля іх, ставы, поўныя рыбы. Тут можна было рабіць санаторый, але калгас побач збудаваў сьвінафэрму, і сад панішчылі, яго ніхто не даглядаў».

«Разваленая гісторыя, але сюды ўвесь час прыяжджаюць вясельлі і фатаграфуюцца...»

Спадарыня Яніна кажа, што перад вайной на браме віселі вялікія карціны. Ёй пра гэта распавядала ейная маці. Нібыта яны былі прывезеныя з Эўропы, але з ад’ездам уладальнікаў у 1939 годзе зьніклі. Людзі, паводле яе, прыходзілі заўсёды на іх паглядзець.

Рэшткі аднаго з флігеляў
Рэшткі аднаго з флігеляў

«Я, ведаеце, увесь час дзіўлюся, што як толькі пацяплее, сюды адразу пачынаюць прыяжджаць вясельлі з навакольных вёсак і зь Ліды, каб сфатаграфавацца, як некалі перад вайной, — кажа спадарыня Яніна. — Маладыя ў шлюбных сукенках скачуць па гэтых развалінах і робяць сабе на памяць здымкі. Ніяк не магу зразумець — чаму людзі ня могуць аднавіць гэтую прыгажосьць, каб можна было ня толькі сфатаграфавацца, але пабыць, адпачыць...»

Радзівілаўскія збудаваньні дагэтуль нідзе не стаяць на балянсе

Старшыня Крупаўскага сельсавету Руслан Мельнік сказаў Свабодзе, што ведае пра гаротны стан радзівілаўскіх збудаваньняў побач з Жырмунамі. Паводле яго, пасьля таго як частка брамы сёлета абвалілася, яны безумоўна ўяўляюць пагрозу для людзей.

«Справа ў тым, што ў радзівілаўскіх збудаваньняў няма гаспадара, яны сёньня нікому не належаць і ні ў кога ня лічацца на балянсе, — сказаў Свабодзе спадар Мельнік. — Рашэньне па гэтых збудаваньнях будзе прымаць райвыканкам».

Пад Баранавічамі абрынуліся сьцены палаца Радзівілаў. ФАТАФАКТ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG