Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Згарэў унікальны драўляны касьцёл XVIII ст., у якім служыў Казімер Сваяк


У ноч на 6 чэрвеня ў вёсцы Клюшчаны Астравецкага раёну згарэў парафіяльны касьцёл Сьвятога Яўхіма, перадае catholic.by. Па факце ўзгараньня вядзецца праверка. Як асноўныя вэрсіі разглядаюцца падпал або ўзгараньне праводкі.

Паводле ксяндза пробашча Анатоля Захарэўскага, мясцовыя жыхары заўважылі пажар у пад 6-ю раніцы, пры гэтым яшчэ ў а 4-й гадзіне касьцёл быў цэлы — побач зь ім праяжджаў малакавоз, кіроўца якога не заўважыў ніякіх прыкметаў дыму ці агню. На выклік прыехалі восем пажарных машын, але драўляны будынак не пасьпелі ўратаваць.

За два тыдні да здарэньня на нарадзе ў Астравецкім райвыканкаме абмяркоўвалі ўключэньне касьцёла ў сьпіс помнікаў, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы, але так і не ўключылі. Касьцёл у Клюшчанах быў збудаваны ў 1726 годзе і дзейнічаў да 1948 году, пакуль ня быў закрыты савецкімі ўладамі. У 1990 годзе касьцёл аднавілі і адбудавалі, у 1993 годзе асьвяцілі паўторна.

У 1915 годзе ксёндз Канстанцін Стаповіч, вядомы як паэт пад псэўданімам Казімер Сваяк, прамовіў там адну зь першых сваіх казаняў на беларускай мове. Ён зладзіў у касьцёле парафіяльны хор, сам сьпяваў у хоры і граў на скрыпцы. У Клюшчанах у часы Сваяка ўзьнік нелегальны гурток «Хаўрус Сваякоў», галоўнай задачай якога была самаадукацыя на аснове хрысьціянскай этыкі. Намаганьнямі сьвятара ў навакольлі пачалі дзейнічаць сем беларускіх школаў. У іншы час у касьцёле быў пробашчам Ян Семашкевіч, вядомы як паэт Янка Быліна.

Клюшчанскі касьцёл у «Падарожжах дылетанта» (з 8-й хвіліны)

Error rendering VK.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG