Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краязнавец уратаваў старадаўні вадзяны млын на Горадзеншчыне ад руйнаваньня


Вадзяны млын пачатку ХХ стагодзьдзя ў вёсцы Нарушаўцы Ашмянскага раёну на Горадзеншчыне, які рабочыя сельгаспрадпрыемтва «Гальшаны» ўжо пачалі былі разьбіраць, усё ж перададуць у карыстаньне мясцоваму краязнаўцу Алесю Варыкішу, які займаецца ў гэтых мясьцінах агратурызмам.

Млын напалову разабралі

Даведаўшыся, што разьбіраюць стары вадзяны млын у Нарушаўцы, Алесь Варыкіш патэлефанаваў Мікалаю Праўко, старшыні сельгаспрадпрыемства «Гальшаны», на тэрыторыі якога і знаходзіцца гістарычны абʼект.

Алесь Варыкіш, архіўнае фота
Алесь Варыкіш, архіўнае фота

Краязнавец і прадпрымальнік спрабаваў угаварыць спадара Праўко ня нішчыць млын, а прадаць яму. Патлумачыў, што зьбіраецца аднавіць яго і будзе прыводзіць сюды турыстаў. Але спадар Праўко ня стаў яго слухаць.

Варыкіш кажа, што млын хоць і ня быў пад аховай дзяржавы, але ўсё роўна меў гістарычную каштоўнасьць.

«Нам кажуць, каб мы прыцягвалі ў рэгіён турыстаў, але ім жа трэба нешта паказваць. А гэта быў адзін з апошніх драўляных вадзяных млыноў у нашым раёне. То навошта яго нішчыць? Там некалі быў шляхецкі фальварак, можна было паціху ўсё аднаўляць. Я хацеў раней зьвярнуцца да кіраўніцтва гаспадаркі, каб мне яго прадалі, але не пасьпеў...», — кажа Свабодзе Варыкіш.

«Не разумею, чаму гэтага было не зрабіць раней?»

Пасьля таго як у СМІ зьявілася інфармацыя пра зьнішчэньне старога млына, старшыня сельгаспрадпрыемства Мікалай Праўко зьмяніў першапачатковае рашэньне.

Раніцай 16 студзеня ён сказаў Варыкішу, што гатовы перадаць яму будынак старога млына.

Свабодзе Праўко яшчэ 15 студзеня казаў, што папросту выконвае загад зьверху і разьбірае закінуты гнілы будынак. А ўжо сёньня сказаў, што нічога супраць агратурызму ў рэгіёне ня мае, а наадварот, гатовы спрыяць ягонаму разьвіцьцю.

«Я сёньня прывёз сюды юрыста, каб вырашылі, якім чынам дакумэнтальна гэта аформіць. Папераў, напэўна, будзе шмат, бо да сьнежня 2017 году будынак быў на балянсе СПК „Гальшаны“, а цяпер яго перадалі ў райвыканкам. Толькі вось не разумею, чаму гэтага было не зрабіць раней, калі будынак дзясяткі гадоў стаяў і гніў...», — сказаў Праўко.

Як захаваць занядбаную спадчыну?

Антон Астаповіч, старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, сказаў Свабодзе, што ўжо стаміўся камэнтаваць падобныя сытуацыі. Паводле яго, будынак млына, прастаяўшы шмат гадоў, так і ня меў статусу гістарычнага помніка.

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч

Ён не апраўдвае кіраўніка гаспадаркі і мясцовыя ўлады, якія пачалі разьбіраць млын. Але ставіць пытаньне перад рэгіянальнымі краязнаўцамі: чаму яны пачынаюць агучваць праблемы толькі тады, калі пачынаецца руйнаваньне? Або цяжка ўнесьці прапанову, каб надаць помніку статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці?

«У заканадаўстве прапісана, што кожная фізычная асоба можа прапанаваць той ці іншы абʼект для ўнясеньня ў рэестар помнікаў, якія ахоўваюцца дзяржавай. Але ў нас на месцах ніхто гэтага ня хоча рабіць. А калі помнік зруйнуюць, пачынаецца лямант», — кажа спэцыяліст.

Астаповіч прапануе неабыякавым людзям на месцах абʼяднаць намаганьні, каб зьвяртацца да ўладаў дзеля наданьня вартым абʼектам статусу гістарычных помнікаў.

«Усё паціху ўдасца аднавіць»

Даведаўшыся пра рашэньне кіраўніка сельгаспрадпрыемства, Алесь Варыкіш не хаваў задавальненьня. Тое, што млын стаіць паўразабраны, яго не палохае. Ён перакананы, што «ўсё паціху ўдасца аднавіць» — і помнік стане прывабны для турыстаў. Паводле Варыкіша, на гэта патрэбны час.

Вялікае Княства на двух гектарах. Упершыню ў Беларусі ствараецца парк мініятурных старажытных замкаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG