Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзе мы набяромся тых грошай?» Ці ўратуюць у Мсьціславе каталіцкія сьвятыні


У Мсьціславе, што ў 100 кілямэтрах на ўсход ад Магілёву, разбураюцца каталіцкія сьвятыні. У касьцёле Сьвятога Міхала Арханёла абвалілася сьцяна, і райвыканкам шукае грошай ратаваць бажніцу. У кармэліцкім касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі не адзін год цячэ дах. Абодва помнікі архітэктуры ў камунальнай уласнасьці.

Дэпутаты Мсьціслаўскага райсавету: каб уратаваць помнікі, неабходныя грошы, якіх у мясцовым бюджэце няма

Занядбаны будынак касьцёла Сьвятога Міхала Арханёла — за трыста мэтраў ад райвыканкаму. Бажніца відаць здалёк. Яе выгляд рэзка кантрастуе з навакольлем, прыхарошаным перад Дажынкамі ў 2016 годзе.

Фасад пашкоджанай каталіцкай бажніцы
Фасад пашкоджанай каталіцкай бажніцы

Сьцяна помніка архітэктуры XVII стагодзьдзя абвалілася месяц таму. З таго часу мала што зьмянілася. Фасадную частку абнесьлі драўлянай агароджай. Праход на пляцоўку з аварыйным будынкам забаронены.

Паводле заканадаўства адказнасьць за захаваньне помнікаў архітэктуры ўскладаецца на органы мясцовага самакіраваньня.

Старшыня Мсьціслаўскага райсавету Сьвятаслаў Кусаў на пытаньне, ці мог райсавет паўплываць на сытуацыю з захаваньнем помніка архітэктуры, сказаў, што мясцовая ўлада ня мае на гэта сродкаў, але намагаецца іх адшукаць.

Суразмоўца запэўніў, што дэпутаты райсавету на сваіх пасяджэньнях абмяркоўвалі стан гісторыка-культурнай спадчыны ў Мсьціславе. Ён прыгадаў, што на ахвяраваньні была адноўленая Траецкая праваслаўная царква (у 2016 годзе да «Дажынак». — РС). Заўважыў, што ўвага аддаецца і кармэліцкаму касьцёлу.

«Я лічу, што Мсьціслаў ужо цяпер — горад-помнік і музэй. У ім столькі ўсялякіх культурных каштоўнасьцяў. Але патрэбныя грошы, каб усё гэта падтрымліваць у належным стане», — падсумаваў старшыня райсавету Сьвятаслаў Кусаў.

Адноўленая праваслаўная Траецкая царква
Адноўленая праваслаўная Траецкая царква

Побач з аварыйным касьцёлам Сьвятога Міхала Арханёла — Дом дзіцячай творчасьці і школа мастацтваў. Заняткі ў іх спыненыя. Тры сотні гадаванцаў папераводзілі ў іншыя навучальныя ўстановы. Дырэктарка дзіцячай школы мастацтва Алена Кандрацьева зьбіраецца стаць дэпутатам райсавету. Разбурэньне помніка архітэктуры яна называе балючым пытаньнем.

«Нас пакуль выселілі з будынка школы, і мы змагаемся за тое, каб як найхутчэй пачаліся аднаўленчыя працы, — кажа яна. — Безумоўна, патрэбная фінансавая падтрымка, і ўсе працуюць у гэтым кірунку. Міністэрства культуры праінфармавана, адкрыты дабрачынны рахунак. Зразумела, што дужа шмат папяровай валакіты».

Міністэрства культуры: «Мы строга ўказалі»

Начальнік упраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Аксана Сматрэнка на пытаньне, ці распрацаваныя захады па ратаваньні касьцёла Сьвятога Міхала Арханёла, адказала, што гэта ў кампэтэнцыі Мсьціслаўскага райвыканкаму.

«Міністэрства культуры ня можа выступаць замоўнікам, — кажа яна, — а можа толькі строга ўказваць: „Рабіце!“. Мы гэта зрабілі: „строга ўказалі“».

Паводле суразмоўніцы, прычыны абвалу сьцяны павінны вызначыць адмыслоўцы, і за гэта таксама адказвае мясцовы выканкам.

Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла відаць здалёк
Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла відаць здалёк

Пра пагрозу разбурэньня помніка архітэктуры папярэджвалі рупліўцы мясцовай даўніны. Рэстаўратар Юры Маліноўскі, пасьля таго як абвалілася адна зь дзьвюх калён галоўнага нэфу, папярэджваў райвыканкам: тое самае будзе і з другой, бо яна цяпер трымае падвойную нагрузку.

Выхадзец з Амсьціслава Дзяніс Касьцюкевіч пасьля бясплённага ліставаньня з чыноўнікамі запісаў відэазавароты да міністраў культуры — спачатку Барыса Сьвятлова, а затым яго пераемніка Юрыя Бондара. Звароты выніку не далі — частка касьцёльнай сьцяны ўрэшце абвалілася. Тое самае можа здарыцца і з дахам касьцёла.

Райвыканкам пра зьбіраньне сродкаў: са сьвету па нітцы цягнуць

У Мсьціслаўскім райвыканкаме наракаюць, што ў бюджэце няма сродкаў, каб прадухіліць далейшае разбурэньне касьцёла. Пра аднаўленьне гаворкі няма, толькі пра кансэрвацыю.

«Будзем прасіць у міністэрстве, у вобласьці, будзем са сьвету па нітцы цягнуць. Тут і грамадзкасьць выказалася, каб дапамагчы. Можа, крыху і зьбяром, і, магчыма, да вясны нейкія працы і пачнуцца», — сказаў супрацоўнік аддзелу архітэктуры і будаўніцтва Мсьціслаўскага райвыканкаму Ігар Савіцкі.

Паводле чыноўніка, пакуль замовілі інструмэнтальнае абсьледаваньне помніка, якое мае вызначыць першачарговыя захады па яго стабілізацыі. Сытуацыю з аварыйным будынкам Ігар Савіцкі называе «вузлом напругі».

Касьцёл з абваленай сьцяной
Касьцёл з абваленай сьцяной

Будынак касьцёла не эксплюатаваўся з 1970-х гадоў. На пачатку 2000-х правялі мінімальную кансэрвацыю. Перакрылі дах. Пасьля абвалу сьцяны дах трымаецца на мэталічных канструкцыях.

«Лічыце, колькі гадоў ён прастаяў. І натуральна, што ўмовы надворʼя ў сёньняшняй Беларусі не спрыяюць захаваньню пабудоў, — тлумачыў прычыны абвалу сьцяны Ігар Савіцкі. — Гэта ўсё паўплывала на нясучыя канструкцыі. Пайшлі „гуляць“ калёны ўсярэдзіне, мелі месца канструктыўныя разбурэньні. У выніку каркас страціў сваю жорсткасьць, што прывяло да ссоўваньня ўчастку сьцяны і яе абрынаньня».

Жыхары Мсьціслава: Раней трэба было думаць

Жыхары Мсьціслава, зь якімі ўдалося пагутарыць каля пашкоджанага будынка, скептычна ставяцца да пэрспэктыў яго аднаўленьня.

«Гэты будынак на маёй памяці не выглядаў добра, і я ня веру, што яго ўратуюць, — казаў пяцідзесяцігадовы Сяргей, які зьвярнуў увагу, што карэспандэнт Свабоды фатаграфуе пашкоджаны помнік архітэктуры. — Каб будынак быў у якой вёсцы, дык на яго ніхто б не зьвярнуў увагі. А тут побач школы, дык ляманту нарабілі. Раней трэба было думаць».

Наступная суразмоўніца выказала турботу, што зь іхных невялікіх заробкаў будуць утрымліваць грошы на ратаваньне помніка архітэктуры, як тое было, калі горад рыхтавалі да Дажынак.

«Або мы вінаватыя, што сьцяна абрынулася? Дзе мы набяромся тых грошай? Мала з нас вытрасалі на Дажынкі», — казала жыхарка райцэнтру.

Кармэліцкі касьцёл на замку. У невялікай прыбудове моляцца мсьціслаўскія каталікі
Кармэліцкі касьцёл на замку. У невялікай прыбудове моляцца мсьціслаўскія каталікі

Езуіцкі касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла заклалі ў 1637 годзе. Узводзілі яго ў стылі віленскага барока. З 1842 году ў будынку — праваслаўная царква Сьвятога Мікалая Цудатворцы. З 1925 году храм зачынены. Пасьля Другой усясьветнай вайны ў касьцёле месьціўся Дом культуры, а ў кляштары — школа-інтэрнат для глуханямых дзяцей.

Каталіцкі сьвятар: Хаця б адну сьвятыню вярнулі

Мсьціслаўскія каталікі ўважаюць езуіцкі касьцёл за сваю сьвятыню, але прызнаюць, што іхная парафія не настолькі вялікая, каб брацца за адбудову. Свае набажэнствы яны ладзяць у кармэліцкім касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі. Там яны адрамантавалі невялікую прыбудову. Большая частка бажніцы пад замком.

«Безумоўна, хацелася б зьберагчы будынкі, але дзеля гэтага патрэбныя вялікія сродкі, а каталікоў у Мсьціславе жменька. Цяпер клопат, каб хоць бы адзін храм нам вярнулі, той, у якім молімся, ды дапамаглі яго адрамантаваць», — камэнтуе сытуацыю пробашч з Крычава Павал Адамовіч.

Кармэліцкі касьцёл звонку выглядае няблага, але цячэ дах
Кармэліцкі касьцёл звонку выглядае няблага, але цячэ дах

У самім касьцёле ад 1990-х гадоў стаяць рыштаваньні — як напамін пра часы, калі рэстаўратары ратавалі касьцёльныя фрэскі. Штогод на традыцыйнае сьвята сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст» касьцёл адчыняюць для турыстаў.

«Гэтыя рыштаваньні валяцца, і калі пад імі ходзяць турысты, я непакоюся, каб бяды не было, — дадае айцец Павал. — Пануе абыякавасьць. І колькі ўжо гаворак было — нічога не мяняецца».

Кармэліцкі манастыр заснавалі на пачатку 17 стагодзьдзя побач з Замкавой гарой. Пазьней узьвялі мураваны касьцёл. Тут у «Трубяцкой разьні» 22 ліпеня 1654 году маскоўцы забілі манахаў-кармэлітаў. Гэтай падзеі прысьвечаныя дзьве цэнтральныя фрэскі храма — «Узяцьце Мсьціслава маскоўцамі ў 1654 годзе» і «Забойства ксяндзоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG